IKEA абвінавацілі ў гандлі таварамі, зробленымі палітзняволенымі ў магілёўскіх турмах – кампанія аспрэчвае

Рэзананснае расследаванне правялі журналісты нямецкай газеты Taz і французскага выдання Disclose. Яны сцвярджаюць, што пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 годзе IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу вязняў у турмах, і ў тым ліку палітзняволеных.  

У якасці пастаўшчыкоў IKEA ў Беларусі выступалі магілёўскае тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, а таксама холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Прычым “Магатэкс”, як сцвярджаюць расследавальнікі, працаваў прынамсі з чатырма выпраўленчымі калоніямі.

“Адзін з ізалятараў, з якімі супрацоўнічае Магатэкс – гаворыцца ў даследаванні – называецца ІК-15, як паказвае бухгалтарскі дакумент ад ліпеня 2021 года, апублікаваны турмой. «ІК-15 — гэта тэрыторыя поўнага жаху, дзе карнікі робяць, што хочуць» – сведчыць Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы юнак знаходзіўся пад замком на працягу дзесяці месяцаў, паміж 2021 і 2022 гадамі.”

У IKEA на запыт беларускіх журналістаў адказалі, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак. 

– На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнэсе няма месца парушэнням правоў чалавека – паведамілі ў прэс-службе кампаніі – Прысутничаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з маніторынгам нашых ланцужкоў паставок, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.

Фота: aikea.by, disclose.ngo

“Абставіны не палепшыліся, і разбуральная вайна працягваецца”. IKEA заявіла аб далейшым скарачэнні бізнесу ў Беларусі і Расіі

«Прадпрыемствы і ланцужкі паставак па ўсім свеце моцна пацярпелі, і мы не бачым магчымасці аднавіць дзейнасць у бліжэйшы час», гаворыцца на сайце кампаніі.

Inter IKEA Group і Ingka Group вырашылі перайсці на новы этап далейшага скарачэння бізнесу IKEA ў Расіі і Беларусі.

 – Рознічны бізнес IKEA будзе спыненым, а калектывы скарочаныя. Ingka Group распрадае свае запасы мэблі для дома ў Расіі.

 – Індустрыяльны бізнес, які належыць ІКЕА, у Расіі скараціць працоўны калектыў і пачне працэс пошуку новых уладальнікаў для ўсіх чатырох заводаў.

 – Імпарт і вываз прадукцыі IKEA у Расію і Беларусь і з Расіі будзе спыненым. Два офісы пакупкі і лагістыкі, якія належаць ІКЕА, у Маскве і Мінску, зачыняцца.

Аб прыпыненні дзейнасці ў Беларусі Inter IKEA Group і Ingka Group у сувязі з вайной ва Ўкраіне абвясцілі ў сакавіку. З таго часу, гаворыцца на сайце кампаніі, прыярытэтам стала аказанне падтрымкі супрацоўнікам.

ІКЕА вырабляе шматфункцыянальную і адносна недарагую мэблю для дома. Кампанія была заснавана ў Швецыі ў 1943 годзе.

Беларусь была адной з 50 краінаў, дзе кампанія заказвала прадукцыю. На прадпрыемствах, створаных на яе інвестыцыі, выраблялася тавараў на 80 мільёнаў еўра.

У Магілёве для ІКЕА вырабляла мэблю мясцовае прадпрыемства Mebelain. На ім працавала за 800 чалавек. Кіраўніцтва заявіла пра спыненне вытворчасці на «няпэўны час».

фота: azureedge.net