На Магілёўшчыне ў Кадзінскім сельсавеце абмяркоўвалі п’яны дэбош – жанчына біла мужыка, той яе сына, а сын яго. Пракурор папрасіў іх больш так не рабіць

Жыхароў Кадзінскага сельсавету, якія былі заўважаныя ў хатніх п’янках з рукапрыкладствам, прыцягнулі да пасяджэння мясцовага Савету па ахове грамадскага парадку

Брыгада нрававучыцеляў у складзе пракурора Магілёўскага раёну, дэпутата, намесніка райвыканкаму, ідэолагаў, педагогаў, праваахоўнікаў і іншых чыноўнікаў выносіла на публічнае абмеркаванне іх асабістае жыццё і паводзіны ў сямейным коле, апавядае паведамляе  «Прыдняпроўская ніва».

Сярод прыкладаў недастойных паводзін быў агучаны анекдатычны выпадак, які адбыўся ў сям’і мясцовай жыхаркі Л. П’яная жанчына, гаспадыня дому, нанесла пабоі свайму раней судзімаму сужыцелю. За што той вырашыў адпомсціць, пабіўшы яе сына, з якім пара пражывае разам. Сын жа, «не праявіўшы разважлівасці», уцягнуўся ў бойку з мужчынам, якую спыніць змагла толькі міліцыя, выкліканая самой грамадзянкай Л.

Пракурор Магілёўскага раёна Яўген Непша асабіста правёў тлумачальную размову з сямейнымі скандалістамі, папярэдзіўшы іх, што падобныя папойкі могуць скончыцца трагедыяй і парэкамендаваў больш не дапускаць канфліктных сітуацый.