Месцы для купання вызначаны ў Магілёўскім раёне

На 2023 год на тэрыторыі Магілёўскага раёна вызначаны два месцы для купання: на пляжы ракі Дняпро аграгарадка Палыкавічы і на пляжы сажалкі вёскі Вільчыцы – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”. 

Іншыя водныя аб’екты не адпавядаюць прад’яўляным патрабаванням. Да 15 мая тут будуць устаноўлены стэнды з надпісам “Купацца забаронена!”

Да 1 мая ў раёне будуць абследаваны зоны адпачынку на водных аб’ектах, пляжы на прадмет гатоўнасці да купальнага сезона.

Пачынаецца купальны сезон пасля ўсталявання тэмпературы паветра не ніжэй +20  +25°С, вады – +18 +20°С

У перыяд купальнага сезона пасты таварыства ратавання на водах на пляжах будуць працаваць з 10:00 да 21:00. У перыяд высокіх кліматычных тэмператур рэжым працы выратавальных пастоў усталююць па асобным графіку.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

Вось у якіх вёсках Магілёўскага раёна памяняюцца межы

Змены закрануць пяць вёсак двух сельскіх саветаў. Гэта рашэнне дэпутатаў Магілёўскага раённага Савета – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.

Зменяцца межы вёсак Засценкі, Старое Пашкова, Забалацце, Жукава Пашкаўскага сельскага савета і вёскі Будзішча Вендаражскага сельсавета.

На думку чыноўнікаў, змяненне межаў населеных пунктаў дасць магчымасць навесці парадак на зямлі і больш эфектыўна выкарыстоўваць участкі з наступным уводам іх у селькагаспадарчы абарот.

Фота з адкрытых крыніц

Пяць кілаграмаў альфа-PVP канфіскавалі ў закладчыкаў пад Магілёвам

У Магілёўскім раёне затрыманы 28-гадовы магілёвец і 38-гадовы жыхар Мінскага раёна, якія на працягу месяца супрацоўнічалі з наркамаркетам – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама.   Буйныя закладкі мужчыны пакідалі ў тайніках для кур’ераў. 

Супрацоўнікамі наркакантролю Магілёўскай і Віцебскай абласцей у лясным масіве недалёка ад Магілёва былі знойдзены і канфіскаваны пакеты з парашком агульнай вагой 5 126 грам. 

Па выніках экспертызы, дадзенае рэчыва з’яўляецца асабліва небяспечным псіхатропам альфа-PVP.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Што рабіць, каб абараніць пенсіянераў ад махляроў? Зноў сумная статыстыка

У Магілёўскім раёне працягваюць рэгістраваць злачынствы, ахвярамі якіх сталі пажылыя людзі, сеньёры – зазначае “Прыдняпроўская ніва”, абапіраючыся на дадзеныя міліцыі.

На тэрыторыі Магілёўскага раёна ў адносінах да сеньёраў (састарэлых грамадзян) у 2022 годзе было ўчынена 99 злачынстваў. Гэта ніяк не менш за папярэднія гады. Сеньёры становяцца ўсё часцей ахвярамі злачынных замахаў ашуканцаў – псеўдасацработнікаў, псеўдамедыкаў, якія авалодваюць іх грашыма, маёмасцю. 

Каб прадухіліць падобныя злачынствы з роднымі, блізкімі і знаёмымі пажылымі людзьмі, варта прысвяціць ім больш увагі. Часцей тэлефанаваць альбо наведваць асабіста. Пастаянная ўвага і клопат паспрыяюць не толькі інфармацыйнай дасведчанасці сеньёраў, але таксама дадуць ім псіхалагічныя сілы ў эмацыйным супрацьстаянні з незнаёмцамі, пачуццё абароненасці і патрэбнасці. 

Фота ілюстрацыйнае

Рост у 300% за два гады – столькі дзяцей засталіся без апекі бацькоў у Магілёўскім раёне

Магілёўскім раёне колькасць непаўналетніх, якія сталі сіротамі з прычыны пазбаўлення бацькоў іх правоў, у параўнанні з 2021 годам павялічылася адразу ў 3 разы. 

У параўнальна эканамічна шчасным Магілёўскім раёне 137 дзяцей з 62 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – зазначылі на выніковым паседжанні камісіі па справах непаўнагадовых Магілёўскага райвыканкама.

Па стане на 1 студзеня бягучага года 9 дзяцей набылі статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У 2021 годзе такіх было толькі 3 – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.

У 2022 годзе было адабрана з 3 сем’яў 7 дзяцей, якія мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 

Фота мае ілюстрацыйны характар

Больш за тону пшаніцы, сотні кілаграмаў угнаенняў і камбікармоў – работнікі сельгаспрадпрыемстваў крадуць усё што можна

Дзяржаўная форма ўласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці на сяле працягвае правакаваць работнікаў прадпрыемстваў на крадзеж у асабліва буйных памерах. «Усё вакол калгаснае, усё вакол маё» даўно стала ўстойлівай формулай для жыцця глыбінкі, а нічога акрамя міліцэйскіх рэйдаў па вёскам дзяржава гэтаму канцэпту, відаць, супрацьпастаўляць і не збіраецца.

Праваахоўныя органы Магілёўскай вобласці штодня размяшчаюць у сваім тэлеграм-канале справаздачы пра чарговыя вынікі рэйдаў.

Так, механізатар адной з дзяржаўных гаспадарак у Быхаўскім раёне на працягу некалькіх дзён цягаў з зернеўборачнага камбайна на полі пшаніцу і ў выніку вынес каля 1,3 тон зерня, якое схаваў на сваім двары. Цяпер супраць 55-гадовага мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа.

У Кіраўскім раёне 44-гадовы механізатар скраў 145 кілаграмаў калійных угнаенняў на тым жа прадпрыемстве, дзе працаваў.

Працаўнік сельгаспрадпрыемства ў Горацкім раёне – далей паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал – быў злоўлены на крадзяжы 200 кілаграмаў камбікорму.

 

На Магілёўшчыне ў Кадзінскім сельсавеце абмяркоўвалі п’яны дэбош – жанчына біла мужыка, той яе сына, а сын яго. Пракурор папрасіў іх больш так не рабіць

Жыхароў Кадзінскага сельсавету, якія былі заўважаныя ў хатніх п’янках з рукапрыкладствам, прыцягнулі да пасяджэння мясцовага Савету па ахове грамадскага парадку

Брыгада нрававучыцеляў у складзе пракурора Магілёўскага раёну, дэпутата, намесніка райвыканкаму, ідэолагаў, педагогаў, праваахоўнікаў і іншых чыноўнікаў выносіла на публічнае абмеркаванне іх асабістае жыццё і паводзіны ў сямейным коле, апавядае паведамляе  «Прыдняпроўская ніва».

Сярод прыкладаў недастойных паводзін быў агучаны анекдатычны выпадак, які адбыўся ў сям’і мясцовай жыхаркі Л. П’яная жанчына, гаспадыня дому, нанесла пабоі свайму раней судзімаму сужыцелю. За што той вырашыў адпомсціць, пабіўшы яе сына, з якім пара пражывае разам. Сын жа, «не праявіўшы разважлівасці», уцягнуўся ў бойку з мужчынам, якую спыніць змагла толькі міліцыя, выкліканая самой грамадзянкай Л.

Пракурор Магілёўскага раёна Яўген Непша асабіста правёў тлумачальную размову з сямейнымі скандалістамі, папярэдзіўшы іх, што падобныя папойкі могуць скончыцца трагедыяй і парэкамендаваў больш не дапускаць канфліктных сітуацый.

Хлебныя войны глыбінкі. У Краснаполлі патрабуюць вярнуць у продаж чавускі хлеб, бо чэрыкаўскі нясмачны

Пакуль аграрыі рапартуюць аб тысячах тон жытнёвага ўмалоту, у глыбінцы жыхары Краснаполля вымагаюць ад чыноўнікаў адказу, куды прапаў чавускі хлеб.

Даць рады праблеме ўзялася краснапольская раёнка «Чырвоны сцяг», якая чакае адказу з Магілёўскага аблспажыўсаюзу і Краснапольскага райспажыўтаварыства на актуальнае пытанне землякоў.

Яна адзначае, што на сустрэчах дэпутатаў райсавету з насельніцтвам пытанне аб прычынах адсутнасці чавускага хлеба ў магазінах Краснапольскага райспажыўтаварыства гучыць пастаянна.

«Калі знік з прылаўкаў чавускі хлеб, выбару не засталося. Чэрыкаўскі хлеб купляю вымушана. Пакуль свежы – яшчэ туды-сюды, але, як адразу бохан не з’ясі, то назаўтра рэжаш, а ён рассыпаецца ў крошку і пах непрыемны», – цытуе газета Краснапольскага райвыканкаму гутарку жыхароў ля адной з мясцовых крамаў.

Колькі гадоў таму падобная сітуацыя з хлебам была і ў самім Чэрыкаве. Жыхары з неахвотай куплялі мясцовы, бо, паводле іх, быў ён не смачны. У прыватных гутарках хвалілі хлеба-булачную прадукцыю з Чавус і Магілёва. Яе ў Чэрыкаў прывозілі, але ў недастатковай колькасці. Высветлілася, што квоты былі ўведзеныя мясцовымі чыноўнікамі, каб жыхары разбіралі свой хлеб. Які цяпер не хочуць есці ў Краснаполлі.

фота: chausy.by

Трох чалавек выратавалі на пажарах, адзін памёр ад апёкаў, яшчэ адзін патануў – здарэнні за выходныя

24 ліпеня ў Асіповіцкім раёне  ратавальнікам давялося даставаць нагу шасцігадовага хлопчыка з рашоткі на гульнявой пляцоўцы. Дзіця хадзіла па прутках прыстасавання для выбівання дываноў. Нага, саслізнуўшы, засела паміж элементамі канструкцыі. Па выратаванні медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

24 ліпеня ў Быхаўскім і Магілёўскім раёнах ратавальнікі двойчы выязджаць на тушэнне пажараў. У выніку два чалавекі былі выратаваныя пры тушэнні прыватнага дому ў Быхаўскім раёне.

У вёсцы Гарадок Магілёўскага раёну пажарныя знайшлі мужчыну ў непрытомным стане на падлозе яго кватэры, ахопленай агнём. Мужчына 1970 года нараджэння быў шпіталізаваны з атручэннем угарнымі газамі і з апёкамі.

23 ліпеня стала вядома пра смерць жыхара вёскі Заеліца Глускага раёну. 32-гадовы мужчына пацярпеў у пажары яшчэ 20 ліпеня, і сканаў ад атрыманых апёкаў у шпіталі.

23 ліпеня ратавальнікамі Мсціслаўскага раёну ў рацэ Сож недалёка ад аграгарадка Падлужжа было знойдзена цела 61-гадовага мужчыны, які патануў.

У Магілёве 24 ліпеня рэйсавы аўтобус збіў раварыста на вуліцы Алтайскай. 23-гадовы кіроўца аўтобуса дапусціў наезд на 60-гадовага мужчыну, які на веласіпедзе перасякаў дарогу ў недазволеным для гэтага месцы.


Публікацыя падрыхтаваная паводле звестак абласнога ўпраўлення Надзвычайных сітуацыяў і магілёўскай міліцыі.