Мебелайн

Магілёўскі “Мебелайн” коштам каля 100 мільёнаў еўра прадалі за 1€

Літоўская група SBA яшчэ ў маі 2025 года перадала свой магілёўскі мэблевы завод «Мебелайн» грамадзяніну Беларусі за адзін еўра. Пра здзелку стала вядома толькі цяпер. За 12 гадоў працы ў СЭЗ «Магілёў» інвестары ўклалі ў прадпрыемства каля 47 мільёнаў еўра – і выйшлі, спісаўшы ўсё ў страты.

З Літвы ў СЭЗ «Магілёў»

Інвестыцыйнае пагадненне аб будаўніцтве «Мебелайна» ўрад Беларусі і SBA падпісалі ў лютым 2011 года. У ліпені 2013 года літоўцы сумесна з канцэрнам VMG урачыста адкрылі ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» індустрыяльны мэблевы комплекс коштам 325 мільёнаў літаў – каля 94 мільёнаў еўра па тагачасным курсе. Праект тады называлі адной з найбуйнейшых замежных інвестыцый у Беларусь: старшыня праўлення VMG Сігітас Паўлаўскас заяўляў, што «ўпершыню аб’яднаны настолькі шматлікія міжнародныя прадпрымальніцка-фінансавыя сілы».

На заводзе, які выйшаў на поўную магутнасць да 2015 года, выраблялі корпусную мэблю са шпону – гарнітуры для гасціных і спальняў, камоды, сталы, паліцы. Прадукцыя пастаўлялася ў крамы IKEA ў Еўропе і Расіі. Да 2019 года «Мебелайн» выпускаў прадукцыі на 70 мільёнаў еўра за год.

Сыход IKEA і замарозка

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, IKEA спыніла працу і ў Беларусі, і ў Расіі. Гэта стала прысудам двум найбуйнейшым дрэваапрацоўчым вытворчасцям з літоўскімі інвестыцыямі ў краіне – магілёўскаму «Мебелайну» SBA і тром фабрыкам канцэрна VMG у той жа СЭЗ. Усе яны першапачаткова будаваліся пад шведскага заказчыка.

Паводле справаздачы SBA за 2025 год, у 2022 годзе група ўзяла на сябе крэдыт «Мебелайна» перад Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ў памеры 15,98 мільёна еўра і абавязалася вярнуць 6,9 мільёна. У лютым 2025 года SBA датэрмінова выплаціла ЕБРР 4,5 мільёна еўра і яшчэ 87 тысяч еўра працэнтаў, пасля чаго банк спісаў рэшту доўгу. Адначасова, яшчэ ў канцы 2022 года, усе інвестыцыі ў магілёўскі актыў былі спісаныя ў страты.

Продаж за адзін еўра

8 мая 2025 года акцыі літоўскай холдынгавай кампаніі Industrial Investment International, праз якую SBA валодала 99,99 % «Мебелайна», перайшлі да кампаніі Pinx Assets са свабоднай эканамічнай зоны Дубая. Пра здзелку стала вядома толькі на гэтым тыдні – пасля публікацый у літоўскіх і беларускіх СМІ.

Паводле паведамлення SBA, пакупніком стаў грамадзянін Беларусі – былы супрацоўнік групы і адзін з кіраўнікоў самога «Мебелайна». Імя віцэ-прэзідэнт SBA Ёланта Грашэне публічна не назвала. Цяперашнім дырэктарам завода значыцца Ларыса Іванова (на фота), да яе прадпрыемствам кіраваў Цімафей Кузьмініч.

Цана здзелкі – адзін еўра

Літоўскі бок растлумачыў такое рашэнне проста: «Нарматыўна-прававое асяроддзе ў Беларусі зрабіла іншыя варыянты выхаду з бізнесу немагчымымі». Продаж, паводле прадстаўнікоў SBA, «зацягвалі жорсткія абмежаванні з боку Мінска». Збанкрутаваць «Мебелайн» у Беларусі група таксама не змагла – у беларускіх рэестрах прадпрыемства сярод тых, што праходзяць працэдуру банкруцтва, не значыцца.

Што засталося Магілёву

Цяпер, паводле даных на сакавік 2026 года, «Мебелайн» працуе на 20 працэнтаў сваёй магутнасці. Гэтага хапае, каб не працаваць у мінус, забяспечваць мінімальную маржу і падтрымліваць асноўныя працэсы. Асноўны рынак збыту змяніўся з IKEA ў Еўропе на Расію – туды ідзе 60 % экспарту; астатняе – у Казахстан, Узбекістан і Туркменістан.

За 12 гадоў магілёўскі «Мебелайн» прайшоў шлях ад аднаго з найбуйнейшых літоўскіх інвестыцыйных праектаў у Беларусі да прадпрыемства коштам у адну манету.

Сорак сем мільёнаў еўра прамых укладанняў, крэдыт ЕБРР, асобная пляцоўка ў СЭЗ, паказальнае адкрыццё з чыноўнікамі і амбасадамі – усё гэта ў выніку памножылася на адзін і праз ААЭ перайшло мясцоваму менеджменту.

Фармулёўка літоўскіх інвестараў пра «нарматыўна-прававое асяроддзе» – самая стрыманая з усіх магчымых.

Але навошта нам карыстацца дыпламатычнай мовай? Завод у літоўцаў папросту адціснулі. Імя грамадзяніна Беларусі, які выклаў за прадпрыемства адзін еўра, не раскрываецца.

Але гэта – сакрэт Палішынэля. Шчасліўчыка ведае, напрыклад, кіраўнік СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка. Ведае, але не назаве. Зона ж у Марыненкі свабодная, і гадаваць у ёй алігархаў-апаратчыкаў можна свабодна, а галоўнае – беспакарана.

Фота з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва