На Магілёўшчыне вызначаюць “Дні цвярозасці” 2026 года

У Магілёўскай вобласці першымі ў краіне мясцовыя ўлады пачалі вызначаць даты правядзенне ў раёнах “Дзён цвярозасці”.

Своеасаблівае спаборніцтва паміж раёнамі вобласці разгарнулася па вызначэнні сёлетніх “Дзен цвярозасці”. Першым паспеў стаць Круглянскі раён. Там продаж спіртных напояў абмежаваны на працягу сутак 7 лютага (ужо прайшло) і 1 верасня, таксама 13 чэрвеня, калі ў школьнікаў будуць праводзіцца выпускныя вечары.

У Бабруйску антыалкагольныя акцыі пройдуць 26 сакавіка, 12 чэрвеня, 27 жніўня і 26 лістапада з 00:00 да 24:00.

Больш за ўсё пакуль “Дзён цвярозасці” на Шклоўшчыне. У гэтым раёне такімі днямі вызначаны ажно пяць – 7 красавіка, 25 і 29 траўня, 1 верасня і 12 чэрвеня, калі ў школьнікаў пройдзе “першы званок” і выпускныя вечары. У гэтыя дні продаж алкаголю будзе абмежаваны на працягу сутак.

А вось мсціслаўскія ўлады лічаць, што хопіць і двух “Дзён цвярозасці” ў год. Сёлета там такімі будуць 25 траўня і 1 верасня, то бок канец і пачатак навучальнага года.

Іншыя раёныы пакуль вызначаюцца, калі ў гэтым годзе абмежаваць продаж алкаголю ў гандлёвых кропках. Прычым гэтыя абмежаванні таксама не будуць распаўсюджвацца на продаж алкагольных напояў на разліў у аб’ектах грамадскага харчавання, а таксама рознічнымі гандлёвымі аб’ектамі для правядзення рытуальных абрадаў і вясельных урачыстасцяў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Савет пункта аховы правапарадку засядае ў музеі Касцюковічаў – адна наведвальніца ўжо закадзіравалася

У краязнаўчым музеі Касцюковічаў ёсць грамадска-палітычны цэнтр. Адтуль могуць накіраваць у ЛПП або працаўладкаваць.

У грамадска-палітычным цэнтры раённага краязнаўчага музея Касцюковічаў не радзей за адзін раз на месяц праходзяць пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку – СГПАП.

На іх, акрамя іншага, разглядаюцца паводзіны грамадзян, замешаных у сямейных скандалах, п’янстве і нават курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.

На апошнім пасяджэнні гэтага органа СГПАП пахваліўся тым, што адна жыхарка Касцюковічаў закадзіравалася, другая ўладкавалася на працу ў жылкамгас, а два мясцовых жыхары хутка адправяцца ў ЛПП.

СОПОП

Чаму такая спецыфічная камісія засядае ў музеі – незразумела. Да таго ж, мяркуючы па фотаздымках, у грамадска-палітычным цэнтры яшчэ і халодна.

Зрэшты, ёсць верагоднасць, што на здымках не члены камісіі, а грамадзяне з нізкай сацыяльнай адказнасцю, ужо апранутыя і гатовыя паехаць туды, куды іх накіруе СГПАП.

музей

Фота раённай газеты і museums.by.

Тэмпы росту вытворчасці зафіксаваны ў крычаўскага УКПП «Камунальнік»

Сумна вядомы крычаўскі «Камунальнік» нечакана аказаўся перадавым прадпрыемствам – прадпрыемства нарасціла тэмпы росту вытворчасці.

Яшчэ зусім нядаўна пралікі УКПП «Камунальнік» разглядала нават раённая газета. Прадпрыемства не крытыкаваў толькі лянівы – за праблемы з ацяпленнем, уборкай снегу і вывазам смецця. 

Аказалася, што пры ўсім гэтым «Камунальніку» ўдалося павысіць тэмпы росту вытворчасці – да 105,2 працэнта ў параўнанні з 2024 годам.

Разам з тым у 2025 годзе «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і спрабаваў правесці закупку на 2,4 мільёна рублёў, якую КДК прызнаў незаконнай.

Тым не менш у каментарыях крычаўскіх карыстальнікаў «Тік-тока» прыкметная цікавая тэндэнцыя – людзі абараняюць дырэктара прадпрыемства Мікіту Іноземцава.

Ёсць верагоднасць, што малады і энергічны кіраўнік аказаўся не да спадобы старой крычаўскай гвардыі – «дэпутатам-кандыдатам» усіх магчымых скліканняў.

Фота раённай газеты.

“Які снег? Улады знішчылі Крычаў!” – жыхары горада ў шаленстве

Крычаўляне, відаць, канчаткова расчараваліся ў мясцовай вертыкалі.

Платформа “Tik-Tok” стала месцам, дзе абураныя гарадскім бардаком жыхары Крычава масава выказваюць прэтэнзіі да ўладаў. 

А нядаўна да крытыкі УКПП «Камунальнік» далучыўся нават друкаваны орган райвыканкама. Газета «Крычаўскае жыццё», якая звычайна расхвальвае дасягненні, заклікала камунальнікаў да адказу за невывезенае смецце, якое разцягваюць па вуліцах бадзяжныя сабакі.

крычаў

Пры гэтым старшыня мясцовага савета «дэпутатаў» і адначасова кіраўніца крычаўскай брыгады «Белай Русі» днямі была ўзнагароджана памятным знакам «Залаты фонд», які ўручалі ў Магілёве самым актыўным партыйцам.

Гэтая ўзнагарода не першая: Ірына Віктараўна была ўзнагароджана дыпломам «Чалавек года Магілёўшчыны» ў 2020 годзе, а годам раней атрымала ганаровае званне «Чалавек года Крычаўскага раёна».

А ў 2024 годзе пасля ўзлому базы дадзеных беларускага КДБ было выяўлена вялікае пісьмо з крытыкай дзейнасці былога старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Сядукова. 

Аўтар даносу абвінаваціў старшыню ў тым, што той «забіў веру ў светлую будучыню».

У тым жа пісьме згадвалася і Пруднікава, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы свайго сына – кіраўніка раённай службы вневедамаснай аховы.

І вось Андрэя Сядукова змяніў Аляксей Шарай, а Ірына Пруднікава працягвае змагацца за светлую будучыню Крычава і атрымліваць узнагароды.

Рэакцыя Ірыны Віктараўны на любую з праблем, асабліва тых, што абвастрыліся ў апошні час, зводзіцца да пагрозы напісаць ліст у вышэйстаячую інстанцыю.

Выглядае гэта смешна, але ствараецца ўражанне, што раёнам кіруе зусім не Аляксей Шарай, а штатны «чалавек года» з “залатога фонда”. 

Не выпадкова ж Пруднікава аднойчы заявіла, што праз «Белую Русь» кожны можа ўплываць на сучаснасць і будучыню сваёй краіны. Яна і ўплывае. Прынамсі на дабрабыт сваёй сям’і і на хаос у Крычаве.