У палавіне з правераных магілёўскіх крам – праблемы з санітарнымі нормамі

У палавіне з правераных магілёўскіх крам – праблемы з санітарнымі нормамі

У 1 квартале 2023 года пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду Магілёўскай вобласці ў 171 (51,5%) з 332 правераных суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць абарот тавараў і прадукцыі, былі выяўлены парушэнні. 

А ўсяго парушэнні ўстаноўлены на 613 аб’ектах з 813 абследаваных – 75,4% – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Нярэдкімі з’яўляюцца такія парушэнні, як рэалізацыя без маркіроўкі або з неадпаведнай інфармацыяй на маркіроўцы, рэалізацыя пратэрмінаванай прадукцыі, парушэнне ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, рэалізацыя без дакументаў, неадпаведнасць гігіенічным нарматывам па выніках лабараторных выпрабаванняў, іншыя парушэнні складаюць – амаль 53% (1013 выпадкаў).

Дарэчы, грубыя парушэнні дапускаюць не толькі дробныя і сярэднія па памерах суб’екты дзе небудзь на раёнах, але і знакамітыя гандлёвыя сеткі, напрыклад, крамы “Еўраопт” у Магілёве.

Так, у краме “Еўраопт” па вул. Гагарына, 79 праводзілася рэалізацыя прадуктаў харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці –  ролы, хачапуры з мясам птушкі. Таксама тут прадавалі прадукцыю з маркіроўкай, якая ўводзіць спажыўца ў зман, гнілую і сапсаванаую гародніну.

Падобныя праблемы былі ў крамах “Еўраопт” па вул. А.Куляшова, па праспекце Дзімітрава, 70А, па Віцебскім праспеце, 4Б.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар.