У палавіне з правераных магілёўскіх крам – праблемы з санітарнымі нормамі

У 1 квартале 2023 года пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду Магілёўскай вобласці ў 171 (51,5%) з 332 правераных суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць абарот тавараў і прадукцыі, былі выяўлены парушэнні. 

А ўсяго парушэнні ўстаноўлены на 613 аб’ектах з 813 абследаваных – 75,4% – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Нярэдкімі з’яўляюцца такія парушэнні, як рэалізацыя без маркіроўкі або з неадпаведнай інфармацыяй на маркіроўцы, рэалізацыя пратэрмінаванай прадукцыі, парушэнне ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, рэалізацыя без дакументаў, неадпаведнасць гігіенічным нарматывам па выніках лабараторных выпрабаванняў, іншыя парушэнні складаюць – амаль 53% (1013 выпадкаў).

Дарэчы, грубыя парушэнні дапускаюць не толькі дробныя і сярэднія па памерах суб’екты дзе небудзь на раёнах, але і знакамітыя гандлёвыя сеткі, напрыклад, крамы “Еўраопт” у Магілёве.

Так, у краме “Еўраопт” па вул. Гагарына, 79 праводзілася рэалізацыя прадуктаў харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці –  ролы, хачапуры з мясам птушкі. Таксама тут прадавалі прадукцыю з маркіроўкай, якая ўводзіць спажыўца ў зман, гнілую і сапсаванаую гародніну.

Падобныя праблемы былі ў крамах “Еўраопт” па вул. А.Куляшова, па праспекце Дзімітрава, 70А, па Віцебскім праспеце, 4Б.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар.

Беларускі “Еўраопт” пачаў гандляваць таварамі з IKEA

У гандлёвай сетцы “Еўраопт” з’явіліся першыя пасля сыходу IKEA з Беларусі тавары гэтай шведскай гандлёвай маркі. Партыя тавараў была заўважана пакуль толькі ў самым вялікім гіпермаркеце “Еўраопт” у Мінску, на вуліцы Мантажнікаў.

Асартымент тавараў тут невялікі, ён размяшчаецца на адным стэлажы. Гэта ў асноўным тавары для кухні: нажы, талеркі, лапаткі, наборы лыжак і відэльцаў. Ёсць ёмістасці для мыла, вешалкі, савок са шчоткай.

Тавары з IKEA ёсць і ў е-дастаўцы “Еўраопта” – каля 40 найменняў. Цэны на тавары IKEA ў Мінску істотна вышэйшыя, чым у суседніх краінах.

Выданню Office Life прадстаўнікі рытэйлера паведамілі, што ў планах “Еўраопта” – пашыраць асартымент нехарчовай групы тавараў як ад IKEA, так і ад іншых гандлёвых марак.

Фота: Office Life

 

Паглядзіце, які сыр прадаваўся ў Магілёве

У соцсетках паявіліся фотаздымкі прадукцыі кампаніі “Савушкін прадукт”. Чорны ад цвілі сыр быў набыты ў краме “Еўраопт” па вуліцы Лазарэнкі ў абласным цэнтры.

 

Е-дастаўка перастае працаваць па ўсёй вобласці акрамя Магілёва на нявызначаны тэрмін

З 1 лістапада “Еўраопт” спыняе дастаўку тавараўпа ўсёй краіне, за выключэннем абласных цэнтраў, Мінскай вобласці і Баранавіч. Паведамленне пра адмену даставак самым буйным беларускім онлайн-гіпермаркетам было распаўсюджана праз месенджары сеткі. Прычыны гэтага кроку не паведамляюцца, як і тэрмін адмены.

Адначасова “Е-дастаўка” павышае мінімальную суму замовы для бясплатнай дастаўкі, цяпер яна будзе складаць для Магілёва 150 рублёў. Платная дастаўка каштуе 4,99 рублі.

У кампаніі заяўляюць, што ў хуткім часе дастаўка ў рэгіёны будзе адноўлена.

Спатрэбіліся санкцыі, каб аграрыі і гандляры пачалі шукаць адзін аднаго

“Як увайсці ў гандлёвыя сеткі?” – на прыкладзе калгаса “Рассвет” аграрыі ўсёй краіны вучыліся працаваць з гіпермаркетамі

На базе ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» на Кіраўшчыне прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар, на якім прадстаўнікі гандлёвых сетак і сельгасвытворцаў вучыліся супрацоўнічаць – піша газета “Кіравец”. Аказалася, што не ўсё так безнадзейна, як падаецца. У семінары прынялі ўдзел высокія чыноўнікі і простыя аграрыі з усёй Беларусі, на якіх трымаецца краіна. 

Месцам правядзення невыпадкова стала ААТ «Рассвет ім. К.П. Арлоўскага». Гаспадары паказалі сховішча для агародніны. Дырэктар сельгасарганізацыі Аляксандр Багель распавёў аб вытворчасці бульбы, агародніннай і садавіннай прадукцыі і аб тым, як наладжаны іх захоўванне, збыт, а таксама партнёрства з гандлем. Яму было што паказаць і чым пахваліцца. 

З боку гандлёвых сетак на семінары выступілі прадстаўнікі найбуйнейшай беларускай прыватнай сеткі харчовых магазінаў “Еўроопт”. Яны ў сваю чаргу прадэманстравалі праверку якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, звярнулі ўвагу на патрабаванні да яе. Гандляры распавялі, што трэба зрабіць вытворцам, каб прадукцыя мела збыт – то бок, каб гандлёвыя сеткі з ахввотай бралі яе на рэалізацыю.

Як прызналіся ўдзельнікі семінара, праблемы супрацоўніцтва паміж вытворцамі і прадаўцамі актуалізаваліся ва ўмовах санкцый. Выглядае, што галоўнай прычынай нізкага ўзроўню супрацоўніцтва выявілася недастатковая падрыхтаванасць сельгасарганізацый краіны да пастаўкі якаснай, канкурэнтнай і таннай прадукцыі.