Агуркі з Індыі выратавалі асіповіцкі завод: як рамонт даху падвоіў вытворчасць кансерваў

Агуркі з другога канца свету, фарбаванне фасада і свежыя булачкі стварылі эканамічны цуд на асіповіцкім кансервавым заводзе.

Асіповіцкі кансервавы завод зноў з’явіўся ў навінах. Раённыя журналісты, не хаваючы захаплення, паведамляюць: за чатыры гады прадпрыемства выбралася з поўнага калапсу і падвоіла аб’ём вытворчасці. Сакрэт поспеху? Інтрыга трымаецца да апошняга абзаца. Гэта… Рамонт фасадаў і штодзённыя булачкі для рабочых.

Гісторыя, якую лепш не ўспамінаць

Яшчэ ў 2013 годзе на заводзе казалі «працуем стабільна» – і гэта была прыкладна тая ж праўда, што «адчуваю сябе нармальна» ў чалавека з гіпсам на абедзвюх нагах. Прадпрыемства, заснаванае яшчэ ў 1947 годзе, гадамі ішло да таго, каб апынуцца на працэдуры санацыі. Абсталяванне прастойвала, калектыў разбягаўся – людзі шукалі заробак у іншых месцах. Карацей, кансерваваць уласныя страты завод навучыўся лепш, чым таматы.

Пяць гадоў таму прадпрыемства знаходзілася ў самым разгары санацыі – так называюць у Беларусі разнавіднасць агоніі. Аднак завод усё ж выжыў.

Рэцэпт падваення

Дык вось, вытворчасць вырасла ўдвая. За кошт чаго?

Пералічваем дасягненні:

  1. Праведзены рамонт фасадаў і дахаў будынкаў вытворчага цэха і складскіх памяшканняў.
  2. Адрамантаваны пад’яздныя шляхі.
  3. Цяпер вядзецца касметычны рамонт адміністрацыйнага будынка.
  4. Уведзены ў эксплуатацыю новыя лініі ўпакоўкі 0,5 і 3 літры.

Добра хоць тое, што сярод рамонту ганка і фарбавання сцен ёсць сапраўднае тэхналагічнае дасягненне – новыя лініі. Праўда, і тут свае цікавыя нюансы.

Незвычайная тэхналогія: агуркі-падарожнікі

Асаблівай увагі заслугоўвае кулінарнае ноу-хау, якое на асіповіцкім заводзе падаецца як «незвычайная тэхналогія». Узімку завод вырабляе марынаваныя агуркі-карнішоны. Гучыць па-беларуску. Аднак агуркі едуць з Індыі.

Салёныя агуркі ў якасці паўфабрыкату закупляюцца на другім канцы свету, затым праходзяць «спецыяльную апрацоўку» ў Асіповічах і ўрачыста закладваюцца ў банкі.

Гэта «хоць і звыкла многім беларускім кансервавым заводам», але ўсё ж дасягненне: кансервавы завод, які закупляе кансерваваную гародніну за мяжой, каб закансерваваць яе яшчэ раз.

Сацпакет як канкурэнтная перавага

Асобны гонар завода – клопат пра супрацоўнікаў. Паведамляецца, што «кіраўніцтва прадпрыемства супрацоўнічае з мясцовым хлебазаводам і штодня набывае свежую выпечку, каб работнікі маглі своечасова падсілкавацца падчас тэхнічнага перапынку».

Цяжка паверыць у тое, што калі пяць гадоў таму людзі беглі з завода ў пошуках заробку, то цяпер іх утрымлівае пах свежай здобы.

Далей усё будзе яшчэ лепш. Продаж прадукцыі насельніцтву ў розніцу «пакуль немагчымы», але плануецца адкрыць фірмовы магазін. Пакуль што пакупнікамі застаюцца школьныя сталовыя, бальніцы і сілавыя структуры. Гэта значыць тыя, у каго выбару асабліва няма.

Зрэшты, асіповіцкі кансервавы завод жывы і працуе. Гэта сама па сабе добрая навіна для аднаго з райцэнтраў, у якіх падобныя прадпрыемствы маюць уласцівасць не выжываць.

Фота раённай газеты.

Тэмпы росту вытворчасці зафіксаваны ў крычаўскага УКПП «Камунальнік»

Сумна вядомы крычаўскі «Камунальнік» нечакана аказаўся перадавым прадпрыемствам – прадпрыемства нарасціла тэмпы росту вытворчасці.

Яшчэ зусім нядаўна пралікі УКПП «Камунальнік» разглядала нават раённая газета. Прадпрыемства не крытыкаваў толькі лянівы – за праблемы з ацяпленнем, уборкай снегу і вывазам смецця. 

Аказалася, што пры ўсім гэтым «Камунальніку» ўдалося павысіць тэмпы росту вытворчасці – да 105,2 працэнта ў параўнанні з 2024 годам.

Разам з тым у 2025 годзе «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і спрабаваў правесці закупку на 2,4 мільёна рублёў, якую КДК прызнаў незаконнай.

Тым не менш у каментарыях крычаўскіх карыстальнікаў «Тік-тока» прыкметная цікавая тэндэнцыя – людзі абараняюць дырэктара прадпрыемства Мікіту Іноземцава.

Ёсць верагоднасць, што малады і энергічны кіраўнік аказаўся не да спадобы старой крычаўскай гвардыі – «дэпутатам-кандыдатам» усіх магчымых скліканняў.

Фота раённай газеты.

Улады Чэрыкава павялічылі аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі. На паперы

Перамяшаўшы статыстычныя дадзеныя, «моцныя гаспадарнікі» Чэрыкаўшчыны зрабілі выгадныя для сябе высновы.

У Чэрыкаўскім раёне аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2025 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2024 годам у супастаўных цэнах амаль на дванаццаць працэнтаў.

Пераможная статыстыка выглядае так:

  • збожжа ў 2025 годзе выраблена 26,1 тысячы тон або на 32,5 працэнта больш, чым у 2024 годзе;
  • яго ўраджайнасць склала 22 цэнтнеры з аднаго гектара, у 2024 годзе – 16,6 цэнтнера;
  • у 2025 годзе рэалізавана жывёлы і птушкі на забой 3,1 тысячы тон або на 21,8 працэнта больш, чым у 2024 годзе.

Пагадзіцеся – паўсюль відавочны рост. А цяпер малако:

  • яго выраблена 10,5 тысячы тон,
  • рэалізавана па ўсіх каналах збыту 9,3 тысячы тон.
  • удзельная вага рэалізаванага малака ў агульным аб’ёме яго вытворчасці склала 89 працэнтаў.

Праблема толькі ў тым, што ў выпадку з малаком параўнанне з мінулым годам знікае.

Няма параўнальных паказчыкаў і па скаціне. Проста паведамляецца, што колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на 1 студзеня 2026 года склала 7,8 тысячы галоў, у тым ліку кароў – 3,1 тысячы галоў.

Пра тое, колькі галоў было ў мінулым годзе, улады далікатна маўчаць і паведамляюць толькі пра тое, колькі рагуль у іх выжыла на пачатак года.

Узнікае пытанне: калі малака, мяса і хлеба ў крамах пакуль хапае, навошта хітраваць і выкручвацца?

Тут усё проста. Дэманстрацыя няўхільнага росту для беларускай эканамічнай мадэлі важнейшая, чым сам рост.

А што ў рэчаіснасці?  Пра яе найлепш распавяла пракуратура, якая ўсяго пару дзён таму выявіла шматлікія парушэнні ва ўтрыманні БРЖ на ферме ў Чэрыкаўскім раёне.

У якую са справаздач унесці гэты бардак?

Фота: БелТА.

У бабруйскім зефіры знайшлі трэскі і гэта аказалася экалагічна

Знойдзеныя ў зефіры кавалачкі дрэва бабруйскія вытворцы патлумачылі тэхналогіяй.

Жанчына ласавалася бабруйскім зефірам і выявіла ў ім трэскі. Пра сваю знаходку яна расказала ў Threads. Высветлілася, што і іншыя карыстальнікі сацыяльнай сеткі сутыкаліся з падобнай праблемай і ведаюць прычыну з’яўлення трэскаў у зефіры. 

Уся справа – ў тэхналогіі, якая разлічана на тое, каб захаваць натуральны смак і водар зефіру. Яго на «Красном пищевике» вытрымліваюць на сасновых дошках, і іх часцінкі могуць трапляць у прадукт. Пластык і метал не выкарыстоўваюцца.

Гэта ж пацвердзілі і вытворцы, якія аператыўна папрасілі прабачэння за дапушчаны пракол.

Фота Threads.

Яйкі пад кантролем – “Раманавічы” запускаюць кітайскую сартавальную лінію

Павелічэнне пагалоўя птушкі і рост аб’ёмаў прадукцыі вымусілі магілёўскую кампанію шукаць новыя рашэнні – імі сталі тэхналагічныя навінкі з Кітая.

Птушкафабрыка «Раманавічы» заключыла серыю пагадненняў з кітайскімі кампаніямі. Гэтыя дамоўленасці накіраваны на мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне лагістыкі і павышэнне эфектыўнасці асноўных тэхналагічных працэсаў, паведамляе газета “Прыдняпроўская Ніва”.

Адзін з ключавых элементаў супрацоўніцтва — закупка спецыяльнай машыны для перавозкі сутачных куранят. Новы транспарт разлічаны на 60 000 галоў і мае інтэлектуальную сістэму падтрымання мікраклімату.

Сістэма забяспечвае кантроль тэмпературы, вільготнасці і вентыляцыі падчас усёй паездкі. Герметычныя камеры гарантуць біябяспеку – кураняты абароненыя ад інфекцый і стрэсу, што павышае іх выжывальнасць.

Пастаўка аўтамабіля запланаваная ўжо на чэрвень 2025 года.

Другі важны крок – набыццё сучаснай сартавальнай лініі для яек. 

Кітайская сістэма аўтаматычна вызначае памер, маркіруе і ўпакоўвае яйкі. Яе прадукцыйнасць значна перавышае існуючыя магчымасці, што дазволіць бесперашкодна працаваць з вялікімі партыямі прадукцыі.

Акрамя новых закупак, на фабрыцы ідзе актыўнае абнаўленне ўжо існуючага абсталявання. У сувязі з ростам нагрузкі частка вузлоў патрабуе замены.

Усё выглядае прыгожа. Пра дэталі ўгоды не паведамляецца – камерцыйны сакрэт. Аднак не варта забываць, што кітайцы дабрачыннасцю не займаюцца і сваёй выгады не выпусцяць ніколі. Таму вельмі цікава: што пакажа падлік куранят па восені?

Фота: “Прыдняпроўская Ніва”.