Крычаўскі пракурор супраць камунальнікаў – начамі ў раёне няма вулічнага асвятлення

У Крычаўскім раёне у мэтах эканоміі на ноч адключаюць вулічнае асвятленне. Пракурор Прахарэнка супраць.

На Крычаўшчыне для эканоміі энэргіі ў начны час адключаецца асвятленне вуліц, аднак пракурор Крычаўскага раёна Станіслаў Прахарэнка выступае супраць такіх захадаў, бо яны супярэчаць патрабаванням нарматыўных актаў. Прахарэнка наогул устурбаваны ўзроўнем аказання жыллёва-камунальных паслуг і лічыць, што камунальшчыкі не спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

Адзначым, што мясцовыя жыхары ўжо скардзіліся на кепскае асвятленне гарадскіх вуліц. Па меркаванню Прахарэнкі, крычаўскі “Камунальнік” не спраўляецца не толькі з асятленнем раёна, але не вывозіць снег, не заўсёды прыбірае яго там, дзе трэба.

Фота ілюстрацыйнае

Дзясяткі работнікў сельскіх гаспадарак Слаўгарадскага раёна прыцягнуты да адказнасці

У Слаўгарадскім раёне 61 работнік аграпрамысловага комплекса пакараны за халатныя адносіны да сваіх абавязкаў, крадзеж  – паведамляе “Прысожскі Край”.

Па выніках сямі пракуратурорскіх праверак сельскагаспадарчых арганізацый раёна ўнесена 9 прадстаўленняў, вынесена 20 прадпісанняў, 31 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай, 5 – да адміністрацыйнай, 25 – да матэрыяльнай адказнасці.

Работнікі працягваюць парушаць працоўную, тэхналагічную дысцыпліну, правілы ўтрымання жывёлы, ветэрынарнага дабрабыту, вытворчасці прадукцыі, крадуць жывёлу. Страты ад крадзяжу ў ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка” і КСУП “Заранскі”  складаюць 6 418,65 рублёў.

Пракурор раёна А. Пухоўскі лічыць, што неабходна прыняць у 2023 годзе “у раёне дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры па забеспячэнні законнасці і правапарадку”. Але відавочна, што такі стан спраў захаваецца на дзяржаўных фермах і надалей, будуць новыя “абасраныя” каровы, новыя крадзяжы паліва, кармоў, малака, жывёл, пакуль не будзе прыватнай маёмасці і асабістай зацікаўленнасці сялян у выніках сваёй працы.

Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар

Жанчына ў Чэрыкаве катавала падчарацу, пакуль муж быў у камандзіроўцы

Пракуратура ўзбудзіла адміністрацыйную справу супраць 30-гадовай жыхаркі раённага цэнтра. Выявілася, што ў адсутнасць мужа, яна прымяняла фізічны і маральны гвалт у дачыненні да яго дачкі – паведамляе пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Маісееў на старонках “Весніка Чэрыкаўшчыны”. Жанчына крычала на непаўналетнюю дзяўчынку, хапала яе за твар, выказвала пагрозы. Пра падобнае абыходжанне праваахоўнікам паведаміла біялагічная маці непаўналетняй, якая пазбаўленая бацькоўскіх правоў. 

Фота носіць ілюстратыўны характар

Расце злачыннасць, у сельскай гаспадарцы нядбайнасць. Жыццё глыбінкі вачыма пракурора

У Чэрыкаўскім раёне колькасць зарэгістраваных злачынстваў, у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года ўзрасла з 46 да 63. У сельскай гаспадарцы дохне жывёла, антысанітарыя, нядбайнасць, парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Асноўнымі прычынамі пагаршэння крымінагеннай сітуацыі ў раёне называюць “незанятасць грамадска карыснай працай асобаў, якія ўчынілі злачынствы, іх нежаданне ўставаць на шлях выпраўлення і перавыхавання, злоўжыванне спіртнымі напоямі, недахопы прафілактычнай працы мясцовымі органамі выканаўчай улады і кіравання”.

З інтэрв’ю пракурора раёну Аляксандра Маісеева інтэрнэт-рэсурсу Cherikovnews вынікае, што ў крымінальнай статыстыцы пераважаюць цяжкія злачынствы, а таксама гвалт на сямейна-бытавой глебе.


У Чэрыкаўскім раёне жыве блізу 14 тысяч чалавек. Нямала тутэйшых мясцін пацярпела ад наступстваў аварыі на чарнобыльскай АЭС і абязлюджаныя. Буйных прамысловых прадпрыемстваў у раёне няма. Мясцовае насельніцтва працуе ў сельскіх гаспадарках, камунальных арганізацыях, установах сацыяльнага сервісу ды прыватных структурах. Нямала людзей выяжджае на заробкі ў Расію.


У структуры мясцовай эканомікі дамінуюць сельгаспрадпрыемствы. Паводле пракурора Аляксандра Маісеева, на тутэйшых «жывёлагадоўчых фермах і малочнатаварных комплексах неаднаразова выяўляліся факты антысанітарыі, адсутнасці рэгулярнай дэзынфекцыі, а таксама іншыя шматлікія парушэнні, якія садзейнічаюць непрадукцыйнаму выбыццю жывёлы, зніжэнню прадукцыйнасці асноўнага статка».

На механізаваных дварах зарэгістраваны факты нядбайнага стаўлення работнікаў і службовых асоб да выканання працоўных абавязкаў, а таксама парушэнні тэхналагічных патрабаванняў і ў пастаноўцы сельскагаспадарчай тэхнікі на працяглае захоўванне.

Пракурор канстатуе, што ў 2022 годзе выяўляліся сістэмныя парушэнні, якія паўтараюцца з году ў год і недахопы вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай, працоўнай дысцыпліны, утрымання вытворчых будынкаў, абсталявання і прыстасаванняў, а таксама неналежныя ўмовы працы работнікаў.

фота: udf.name

На Магілёўшчыне ў Кадзінскім сельсавеце абмяркоўвалі п’яны дэбош – жанчына біла мужыка, той яе сына, а сын яго. Пракурор папрасіў іх больш так не рабіць

Жыхароў Кадзінскага сельсавету, якія былі заўважаныя ў хатніх п’янках з рукапрыкладствам, прыцягнулі да пасяджэння мясцовага Савету па ахове грамадскага парадку

Брыгада нрававучыцеляў у складзе пракурора Магілёўскага раёну, дэпутата, намесніка райвыканкаму, ідэолагаў, педагогаў, праваахоўнікаў і іншых чыноўнікаў выносіла на публічнае абмеркаванне іх асабістае жыццё і паводзіны ў сямейным коле, апавядае паведамляе  «Прыдняпроўская ніва».

Сярод прыкладаў недастойных паводзін быў агучаны анекдатычны выпадак, які адбыўся ў сям’і мясцовай жыхаркі Л. П’яная жанчына, гаспадыня дому, нанесла пабоі свайму раней судзімаму сужыцелю. За што той вырашыў адпомсціць, пабіўшы яе сына, з якім пара пражывае разам. Сын жа, «не праявіўшы разважлівасці», уцягнуўся ў бойку з мужчынам, якую спыніць змагла толькі міліцыя, выкліканая самой грамадзянкай Л.

Пракурор Магілёўскага раёна Яўген Непша асабіста правёў тлумачальную размову з сямейнымі скандалістамі, папярэдзіўшы іх, што падобныя папойкі могуць скончыцца трагедыяй і парэкамендаваў больш не дапускаць канфліктных сітуацый.

Грамадзяніна Расіі арыштавалі за махлярства. Ён падманам завалодаў грашыма 87-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёну

Ён патэлефанаваў кабеце, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне і каб яе выбавіць ад адказнасці патрабуецца 20 тысяч долараў. У жанчыны было толькі васямнаццаць, якія яна аддала махляру.

Каб пераканаць кабету ў праўдзівасці гісторыі з ДТЗ ёй далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Затрыманы расіянін меў саўдзельнікаў, якія падтрымлівалі з пацярпелай сувязь пакуль іх завадатар ездзіў да яе па грошы. Яны не давалі магчымасці пажылой жанчыне звязацца з дачкой, піша l газета «СБ. Беларусь сегодня».

Крымінальнай справа займаецца Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Пракурор санкцыянаваў арышт абвінавачанага з улікам абставін злачынства, яго цяжкасці і дадзеных аб асобе расіяніна.