Цяжкаатлетка міжнароднага класа цяпер кантралёр у ЛПП пад Горкамі

Экс-зорка цяжкай атлетыкі Кацярына Шкуратава, дыскваліфікаваная за допінг, працуе кантралёрам у ЛПП №2 для жанчын пад Горкамі.

Былая ўдзельніца нацыянальнай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Кацярына Шкуратава сёння служыць у сістэме МУС, пішуць магілёўскія праваабаронцы. 39-гадовая спартсменка ў званні прапаршчыка ўнутранай службы працуе кантралёрам рэжымнага аддзела ў лячэбна-працоўным прафілакторыі №2 УДВП па Магілёўскай вобласці. Установа размешчана ў вёсцы Стараселле Горацкага раёна, недалёка ад пасёлка Леніна.

У мінулым Шкуратава ўваходзіла ў асноўны склад нацыянальнай каманды Беларусі і лічылася адной з вядучых цяжкаатлетак у катэгорыі звыш 75 кілаграмаў. На чэмпіянаце свету 2013 года яна заваявала бронзавы медаль.

Аднак ужо праз год спартсменка апынулася ў цэнтры допінгавага скандалу: у яе допінг-пробе выявілі станазалол. Узнагароду анулявалі, а з улікам таго, што гэта было паўторнае парушэнне антыдопінгавых правілаў, Шкуратаву дыскваліфікавалі пажыццёва.

Пасля гэтага яе спартыўная кар’ера фактычна завяршылася. Цяпер былую спартсменку можна сустрэць ужо не на памосце, а на службе ў сістэме выканання пакаранняў.

ЛПП №2, дзе працуе Шкуратава, у 2003 годзе перапрафілявалі з папраўчай калоніі. Сёння ўстанова разлічана прыкладна на 300 жанчын і спецыялізуецца на швейнай вытворчасці. Там шыюць рабочую і камуфляжную вопратку, а таксама пасцельныя прыналежнасці.

Фотаздымак: Mayday

Савет пункта аховы правапарадку засядае ў музеі Касцюковічаў – адна наведвальніца ўжо закадзіравалася

У краязнаўчым музеі Касцюковічаў ёсць грамадска-палітычны цэнтр. Адтуль могуць накіраваць у ЛПП або працаўладкаваць.

У грамадска-палітычным цэнтры раённага краязнаўчага музея Касцюковічаў не радзей за адзін раз на месяц праходзяць пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку – СГПАП.

На іх, акрамя іншага, разглядаюцца паводзіны грамадзян, замешаных у сямейных скандалах, п’янстве і нават курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.

На апошнім пасяджэнні гэтага органа СГПАП пахваліўся тым, што адна жыхарка Касцюковічаў закадзіравалася, другая ўладкавалася на працу ў жылкамгас, а два мясцовых жыхары хутка адправяцца ў ЛПП.

СОПОП

Чаму такая спецыфічная камісія засядае ў музеі – незразумела. Да таго ж, мяркуючы па фотаздымках, у грамадска-палітычным цэнтры яшчэ і халодна.

Зрэшты, ёсць верагоднасць, што на здымках не члены камісіі, а грамадзяне з нізкай сацыяльнай адказнасцю, ужо апранутыя і гатовыя паехаць туды, куды іх накіруе СГПАП.

музей

Фота раённай газеты і museums.by.