17 ліпеня ў гісторыі. “Фермапілы ХХ стагоддзя”. Адкрыўся Дыснейленд. Авіякатастрофа пад Данецкам. Нарадзіўся Ян Чачот.

1796 год. Нарадзіўся Ян Чачот (1796-1847).

Беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, фалькларыст, мовазнавец.

Сабраў каля 1 000 аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у 6 зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.

У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі з’яўляюцца досвіткам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У пераважнай большасці выпадкаў паэт называе беларускую мову «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам».

Яго вершы актыўна ставіліся на музыку С. Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы любога іншага аўтара.

1854 год. У Аўстрыі пушчана ў строй першая ў Еўропе і ў свеце горная чыгунка.

Найбольш стары ўчастак даўжынёй 42 км, пабудаваны ў 1848-1854, праходзіць праз Земерынгскі перавал паміж Мюрцушлагам і Глогніцам у высакагорнай мясцовасці.

Улічваючы вельмі складаны рэльеф і значныя перапады вышыні, з’яўляецца адным з выбітных дасягненняў грамадзянскай інжынерыі XIX стагоддзя.

Дарога поўнасцю функцыянуе. Яна ў 1998 годзе аб’яўлена аб’ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

1924 год. У БССР скасавана старое і ўведзена новае раянаванне  – акругі з раёнамі.

Адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне праведзена на падставе рэкамендацый географа А. Смоліча.

Утвораны 10 акруг – Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /цэнтр – Клімавічы/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая па 7-12 раёнаў, усяго 100 раёнаў, у тым ліку Асіповіцкі, Клічаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Круглянскі, Бабруйскі, Быхаўскі, Прапойскі (зараз – Слаўгарадскі), Чавускі, Горацкі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Лупалаўскі, Мсціслаўскі, Магілёўскі, Хоцімскі, Шклоўскі, 1 202 сельсаветы.

1941 год. “Фермапілы ХХ стагоддзя” каля в. Сакольнічы пад Крычавам.

Гэта было сапраўднае пекла. Танкі загараліся адзін за адным. Пяхота, якая хавалася за бранёй, залегла. Камандзіры ў разгубленасці і не могуць зразумець крыніцу шквальнага агню. Здаецца, б’е цэлая батарэя. Агонь прыцэльны. У нямецкай калоне – 59 танкаў, дзясяткі аўтаматчыкаў і матацыклістаў…

Старшы сяржант Мікалай Сірацінін (1921, Арол-1941) застаўся адзін прыкрыць адступленне. Ён размясціўся на ўзгорку ў густым жыце каля калгаснай стайні. Калі на досвітку пайшлі нямецкія танкі, Мікалай падбіў першую і апошнюю машыны калоны, утварыўшы корак на дарозе… За 2,5 гадзіны бою Сірацінін знішчыў 11 танкаў, 7 бронемашын, 57 салдат і афіцэраў.

Калі фашысты ўсё ж выйшлі на пазіцыю Сірацініна, у яго засталося ўсяго 3 снарады з 60. Прапаноўвалі здацца. Мікалай адказаў стралянінай па іх з карабіна.

1942 год. Пачалася Сталінградская бітва.

Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 – 2 лютага 1943) – адна з найбуйнейшых у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

200 дзён і начэй на берагах Дона і Волгі, а затым ля сцен Сталінграда і непасрэдна ў самім горадзе працягвалася жорсткая бітва. Яна разгарнулася на тэрыторыі ў 100 000 квадратных кіламетраў пры працягласці фронту ад 400 да 850 кіламетраў.

Удзельнічала ў ёй з двух бакоў звыш 2,1 мільёна чалавек.

Нямецка-фашысцкае камандаванне планавала разграміць савецкія войскі на поўдні краіны, авалодаць нафтавымі раёнамі Каўказа, багатымі сельскагаспадарчымі раёнамі Дона і Кубані, парушыць камунікацыі, якія звязваюць цэнтр краіны з Каўказам.

Падчас Сталінградскай бітвы савецкія войскі атачылі і знішчылі галоўныя сілы 4-й танкавай і 6-й палявой армій, разграмілі 3-ю і 4-ю румынскую і 8-ю італьянскую арміі. Страты немцаў склалі звыш 800 000 чалавек, было ўзята ў палон звыш 91 000 чалавек. Агульныя страты суперніка склалі каля 1,5 мільёна чалавек. У Германіі ўпершыню за гады вайны была аб’яўлена нацыянальная жалоба.

Перамога савецкіх войскаў у Сталінградскай бітве стала пераломным этапам падчас Другой Сусветнай вайны. Паражэнне фашысцкага блока пад Сталінградам падарвала давер да Германіі з боку яе саюзнікаў, спрыяла актывізацыі руху Супраціўлення ў краінах Еўропы. Японія і Турцыя вымушаны былі адмовіцца ад планаў актыўных дзеянняў супраць СССР.

Фантан «Бармалей», Сталінград. Фота Э. Еўзерыхіна

1944 год. На другі дзень пасля Партызанскага парада ў Мінску, адбыўся “Марш пераможаных” у Маскве.

Шэсце 42 000 нямецкіх ваеннапалонных працягвалася 2 гадзіны 25 хвілін. Другая група ў 15 000 чалавек прайшла за 4 гадзіны 20 хвілін.

За палоннымі ішлі палівальныя машыны, сімвалічна змываючы бруд з асфальта. Па вуліцах былі праведзены 57 000 нямецкіх вайскоўцаў, якія былі ўзяты ў плен пры Беларускай аперацыі “Баграціён”.

1945 год. У Патсдаме, прыгарадзе Берліна, адкрылася апошняя канферэнцыя лідэраў “Вялікай тройкі” – кіраўнікоў трох найбуйных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне І. Сталіна, Г. Трумэна і У. Чэрчыля.

У гісторыі яна вядома як Патсдамская, ці Берлінская, канферэнцыя.

Галоўнай яе мэтай стала вызначэнне далейшых крокаў па пасляваенным ладзе Еўропы. І за 17 дзён кіраўнікі краін-пераможцаў прынялі найважнейшыя рашэнні па ўладкаванні зрынутай Германіі.

1955 год. У амерыканскім Анахайме, на поўдзень ад Лос-Анджэлеса, адкрыўся “Дыснэйлэнд”.

Яго адкрыў амерыканскі “кароль мультыплікацыі” і ўдачлівы кінабізнесмэн Уолт Дысней. “Дыснэйлэнд” – чароўная краіна сімпатычных герояў яго знакамітых мультфільмаў.

Да 1985 года ў “Дыснэйлэндзе” пабывалі 250 мільёнаў наведвальнікаў. У 1971 годзе другі амерыканскі “Дыснэйлэнд” з’явіўся ў Фларыдзе, у 1983-м – падобны парк адкрыўся пад Токіо, а ў 1992-м – пад Парыжам.

Зараз парк працуе на 200 гектарах. У ім пабывала сумарна пад 800 мільёнаў наведвальнікаў.

1956 год. Нарадзіўся Барыс Крайко.

Беларускі географ, педагог.

Выхаванец факультэта прыродазнаўства Мінскага педінстытута (1978).

Працаваў дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам часопіса “Геаграфія: праблемы выкладання”.

Суаўтар школьных падручнікаў па геаграфіі.

1959 год. Нарадзіўся Барыс Пятровіч (Сачанка).

Беларускі празаік.

Працаваў у «Гомельскай праўдзе», «Звяздзе», «Літаратуры і Мастацтве», часопісе «Полымя».

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне дэмакратычныя пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Выдавец больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка», больш дзесятка кніг у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».

Яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.

1959 год. Нарадзілася Вольга Русілка.

Беларуская паэтэса, літаратуразнавец.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, кандыдат  філалагічных навук, дацэнт.

Суаўтар падручніка “Родная літаратура” для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў. 

1998 год. Памёр Сяргей Сідор (1937-1998).

Беларускі географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытута, БДУ.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі, часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання». Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі. Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі.

Працягваў справу А. Смоліча, стварыў першы ў незалежнай Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.

2000 год. Памерла Эдзі Агняцвет (Каган, 1913-2000).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, шэраг паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх,  французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсена.

2008 год. Памёр Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг), чэмпіён СНД. Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку з Мікалаем Валуевым і Мікалаем Паповым. Акрамя бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем.

Загінуў пры цьмяных абставінах. 

2014 год. Авіякатастрофа Boeing 777 пад Данецкам.

Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines рэйса Амстэрдам-Куала-Лумпур быў збіты. Загінулі  283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Найбуйнейшая авіякатастрофа XXI стагоддзя.

Падчас міжнаронага расследвання ўстаноўлена, што самалёт быў збіты ЗРК “Бук” 53-й зенітна-ракетнай брыгады Мінабароны Расіі.

19 чэрвеня 2019 прадстаўнікі міжнароднай сумеснай следчай групы афіцыйна назвалі імёны чатырох падазраваных па справе аб гібелі борта MH17. Гэта – былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР І. Гіркін (Стралкоў), а таксама Л. Харчанка, А. Пулатаў і С. Дубінскі. Выдадзена чатыры ордэры на іх арышт.

9 сакавіка 2020 года ў Нідэрландах у судовым комплексе Схіпхала пачаліся слуханні па справе аб забойстве 298 чалавек, а таксама аб наўмысным знішчэнні самалёта. Ніводзін з чатырох падазраваных на судовае паседжанне не з’явіўся.

17 лістапада 2022 года суд прызнаў І. Гіркіна і яго падначаленых С. Дубінскага і Л. Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам.

Дзень у гісторыі. 11 кастрычніка. Міжнародны дзень дзяўчынак. Адкрыццё “Скансена”, універсітэта Стэфана Баторыя. Прыняцце Канстытуцыі БНР

Міжнародны дзень дзяўчынак (International Day of the Girl Child, з 2011 года). Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у знак прызнання правоў дзяўчынак.

Ва ўсім свеце амаль кожная чацвёртая дзяўчынка ва ўзросце 15-19 гадоў не мае адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі ці працы. Для параўнання, сярод хлопчыкаў такая сітуацыя назіраецца ў адным з дзесяці выпадкаў.

У 2021 годзе каля 435 мільёнаў жанчын і дзяўчынак жылі менш чым на 2 даляра ў дзень. З іх 47 мільёнаў апынуліся ў галечы ў выніку COVID-19.

Кожная трэцяя жанчына ў свеце падвяргалася фізічнаму або сэксуальнаму гвалту. Па некаторых дадзеных, у выніку ўспышкі COVID-19 рэзка выраслі выпадкі гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак, і асабліва хатні гвалт.

Каля 60% краін па-ранейшаму дыскрымінуюць правы дачок на атрыманне ў спадчыну зямлі і іншых актываў як па законе, так і на практыцы.

1424 год. Пры аблозе Пршыбіслава ў Чэхіі ад чумы памёр Ян Жыжка. 

Кіраўнік гусітаў, выдатны чэшскі палкаводзец. Нацыянальны герой Чэхіі. 

Не пацярпеў ніводнай паразы. 

У 1410 годзе ў складзе чэшскіх добраахвотнікаў ваяваў пад сцягамі Ягайлы і Вітаўта супраць Тэўтонскага ордэна, удзельнік Грунвальдскай бітвы.

На чале 4 тысяч табарытаў Жыжка ў ліпені 1420 года на гары Віткоў пад Прагай разбіў 30-тысячнае войска крыжакоў, у лістападзе разбіў імператарскія войскі Жыгімонта пры Панкрацэ і авалодаў крэпасцю Вышаград.

Страціўшы пры аблозе замка Рабі сваё другое вока, сляпы Жыжка працягваў кіраваць войскамі.

У 1623 годзе паводле загаду імператара магіла Жыжкі ў Чаславе была разбураная, а рэшткі яго выкінутыя.

1760 год. Памёр Міхал Антоні Сапега. 

Дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падканцлер вялікі літоўскі. Адзін з найбольш заможных магнатаў ВКЛ. 

На Магілёўшчыне валодаў Старым і Новым Быхавам, Баркалабавам, Дабоснай. Быў старостам амсціслаўскім (з 1757).

Працаваў у камісіі па павелічэнні войска. Адзін з ініцыятараў аднаўленьня павятовых попісаў і Генеральнага з’езда ВКЛ.

1783 год. У рускім Пецярбурзе Кацярынай II заснавана Расійская акадэмія

Прэзідэнтам (дырэктарам) акадэміі была прызначана Кацярына Дашкава. Дашкава валодала маёнткам Круглае (зараз – цэнтр раёна Магілёўскай вобласці). 

Кацярына Дашкава мае пэўныя адносіны да ўвядзення ў Расіі літары “ё” (мілагучнае ёканне яна пачула ў беларускім маёнтку, прычым асабліва спадабалася, што ёсць словы лёс і лес). 

Не мае ніякіх адносін да назвы вёскі Дашкаўка пад Магілёвам.

1891 год. У цэнтры Стакгольма адчынены першы ў свеце этнаграфічны музей пад адкрытым небам «Скансен». 

У ім сабраны дамы і пабудовы з розных рэгіёнаў краіны: кузні, майстэрні, млыны. 

Зараз у Скансене прадстаўлены больш за 150 дамоў, сядзіб XVIII – XX стагоддзяў з захаваным убраннем. 

Наглядчыкі дамоў, якія апрануты ў касцюмы адпаведнай эпохі, могуць правесці наведвальнікаў па пакоях і расказаць пра экспанаты.

У сувязі з вялікай папулярнасцю назва «Скансен» стала намінальнай для абазначэння музеяў такога роду. 

Можна пачуць пра беларускія скансены –  Музей народнай архітэктуры  – агрсядзіба «Ганка» і Музей народнай архітэктуры і побыту паміж вёскамі Строчыцы і Азярцо пад Мінскам.

Магілёўскаму парку “Падміколле” безумоўна бракуе свайго скансена.

1913 год. Нарадзілася Эдзі Агняцвет (Эдзіт Каган). 

Беларуская паэтэса, перакладчыца. Пісала пераважна для дзяцей.

Выдала 26 кніг паэзіі, шэраг паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова». Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, французскіх і іншых класікаў. 

Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсена.

Пемерла ў 2000 годзе.

1918 год. Рада БНР зацвердзіла часовую Канстытуцыю і перайменавала Народны сакратарыят у Раду Народных Міністраў Беларускай Народай Рэспублікі. 

Раду ачоліў Антон Луцкевіч.

1919 год. У Вільні адкрыўся Універсітэт Стэфана Баторыя. 

На месцы былога імператарскага Віленскага ўніверсітэта. Мовай выкладання была выключна польская.

У 1939 года пераўтвораны ў Вільнюскі ўніверсітэт.

Універсітэт  – спадкаемца Віленскага езуіцага калегіума (1570-1578), Віленскай акадэміі (1578-1781, адчынена па прывілею Стэфана Баторыя), Галоўнай школы Вялікага княства Літоўскага, Галоўнай віленскай школы, Імператарскага Віленскага ўніверсітэта (1803-1832).

1922 год. Распачала працу Дзяржаўная калегія БНР

Орган выканаўчай ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзейнічала з 11 кастрычніка 1922 да 20 красавіка 1923 года ў Коўне. У склад калегіі ўваходзілі Самуіл Жытлоўскі, Лявон Заяц, Пётра Крачэўскі (старшыня), Вацлаў Ластоўскі, Аляксандар Цвікевіч.

На ФОТА першы прэзідэнт БНР Пётр Крачэўскі

1934 год. Нарадзіўся Язэп Крупскі. 

Беларускі мастак. Працаваў у станковым жывапісе і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве.

Важнае месца ў творчасці займала тэма вайны: вядомы яго карціны «Берасце», «Фарсіраванне Дняпра», «Невядомыя салдаты», «Абарона Брэсцкага вакзалу».

У пошуках новых тэм для твораў шмат вандраваў па краіне.

У сваіх творах часта звяртаўся да тэматыкі роднай Берасцейшчыны і Палесся: карціны «Палессе», «Вербы над Бугам», «Вёска майго дзяцінства», «Пружанскія балоты» і іншыя.

Памёр ў 2014 годзе.

2001 год. Памёр Канстанцін Дамарад. 

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

У  1941-1944 гадах служыў у органах ваеннай разведкі і контрразведкі Заходняга фронту, у Барысаўска-Бягомльскім партызанскім злучэнні.

Працаваў у інстытутах гісторыі партыі пры ЦК КПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю падпольнага і партызанскага рухаў у часы Другой сусветнай вайны.