Пракурор з Быхава стаў суддзёй у Магілёве

У судзе Ленінскага раёна Магілёва з’явіўся новы твар – суддзёй там прызначаны былы пракурор з Быхава Аляксей Каралёў.

Інфармацыю аб прызначэнні Каралёва суддзёй і прывядзенне яго да прысягі распаўсюдзіў 14 кастрычніка 2025 года тэлеграм-канал Магілёўскага аблсуда. Пры гэтым чамусьці ён не распавёў аб папярэднім працоўным шляху новага прызначэнца. 

Аднак невялікі фактчэкінг высвятляе, што да апошняга часу Аляксей Каралёў працаваў у органах пракуратуры Быхаўскага раёна. І адной з яго функцый было інфармаванне грамадзян. Цікава, што на адным семінары ў быхаўскім Цэнтры культуры Каралёў выступаў на модную цяпер у пракуратуры тэму “генацыда” беларускага народа ў нямецка-савецкай вайне.

“Алексей Валерьевич отметил, что расследование геноцида белорусского народа в годы Великой Отечественной войны является данью памяти погибших и способствует установлению и сохранению исторической справедливости, служит реализации антифашистского принципа: “Никогда больше!” – пісаў сайт бібліятэк Быхаўскага раёна. Даволі нечаканы ад лукашэнкаўскага пракурора прынцып, калі ўлічваць, што цяперашні лозунг праўладных ура-патрыётаў у Расіі і Беларусі – “Можем повторить!”.

Фотаздымак: тэлеграм-канал Магілёўскага аблсуда

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ігар Арцюх

Асуджаны да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

37-гадовага мужчыну абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Жана Брысіна.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксей Біжко

Асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».

Праваабаронцы паведамляюць, што Біжко абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у пратэстах 2020 году.

Святлана Кіндзель

Асуджаная да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што жанчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яе ўдзел у пратэстах 2020 году.

Алена і Андрэй Бармуты, Вольга Рахуба

Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, трое асуджаных – гэта сямейнай пара і сястра мужа. Іх суд Ленінскага раёну Мінска абвінаваціў у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Доказамі іх удзелу ў пратэстах 2020 году сталі фотаздымкі, якія яны дасылалі адзін аднаму.

Павел Сінькоў

Асуджаны да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што мужчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году. Доказам віны быў фотаздымак у тэлефоне абвінавачанага.

Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.

Аляксей Бондар

Асуджаны да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, ён абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У зняволенні Бондара ўтрымлівалі больш за тры месяцы. Справу разглядала Вольга Неборская з суду Кастрычніцкага раёну Мінска.