Дзень у гісторыі: 23 жніўня. «Балтыйскі шлях». Пакт «Молатава-Рыбентропа». Нарадзіўся паэт Пімен Панчанка. Памёр журналіст Алесь Ліпай

Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі і яе ліквідацыі.

Адзначаецца з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з 1998 года.

23 жніўня 1791 году адбылося найбуйнейшае паўстанне рабоў на востраве Сан-Дамінга, сучасным Гаіці, які ў той час быў французскай калоніяй. 

Гэта падзея паклала пачатак выкаранення рабства. На 150-й сесіі выканаўчага савету ЮНЕСКА было прапанавана адзначаць яе штогод.

Дата пачатку паўстання і стала Міжнародным днём памяці ахвяр гандлю людзьмі і яго ліквідацыі.

1633 год. Крычаву было нададзенае Магдэбургскае права.

Горад атрымаў герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач з якім срэбны меч».

Прывілей на самакіраванне надаў Крычаву кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.

Крычаў упершыню згадваецца ў 1136 годзе.

Цяпер 26 тысячны горад – вялікі прамысловы цэнтр на ўсходзе Магілёўшчыны.

1847 год. Памёр Ян Чачот.

Паэт, фалькларыст, мовазнавец.

Выдаў 6 зборнікаў аўтэнтычных беларускіх народных песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале.

Упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу, зрабіў спробу ўнармавання беларускай граматыкі.

Беларускую мову называў «славянакрывіцкай мовай», шырока выкарыстоўваў выраз «Белая Русь».

За ўдзел у таемных студэнцкіх гуртках трапіў пад пераслед расійскіх уладаў. Быў высланы ў Сібір. У Беларусь вярнуўся толькі праз 9 гадоў.

1895 год. Памёр Міхал Андрыёлі.

Ілюстратар і мастак.

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. За яго трапіў у ссылку.

Ілюстраваў варшаўскія часопісы, падручнікі гісторыі, даведнікі.

Аўтар кампазіцыяў «Гедымін будуе Віленскі замак», «Смерць Кейстута», партрэтаў, помнікаў архітэктуры.

1917 год. Нарадзіўся Пімен Панчанка.

Народны паэт Беларусі.

Аўтар 31 зборніка паэзіі, кніг, літаратурна-крытычных артыкулаў, а таксама перакладаў твораў замежных літаратараў.

Пімена Панчанку называюць выкрывальнікам савецкай бюракратыі.

1938 год. Нарадзіўся Мікола Сташкевіч.

Гісторык.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, палітычных партый і грамадскіх рухаў Беларусі XIX-XX стагоддзяў, станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі.

1939 год: Паміж Гітлераўскай Германіяй і СССР падпісаны дагавор аб ненападзенні.

У гісторыі вядомы, як пакт «Молатава і Рыбентропа».

У тайным пратаколе да яго быў зацверджаны падзел Усходняй Еўропы. Да сфераў інтарэсаў СССР адносіліся Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, усходняя Польшча, Бесарабія.

1989 год. «Балтыйскі шлях».

2 мільёны грамадзян Латвіі, Літвы, Эстоніі, узяўшыся за рукі, сталі ўздоўж дарогі Вільнюс-Талін. Яе працягласць – 600 км.

«Балтыйскі шлях» быў арганізаваны ў 50-ю гадавіну падпісання Пакту «Молатава–Рыбентропа». 

Акцыяй рэспублікі савецкай Прыбалтыкі заявілі аб імкненні да аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту. Праз два гады гэта стала рэальнасцю.

1954 год. Памёр Васіль Русак.

Нацыянальны дзеяч, выдавец.

Удзельнік Беларускага вайсковага з’езду і Першага Ўсебеларускага кангрэсу.

Старшыня з’езду Случчыны, прэзідыуму Рады Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання, камандзір Другога Грозаўскага палка.

Кіраўнік Пражскага Беларускага нацыянальнага камітэту, выдавец і фундатар «Biełaruski śpieŭnik», «Iskry Skaryny».

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай, асуджаны на 10 гадоў. Памёр у ГУЛАГу.

2018 год. Памёр Алесь Ліпай.

Журналіст і паэт.

Заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (1991) і сайту «Беларускія навіны».

Кампанія БелаПАН разгромленая рэжымам Лукашэнкі. Ад 2021 году за кратамі трое калегаў Ліпая – Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў і Андрэй Аляксандраў.

Ліпай быў першым карэспандэнтам у Беларусі Радыё «Свабода».

Ён аўтар кніг паэзіі. У 1990-х гадах арганізаваў дастаўку ў Беларусь

звыш 1000 кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках.

У чэрвені 1996 году пад час вызвалення закладнікаў, захопленых у дзіцячым садку, узяў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягнуўшы тым самым ягоную ўвагу на сябе.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Дзень у гісторыі: 21 жніўня. Пражская вясна, у Чэхаславакію ўварваліся савецкія войскі. Нарадзіўся Макар Паслядовіч, які пераклаў на беларускую «Тараса Бульбу» і «Спартака». Міжнародны дзень памяці ахвярам тэрарызму

Міжнародны дзень памяці ахвяр тэрарызму. 

Адзначаецца з 2017 году і заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН, каб ахвяры тэрарызму маглі мець падтрымку і адстойваць свае правы.

1860 год. Памёр Канут Русецкі.

Мастак.

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Пісаў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны.

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі, Вільнюскай мастацкай галерэі, 3 вялікіх карціны – у кафедральным саборы св. Станіслава і св. Уладзіслава ў Вільнюсе, але значная частка твораў прапала.

На карціне «Літоўка з вербамі», якая экспануецца ў доме-музеі Ваньковічаў, дзяўчына ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёлу св. Міхала.

1906 год. Нарадзіўся Макар Паслядовіч.

Пісьменнік і перакладчык.

Аўтар зборнікаў апавяданняў на ваенную тэматыку, раманаў, кніг для дзяцей, дакументальных і гумарыстычных апавяданняў, літаратурных пародый, п’есаў.

Перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскіх, польскіх, рускіх пісьменнікаў. Сярод іх «Тарас Бульба» Мікалая Гогаля і «Спартак» Рафаэла Джаваньёлі.

Яго імем названа вуліца ў Мар’інай Горцы.

1908 год. Нарадзіўся Міхаіл Ельяшэвіч.

Фізік, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі.

Займаўся праблемамі спектраскапіі, фізікі плазмы, квантавай фізікі. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў мнагаатамных малекул.

1915 год. У Магілёве асела стаўка расійскага самадзержцы Мікалая ІІ.

Тады заходняя частка Беларусі была тэатрам ваенных дзеянняў І сусветнай вайны, а ўсходняя прыфрантавой тэрыторыяй, дзе перабывала шмат бежанцаў.

Расійскія ўлады абралі Магілёў для стаўкі галоўнакамандуючага, бо ён быў па-за фронтам і недалёка ад яго. Заставалася ў горадзе да 25 лютага 1918 году.

1931 год. Нарадзілася Юлія Канэ.

Літаратуразнаўца, перакладчыца.

Аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку па творчасці Янкі Брыля.

Перакладала на беларускую з рускай, армянскай і ідыш.

Суўкладальнік тома Шолам-Алейхема для серыі «Скарбы сусветнай літаратуры».

 

1968 год. «Пражская вясна».

Уварванне войскаў краінаў Варшаўскай Дамовы, на чале з Савецкім Саюзам, у Чэхаславакію, каб не дапусціць перамогі Пражскай вясны – працэсу ліберальна-дэмакратычных рэформаў, абвешчаных мясцовым лідарам кампартыі Аляксандрам Дубчакам. 

Грамадзяне выйшлі бараніць краіну. 72 чалавекі загінулі, сотні былі параненыя. У 1969 годзе ў Празе студэнты Ян Палах і Ян Заіц з інтэрвалам у месяц падпалілі сябе на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі. У 1969 Аляксандра Дубчака на пасадзе Генеральнага сакратара ЦК КПЧ змяніў савецкі стаўленік Густаў Гусак.

1979 год. Памёр Генадзь Кляўко.

Паэт, перакладчык, дзіцячы празаік, журналіст.

Перакладаў на беларускую мову творы замежных пісьменнікаў.

Аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, паэм, гумарыстычных вершаў і мініяцюр, дзіцячых вершаў.

Працаваў адказным сакратаром гумарыстычнага часопісу «Вожык», намеснікам галоўнага рэдактара часопісу «Полымя».

2019 год. Памёр Леанід Дайнека.

Адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Аўтар гістарычных раманаў пра часы Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды», «Назаві сына Канстанцінам». Зборнікаў вершаў. Некаторыя вершы пакладзены на музыку.

Працаваў у часопісе «Маладосць», выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Заснавальнік фірмаў «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў