Парушэнні санітарыі на кожным трэцім аб’екце – санслужба

Прэс-служба Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя канстатуе, што парушэнні санітарыі выяўлены на 28% з усіх правераных аб’ектаў, а колькасць звалак не менее.

За чатыры месяцы 2023 года санітарнымі службамі абследавана 22 274 тэрыторыі, аб’екты, парушэнні выяўляліся на 6 247 аб’ектах – гэта 28%. 

Па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні, у тым ліку паўторна, вынесена 79 пастаноў аб накладанні штрафу. Для ўстаранення парушэнняў кіраўнікам арганізацый выдадзена 975 прадпісанняў, рэкамендацый. Ліквідавана 207 несанкцыянаваных звалак. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 51 вінаватая асоба.

Як і ў прапярэднія гады парушаюцца правілы ўтрымання кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасова вывозяцца адкіды.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”

Усе міні-палігоны адыходаў зачыняць – абяцае Мінпрыроды трэці год запар

У Беларусі за 2023 год плануюць зачыніць усе міні-палігоны цвёрдых бытавых адыходаў – інфармуе БелТА са словаў супрацоўніцы Мінпрыроды Кацярыны Нясцюк.

У мінулым годзе па краіне быў рэкультываваны 61 міні-палігон і застаецца яшчэ 55. У планах міністэрства прадугледжана поўная іх ліквідацыя на працягу 2023 года. Але ж такія самыя мэты па закрыцці міні-палігонаў былі і два гады назад, калі Мінпрыроды абяцаў іх зачыніць да 31 снежня 2021 года.

Завод у Бабруйску так і не з’явіўся.

У жніўні 2021 года упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама анансавала будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў з заводамі па перапрацоўцы адыходаў – у Бабруйску, Магілёве і Крычаўскім раёне.

Першы з іх, завод у Бабруйску магутнасцю 100 000 тон для абслугоўваня горада, а таксама Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў павінен быў запрацаваць да 2022 года. Прайшло больш года, а завод так і не пачаў сваю дзейнасць. У жніўні 2022 года планы памяняліся і тэрміны ўвядзення адсунуліся на пачатак 2023 года – паведамляла “Звязда”.

Аналагічны бабруйскаму павінны з’явіцца заводы і ў Магілёве да 2025 года, у Крычаўскім раёне – да 2028 года, але аб ходзе выбару пляцоўкі, праектавання, будоўлі пакуль мала яснасці.

Вядома толькі, што магілёўскі завод будзе абслугоўваць сваю зону – абласны цэнтр, Бялыніцкі, Быхаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Круглянскі, Чавускі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны. Астатнія раёны вобласці на ўсходзе – Крычаўскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі – будуць свае адкіды перавозіць для перапрацоўкі пад Крычаў (за 30-70 км).

Фота мае ілюстрацыйны характар

Амаль паўтонны цвёрдых камунальных адыходаў прыходзілася на аднаго беларуса

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту летась кожны беларус пакінуў па сабе 425,7 кілаграмаў камунальнага смецця.

У параўнанні з 2017-ым, як падлічыў  Белстат, на адну душу насельніцтва Беларусі прыходзілася такога смецця менш – 401, 9 кілаграм.

Аб’ём жа адкідаў вытворчасці на аднаго беларуса вылічваецца ў тонах. У 2021 годзе іх было 6,7 тон. Чатырма гадамі раней – 5,9 тон.

фота: zviazda.by