Канал “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” апублікаваў вынік калектыўнага зварота грамадзян у магілёўскі гарвыканкам. Нераўнадушныя грамадзяне, усхваляваныя наступствамі ліпеньскага ўрагану, запытваліся ў профільных служб гарадской адміністрацыі, як арганізавана праца па азеляненні Магілёва. Яны прапанавалі абследаваць дрэвы старэйшыя за 40 гадоў, распрацаваць праграму кампенсацыйнага азелянення, весці адкрыты рэестр зялёных насаджэнняў і прыцягваць да працы спецыялістаў-арбарыстаў.
У адказ яны атрымалі дакумент на трох старонках, у якім утрымлівалася шмат агульных фраз і спасылак на законы, але ключавыя пытанні проста праігнараваны. Так, без адказу засталіся такія пытанні:
- Колькі ў горадзе спецыялістаў (арбарыстаў, дэндролагаў, фітапатолагаў)?
- Ці будзе створана праграма кампенсацыйнага азелянення?
- Ці будзе весціся рэестр дрэў?
- Як плануецца вырашаць праблему старых аварыйных дрэў?
Больш за тое – гаворыцца ў паведамленні гарадскога актывіста – у адказе гарвыканкама прыведзены спасылкі на нарматывы, якія даўно страцілі сілу. Гэта значыць, грамадзянам афіцыйна даюць інфармацыю, заснаваную на дакументах, якія не дзейнічаюць. Гэта не проста памылка – гэта ставіць пад сумнеў кампетэнцыю супрацоўнікаў, якія рыхтавалі адказ, і службовых асоб «Магілёўзеленбуда».
Аўтар звароту паабяцаў накіраваць скаргу на гарвыканкам у абласны выканаўчы камітэт.

Фота з адкрытых крыніц