Рэспубліканскі рух па добраўпарадкаванні ўсяго недобраўпарадкаванага набірае сілу, і клімавіцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» да яго далучылася.
Тры актывісткі кішэннай структуры рэжыму пафарбавалі горкі, турнікі і арэлі дзіцячай пляцоўкі ў двары дома № 123 на вуліцы Леніна.
Дзе быў у гэты час другі бок сумеснага праекта – невядома. Магчыма, актывісткі працуюць у мясцовай ЖКГ, і тады пазлы галаваломкі сыходзяцца.
У суседнім Крычаўскім раёне таксама нядаўна прайшла сумесная акцыя па рамонце дзіцячых пляцовак. Праўда, там у ЖКГ быў іншы партнёр – абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Вось ужо дзе ўзаемадзеянне было сапраўды эфектыўным – камунальнікі імгненна навялі парадак на дзіцячых пляцоўках, дзе сам чорт мог бы нагу зламаць.
Магілёўскія актывісты «Белай Русі» ездзілі ў Мінск, каб набрацца інтэлекту і сінэргіі.
Актывісты Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» сталі ўдзельнікамі форуму «Беларусь інтэлектуальная» і паразмаўлялі пра:
тэхналагічнае лідарства;
здаровую нацыю;
харчовую бяспеку;
захаванне гістарычнай праўды.
Па сутнасці, актывісты кішэннай партыі рэжыму абмяркоўвалі тое, чаго не існуе ў прыродзе Беларусі, а сам з’езд больш нагадваў сход сацыялістаў-утапістаў.
Цалкам прадказальна, што і высновы, да якіх прыйшлі ўдзельнікі мерапрыемства, не патрабавалі ад іх празмерных інтэлектуальных здольнасцяў.
Напрыклад, старшыня Чавускай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ганна Падворная пасля форуму ўсвядоміла, што «толькі сінэргія ўсіх сіл можа прывесці да значных зменаў».
Варта адзначыць, што сінэргія ў коле прыхільнікаў Лукашэнкі даўно карыстаецца папулярнасцю: гэта калі ніхто не разумее, хто менавіта будзе працаваць і хто будзе адказваць за вынікі прпацы.
У Магілёве шмат асфальта, бетона, тратуарнай пліткі, будынкаў, якія назапашваюць цеплыню днём і аддаюць яе ноччу. У выніку ўвечары замест палёгкі і прахалоды жыхары горада адчуваюць душнае гарачае паветра, якое замінае сну і аднаўленню сіл. Працяглыя хвалі спякоты ў такіх умовах могуць прывесці да перагрэву арганізма, абязводжванню ці абвастрэнню сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Гэта радкі са зварота, які размясціў у сваім Тэлеграм-канале “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” яго аўтар, жыхар абласнога цэнтра, якога завуць Мікіта. Мікіта падрыхтаваў петыцыю ў праектную ўстанову “Магілёўграмадзянпраект”. За прыклад ён прапанаваў узяць вопыт еўрапейскіх гарадоў, якія ўлічваюць змены клімата ў апошнія гады і перайшлі на новы падыход да арганізацыі магістральных шляхоў. Калі раней яны праектаваліся ў першую чаргу так, каб забяспечыць вялікі транспартны трафік, то цяпер усё больш увагі надаецца наяўнасці на вуліцах зялёных пасадак. Вось некаторыя прыклады з Варшавы, якія прыводзіць аўтар блога.
А вось як выглядаў Магілёў яшчэ зусім нядаўна – у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Як жа ён выглядае цяпер – вы і самі бачыце, сумна іранізуе аўтар.
Запыт Мікіты, аўтара “Блога гарадскога актывіста з Магілёва” ў “Магілёўграмадзянпраект” канцэнтруецца на агульных праблемах прекціроўкі будучых гарадскіх вуліц, таму што тое, што назіраецца ў горадзе зараз, відавочна ігнаруе як сусветныя тэндэнцыі, так і змену клімату. Застаецца спадзявацца, што адказ магілёўскаму актывісту не акажацца чарговай адпіскай.
Канал “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” апублікаваў вынік калектыўнага зварота грамадзян у магілёўскі гарвыканкам. Нераўнадушныя грамадзяне, усхваляваныя наступствамі ліпеньскага ўрагану, запытваліся ў профільных служб гарадской адміністрацыі, як арганізавана праца па азеляненні Магілёва. Яны прапанавалі абследаваць дрэвы старэйшыя за 40 гадоў, распрацаваць праграму кампенсацыйнага азелянення, весці адкрыты рэестр зялёных насаджэнняў і прыцягваць да працы спецыялістаў-арбарыстаў.
У адказ яны атрымалі дакумент на трох старонках, у якім утрымлівалася шмат агульных фраз і спасылак на законы, але ключавыя пытанні проста праігнараваны. Так, без адказу засталіся такія пытанні:
Колькі ў горадзе спецыялістаў (арбарыстаў, дэндролагаў, фітапатолагаў)?
Ці будзе створана праграма кампенсацыйнага азелянення?
Ці будзе весціся рэестр дрэў?
Як плануецца вырашаць праблему старых аварыйных дрэў?
Больш за тое – гаворыцца ў паведамленні гарадскога актывіста – у адказе гарвыканкама прыведзены спасылкі на нарматывы, якія даўно страцілі сілу. Гэта значыць, грамадзянам афіцыйна даюць інфармацыю, заснаваную на дакументах, якія не дзейнічаюць. Гэта не проста памылка – гэта ставіць пад сумнеў кампетэнцыю супрацоўнікаў, якія рыхтавалі адказ, і службовых асоб «Магілёўзеленбуда».
Аўтар звароту паабяцаў накіраваць скаргу на гарвыканкам у абласны выканаўчы камітэт.