Кіраўніцтва сельгасарганізацыі Хоцімскага раёна сапсавала больш за 30 тысяч тон зерня

Вінаватымі ў псаванні збожжа прызналі некалькі чалавек – кіраўніка, супрацоўніка, які выконваў абавязкі дырэктара, а таксама загадчыка зернасклада, галоўнага агранома і агранома па насенняводству.

Падчас маніторынгу захаванасці ўласнасці аграпрамысловых прадпрыемстваў на адным са складоў сельскагаспадарчай арганізацыі Хоцімскага раёна было знойдзена 33,5 тон фуражнай зерневай сумесі. Яе вонкавы выгляд сведчыў аб непрыдатнасці зерня. Яно пахла прэласцю і цвіллю, а зверху парасло дзесяцісантыметровай травой. Спецыяльны аналіз таксама паказаў, што фуражнае зерне дэфектнае і непрыдатнае для выкарыстання паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Пракуратура палічыла, што агульная сума ўрону, прычыненага прадпрыемству, складае 8,7 тыс. беларускіх рублеў. Аднак суд улічыў матэрыяльнае становішча віноўных. У выніку падсудным прад’яўлены іск на сплату больш як 5,6 тысяч беларускіх рублёў учыненай шкоды прадпрыемству. 

Фота з адкрытых крыніц

Больш за тону пшаніцы, сотні кілаграмаў угнаенняў і камбікармоў – работнікі сельгаспрадпрыемстваў крадуць усё што можна

Дзяржаўная форма ўласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці на сяле працягвае правакаваць работнікаў прадпрыемстваў на крадзеж у асабліва буйных памерах. «Усё вакол калгаснае, усё вакол маё» даўно стала ўстойлівай формулай для жыцця глыбінкі, а нічога акрамя міліцэйскіх рэйдаў па вёскам дзяржава гэтаму канцэпту, відаць, супрацьпастаўляць і не збіраецца.

Праваахоўныя органы Магілёўскай вобласці штодня размяшчаюць у сваім тэлеграм-канале справаздачы пра чарговыя вынікі рэйдаў.

Так, механізатар адной з дзяржаўных гаспадарак у Быхаўскім раёне на працягу некалькіх дзён цягаў з зернеўборачнага камбайна на полі пшаніцу і ў выніку вынес каля 1,3 тон зерня, якое схаваў на сваім двары. Цяпер супраць 55-гадовага мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа.

У Кіраўскім раёне 44-гадовы механізатар скраў 145 кілаграмаў калійных угнаенняў на тым жа прадпрыемстве, дзе працаваў.

Працаўнік сельгаспрадпрыемства ў Горацкім раёне – далей паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал – быў злоўлены на крадзяжы 200 кілаграмаў камбікорму.