У Магілёве ёсць “спецназ” з сямі чалавек. Яны прыцягваюць інвестыцыі

За дзесяць гадоў існавання квазідзяржаўная структура пры магілёўскім аблвыканкаме адкрыла кітайскі рэстаран, майнінгавую ферму ў Крычаве і паставіла 9 тон марожанага ў Кітай.

Дырэктар Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця Яўген Якімаў расказаў пра тое, што ўзначаленая ім структура – адзіная ў сваім родзе, працуе як «атрад спецыяльнага прызначэння з сямі чалавек», зарабляе сама, суправаджае інвестараў «у рэжыме аднаго акна» і выступае «мостам» паміж уладай і бізнесам.

Аднаго ў яго разгорнутым інтэрв’ю не аказалася галоўнага – лічбаў. Колькі менавіта інвестыцый агенцтва прыцягнула ў вобласць за дзесяць гадоў існавання, колькі працоўных месцаў створана, які аб’ём падаткаў прынеслі суправаджаныя праекты? А пытанні гэтыя далёка не святочныя, таму што Магілёўшчына сёння – адна з самых праблемных абласцей краіны.

Поспехі магілёўскага “атрада спецыяльнага прызначэння”

Па выніках 2025 года рэгіён выканаў толькі шэсць з дзевяці мэтавых паказчыкаў, устаноўленых урадам, а валавая рэгіянальная прадукцыя вырасла ўсяго на 0,1 працэнта – пры агульнарэспубліканскім росце ВУП у 1,3 працэнта.

Аб’ём прамысловай вытворчасці ў вобласці ўпаў за год на 3,9 працэнта, складскія запасы пры гэтым выраслі на 45 працэнтаў – да 928 мільёнаў рублёў.

Экспарт тавараў знізіўся на 2,9 працэнта да 2,2 мільярда долараў, экспарт паслуг – на 6,3 працэнта.

У студзені 2026 года прамысловасць паказала тэмп 93,2 працэнта – гэта значыць правал працягнуўся.

Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка наўпрост прызнаў, што шэраг раёнаў, уключаючы Крычаўскі, Краснапольскі і Магілёўскі, выканалі менш паловы сярэдніх паказчыкаў па вобласці. Незалежныя назіральнікі ўжо параўноўваюць рэгіён з хранічна стратнай Віцебскай вобласцю.

Адзіныя ў краіне

На гэтым змрочным фоне бадзёрыя справаздачы пра «поспехі» агенцтва – адкрыццё аднаго кітайскага рэстарана ў Магілёве, пастаўка 9 тон марожанага ў правінцыю Хэнань, майнінгавая ферма ў Крычаве – выглядаюць, мякка кажучы, несувымерна маштабу задач.

Калі гэта дзесяцігадовы вынік «адзінай у краіне» рэгіянальнай структуры па прыцягненні інвестыцый, то ўзнікае пытанне: у чым менавіта яе ўнікальнасць?

Унікальнасць, відаць, у іншым – у самой інстытуцыйнай канструкцыі. МАРР – гэта адкрытае акцыянернае таварыства са стопрацэнтным дзяржаўным капіталам, заснаванае аблвыканкамам.

У чым унікальнасць агенцтва?

Чыноўнікі там фармальна не працуюць, заробак як чыноўнікі не атрымліваюць. Але паслугі – суправаджэнне інвестараў, бізнес-планы, маркетынгавыя даследаванні, арэнда ў «бізнес-інкубатары» – аказваюцца за грошы. І тут узнікае адразу некалькі нязручных пытанняў:

  1. Сумленная гэта канкурэнцыя з прыватным сектарам? Роўна тыя ж паслугі – кансалтынг, юрыдычнае суправаджэнне здзелак, маркетынгавыя даследаванні – на рынку аказваюць прыватныя кампаніі. Але ў іх за спінай няма аблвыканкама. Інвестар, які прыходзіць «у агенцтва пры вобласці», купляе па рынкавым прайсе нефармальны адміністрацыйны рэсурс, які прыватнік прапанаваць фізічна не можа.
  2. Дзе мяжа паміж дзяржфункцыяй і камерцыяй? Прыцягненне інвестыцый у рэгіён – гэта прамая задача ўлады, на якую ўжо выдзяляюцца бюджэтныя грошы праз аддзелы эканомікі выканкамаў, праграму «Адзін раён – адзін праект», Указ №235 па паўднёва-ўсходнім рэгіёне. Калі адначасова існуе ААТ, якое бярэ грошы за тую ж дзейнасць, узнікае падвойная аплата адной і той жа працы – спачатку праз падаткі, потым праз рахунак ад агенцтва.
  3. Наколькі ўсё гэта празрыста? ААТ з дзяржаўнай доляй не абавязана адчытвацца перад публікай так, як бюджэтная ўстанова. Публічных паўнамоцтваў – амаль як у дзяржоргана, а раскрыцця фінансаў – як у камерсанта. Менавіта таму ў вялікім інтэрв’ю дырэктара няма ні аб’ёму прыцягнутых інвестыцый, ні выручкі агенцтва, ні структуры даходаў. Ёсць «дзясяткі суб’ектаў малога прадпрымальніцтва» ў інкубатары, «больш за 40 дагавораў на суправаджэнне» і агульныя словы пра «каталізатар эканамічных працэсаў».

Пытанне, уласна кажучы, простае. Калі агенцтва працуе ўжо дзясяты год і з’яўляецца «ўнікальным інструментам», лагічна чакаць, што рэгіён пад яго суправаджэннем будзе калі не ў лідарах, то хаця б у моцных сярэдняках. Але Магілёўшчына – у антылідарах, з падаючай прамысловасцю, прасядаючым экспартам і перапоўненымі складамі.

Або інструмент не працуе, або працуе не на тое, што дэкларуе. 

У любым з гэтых выпадкаў рыторыка пра «атрад спецыяльнага прызначэння», «буцікавы падыход» і «мост паміж дзяржавай і бізнесам» – казкі пра белага бычка для апраўдання сэнсу існавання яшчэ адной магілёўскай кармушкі для чыноўнікаў.

Фото “Беларусь Сегодня”.

Клімавічы будучыні: робаты, датчыкі і ўдвая больш свіней

У Клімавіцкім раёне будуецца свінагадоўчы комплекс, які пераверне ўяўленні магілёўцаў пра прагрэс. Усё аўтаматызавана, усё ў анлайне. І свіней у раёне стане ў два разы больш.

Лічбавізацыя прыйшла ў вёску дзякуючы прэферэнцыям указа Лукашэнкі «Аб мерах па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці».

Тры гады таму ў Клімавіцкім раёне ўжо запрацаваў рэпрадуктар на 3,6 тысячы свінаматак. Цяпер дабудоўваюць другую чаргу – комплекс па адкорме на 51 тысячу галоў у год.

Гатоўнасць 85 працэнтаў, увядзенне – чэрвень бягучага года. Калі пагалоўе свіней у раёне падвоіцца, вытворчасць свініны павялічыцца ў чатыры разы.

Праўда, усё гэта толькі планы. Калі абапірацца на факты, можна канстатаваць, што з кожным годам на Магілёўшчыне кратна павялічваюцца зусім не пагалоўі кароў і свіней, а абяцанні ўладаў.

Фота: “СБ”.

Кіраўнік СЭЗ “Магілёў” адкрыў спосаб эфектыўнай вытворчасці – гэта беражлівасць

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка расказаў, як павысіць прадукцыйнасць працы, не ўкладваючы вялікія сродкі. Прасвятленне прыйшло да Марыненкі на дваццаць трэцім годзе існавання структуры.
У аблвыканкаме прайшоў семінар па беражлівай вытворчасці для рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў».
Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка адзначыў, што “цікавасць рэзідэнтаў да тэмы беражлівай вытворчасці ёсць, таму на працягу двух гадоў вялася работа з нацыянальнымі экспертамі, і з’явілася свайго роду школа практыкаў беражлівай вытворчасці ў рэгіёне”.
Дасягненне ўражвае сваёй маштабнасцю, асабліва калі ўлічваць тое, што
СЭЗ «Магілёў» створана яшчэ 31 студзеня 2002 года.
Галоўная мэта свабоднай эканамічнай зоны – прыцягненне замежных і нацыянальных інвестыцый. Аднак карысць ад структуры, якую ўзначальвае Марыненка, можна вымераць не мільярдамі прыцягнутых інвестыцый, а колькасцю праведзеных ёю семінараў і іншых свецкіх раўтаў.
Укладацца у вытворчасць, размешчаную на тэрыторыі канцлагера, ахвотных няма.
Таму беражлівасць – апошні канёк Марыненкі.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.