Больш за тону пшаніцы, сотні кілаграмаў угнаенняў і камбікармоў – работнікі сельгаспрадпрыемстваў крадуць усё што можна

Дзяржаўная форма ўласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці на сяле працягвае правакаваць работнікаў прадпрыемстваў на крадзеж у асабліва буйных памерах. «Усё вакол калгаснае, усё вакол маё» даўно стала ўстойлівай формулай для жыцця глыбінкі, а нічога акрамя міліцэйскіх рэйдаў па вёскам дзяржава гэтаму канцэпту, відаць, супрацьпастаўляць і не збіраецца.

Праваахоўныя органы Магілёўскай вобласці штодня размяшчаюць у сваім тэлеграм-канале справаздачы пра чарговыя вынікі рэйдаў.

Так, механізатар адной з дзяржаўных гаспадарак у Быхаўскім раёне на працягу некалькіх дзён цягаў з зернеўборачнага камбайна на полі пшаніцу і ў выніку вынес каля 1,3 тон зерня, якое схаваў на сваім двары. Цяпер супраць 55-гадовага мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа.

У Кіраўскім раёне 44-гадовы механізатар скраў 145 кілаграмаў калійных угнаенняў на тым жа прадпрыемстве, дзе працаваў.

Працаўнік сельгаспрадпрыемства ў Горацкім раёне – далей паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал – быў злоўлены на крадзяжы 200 кілаграмаў камбікорму.