17 ліпеня ў гісторыі. “Фермапілы ХХ стагоддзя”. Адкрыўся Дыснейленд. Авіякатастрофа пад Данецкам. Нарадзіўся Ян Чачот.

1796 год. Нарадзіўся Ян Чачот (1796-1847).

Беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, фалькларыст, мовазнавец.

Сабраў каля 1 000 аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у 6 зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.

У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі з’яўляюцца досвіткам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У пераважнай большасці выпадкаў паэт называе беларускую мову «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам».

Яго вершы актыўна ставіліся на музыку С. Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы любога іншага аўтара.

1854 год. У Аўстрыі пушчана ў строй першая ў Еўропе і ў свеце горная чыгунка.

Найбольш стары ўчастак даўжынёй 42 км, пабудаваны ў 1848-1854, праходзіць праз Земерынгскі перавал паміж Мюрцушлагам і Глогніцам у высакагорнай мясцовасці.

Улічваючы вельмі складаны рэльеф і значныя перапады вышыні, з’яўляецца адным з выбітных дасягненняў грамадзянскай інжынерыі XIX стагоддзя.

Дарога поўнасцю функцыянуе. Яна ў 1998 годзе аб’яўлена аб’ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

1924 год. У БССР скасавана старое і ўведзена новае раянаванне  – акругі з раёнамі.

Адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне праведзена на падставе рэкамендацый географа А. Смоліча.

Утвораны 10 акруг – Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /цэнтр – Клімавічы/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая па 7-12 раёнаў, усяго 100 раёнаў, у тым ліку Асіповіцкі, Клічаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Круглянскі, Бабруйскі, Быхаўскі, Прапойскі (зараз – Слаўгарадскі), Чавускі, Горацкі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Лупалаўскі, Мсціслаўскі, Магілёўскі, Хоцімскі, Шклоўскі, 1 202 сельсаветы.

1941 год. “Фермапілы ХХ стагоддзя” каля в. Сакольнічы пад Крычавам.

Гэта было сапраўднае пекла. Танкі загараліся адзін за адным. Пяхота, якая хавалася за бранёй, залегла. Камандзіры ў разгубленасці і не могуць зразумець крыніцу шквальнага агню. Здаецца, б’е цэлая батарэя. Агонь прыцэльны. У нямецкай калоне – 59 танкаў, дзясяткі аўтаматчыкаў і матацыклістаў…

Старшы сяржант Мікалай Сірацінін (1921, Арол-1941) застаўся адзін прыкрыць адступленне. Ён размясціўся на ўзгорку ў густым жыце каля калгаснай стайні. Калі на досвітку пайшлі нямецкія танкі, Мікалай падбіў першую і апошнюю машыны калоны, утварыўшы корак на дарозе… За 2,5 гадзіны бою Сірацінін знішчыў 11 танкаў, 7 бронемашын, 57 салдат і афіцэраў.

Калі фашысты ўсё ж выйшлі на пазіцыю Сірацініна, у яго засталося ўсяго 3 снарады з 60. Прапаноўвалі здацца. Мікалай адказаў стралянінай па іх з карабіна.

1942 год. Пачалася Сталінградская бітва.

Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 – 2 лютага 1943) – адна з найбуйнейшых у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

200 дзён і начэй на берагах Дона і Волгі, а затым ля сцен Сталінграда і непасрэдна ў самім горадзе працягвалася жорсткая бітва. Яна разгарнулася на тэрыторыі ў 100 000 квадратных кіламетраў пры працягласці фронту ад 400 да 850 кіламетраў.

Удзельнічала ў ёй з двух бакоў звыш 2,1 мільёна чалавек.

Нямецка-фашысцкае камандаванне планавала разграміць савецкія войскі на поўдні краіны, авалодаць нафтавымі раёнамі Каўказа, багатымі сельскагаспадарчымі раёнамі Дона і Кубані, парушыць камунікацыі, якія звязваюць цэнтр краіны з Каўказам.

Падчас Сталінградскай бітвы савецкія войскі атачылі і знішчылі галоўныя сілы 4-й танкавай і 6-й палявой армій, разграмілі 3-ю і 4-ю румынскую і 8-ю італьянскую арміі. Страты немцаў склалі звыш 800 000 чалавек, было ўзята ў палон звыш 91 000 чалавек. Агульныя страты суперніка склалі каля 1,5 мільёна чалавек. У Германіі ўпершыню за гады вайны была аб’яўлена нацыянальная жалоба.

Перамога савецкіх войскаў у Сталінградскай бітве стала пераломным этапам падчас Другой Сусветнай вайны. Паражэнне фашысцкага блока пад Сталінградам падарвала давер да Германіі з боку яе саюзнікаў, спрыяла актывізацыі руху Супраціўлення ў краінах Еўропы. Японія і Турцыя вымушаны былі адмовіцца ад планаў актыўных дзеянняў супраць СССР.

Фантан «Бармалей», Сталінград. Фота Э. Еўзерыхіна

1944 год. На другі дзень пасля Партызанскага парада ў Мінску, адбыўся “Марш пераможаных” у Маскве.

Шэсце 42 000 нямецкіх ваеннапалонных працягвалася 2 гадзіны 25 хвілін. Другая група ў 15 000 чалавек прайшла за 4 гадзіны 20 хвілін.

За палоннымі ішлі палівальныя машыны, сімвалічна змываючы бруд з асфальта. Па вуліцах былі праведзены 57 000 нямецкіх вайскоўцаў, якія былі ўзяты ў плен пры Беларускай аперацыі “Баграціён”.

1945 год. У Патсдаме, прыгарадзе Берліна, адкрылася апошняя канферэнцыя лідэраў “Вялікай тройкі” – кіраўнікоў трох найбуйных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне І. Сталіна, Г. Трумэна і У. Чэрчыля.

У гісторыі яна вядома як Патсдамская, ці Берлінская, канферэнцыя.

Галоўнай яе мэтай стала вызначэнне далейшых крокаў па пасляваенным ладзе Еўропы. І за 17 дзён кіраўнікі краін-пераможцаў прынялі найважнейшыя рашэнні па ўладкаванні зрынутай Германіі.

1955 год. У амерыканскім Анахайме, на поўдзень ад Лос-Анджэлеса, адкрыўся “Дыснэйлэнд”.

Яго адкрыў амерыканскі “кароль мультыплікацыі” і ўдачлівы кінабізнесмэн Уолт Дысней. “Дыснэйлэнд” – чароўная краіна сімпатычных герояў яго знакамітых мультфільмаў.

Да 1985 года ў “Дыснэйлэндзе” пабывалі 250 мільёнаў наведвальнікаў. У 1971 годзе другі амерыканскі “Дыснэйлэнд” з’явіўся ў Фларыдзе, у 1983-м – падобны парк адкрыўся пад Токіо, а ў 1992-м – пад Парыжам.

Зараз парк працуе на 200 гектарах. У ім пабывала сумарна пад 800 мільёнаў наведвальнікаў.

1956 год. Нарадзіўся Барыс Крайко.

Беларускі географ, педагог.

Выхаванец факультэта прыродазнаўства Мінскага педінстытута (1978).

Працаваў дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам часопіса “Геаграфія: праблемы выкладання”.

Суаўтар школьных падручнікаў па геаграфіі.

1959 год. Нарадзіўся Барыс Пятровіч (Сачанка).

Беларускі празаік.

Працаваў у «Гомельскай праўдзе», «Звяздзе», «Літаратуры і Мастацтве», часопісе «Полымя».

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне дэмакратычныя пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Выдавец больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка», больш дзесятка кніг у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».

Яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.

1959 год. Нарадзілася Вольга Русілка.

Беларуская паэтэса, літаратуразнавец.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, кандыдат  філалагічных навук, дацэнт.

Суаўтар падручніка “Родная літаратура” для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў. 

1998 год. Памёр Сяргей Сідор (1937-1998).

Беларускі географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытута, БДУ.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі, часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання». Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі. Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі.

Працягваў справу А. Смоліча, стварыў першы ў незалежнай Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.

2000 год. Памерла Эдзі Агняцвет (Каган, 1913-2000).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, шэраг паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх,  французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсена.

2008 год. Памёр Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг), чэмпіён СНД. Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку з Мікалаем Валуевым і Мікалаем Паповым. Акрамя бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем.

Загінуў пры цьмяных абставінах. 

2014 год. Авіякатастрофа Boeing 777 пад Данецкам.

Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines рэйса Амстэрдам-Куала-Лумпур быў збіты. Загінулі  283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Найбуйнейшая авіякатастрофа XXI стагоддзя.

Падчас міжнаронага расследвання ўстаноўлена, што самалёт быў збіты ЗРК “Бук” 53-й зенітна-ракетнай брыгады Мінабароны Расіі.

19 чэрвеня 2019 прадстаўнікі міжнароднай сумеснай следчай групы афіцыйна назвалі імёны чатырох падазраваных па справе аб гібелі борта MH17. Гэта – былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР І. Гіркін (Стралкоў), а таксама Л. Харчанка, А. Пулатаў і С. Дубінскі. Выдадзена чатыры ордэры на іх арышт.

9 сакавіка 2020 года ў Нідэрландах у судовым комплексе Схіпхала пачаліся слуханні па справе аб забойстве 298 чалавек, а таксама аб наўмысным знішчэнні самалёта. Ніводзін з чатырох падазраваных на судовае паседжанне не з’явіўся.

17 лістапада 2022 года суд прызнаў І. Гіркіна і яго падначаленых С. Дубінскага і Л. Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам.

У Японіі прайшла прэм’ера апошняга – і засакрэчанага – фільма Хаяо Міядзакі

Уся прамоўцыя новага анімацыйнага фільма славутай студыі Ghibli заключалася ў адным плакаце, на працягу дзесяці гадоў вакол сюжэта фільма захоўвалася таямніца. Гледачы ўжо назвалі работу “кульмінацыяй” анімэ Міядзакі.

У Японіі быў паказаны першы поўнаметражны фільм оскараноснага рэжысёра Хаяо Міядзакі за апошнія дзесяць гадоў. Прычым для прыхільнікаў творчасці знакамітага рэжысёра ўпершыню прыходзілася толькі здагадвацца, пра што гаворыцца ў фільме – за пяць гадоў працы над карцінай яе стваральнікі са студыі Ghibli не выпусцілі ніводнага трэйлера, а рэклама была абмежавана адзіным плакатам, апублікаваным у снежні мінулага года, які паказвае эскіз птушынападобнай істоты з белымі і сінімі пёрамі – піша Guardian.

Новы анімацыйны фільм называецца “Як ты жывеш?”. Гэтая назва была ўзятая з бестселера 1937 года японскага дзіцячага пісьменніка Гензабура Ёсіна. У студыі Ghibli падкрэслівалі, што сюжэт стварыў сам Міядзакі. У цэнтры сюжэта – хлопчык, які пераязджае ў сельскую мясцовасць са сваім бацькам пасля таго, як яго маці загінула ў пажары ў Японіі ваеннага часу . Там ён сустракае чаплю, якая пераносіць яго ў альтэрнатыўны сусвет, дзе павольна раскрываецца таямніца смерці яго маці.

Прадзюсар фільма Тошыо Сузукі ў мінулым месяцы заявіў, што студыя вырашыла не рэкламаваць «Як ты жывеш?» з-за занепакоенасці тым, што чаканні папярэдняга анімэ Ghibli былі празмернымі.

– Я падумаў, што выдача занадта вялікай колькасці інфармацыі знізіць цікавасць аўдыторы. – сказаў Сузукі – У наш век інфармацыйных тэхналогій я палічыў, што недахоп інфармацыі сам па сабе будзе цікавым.

Першыя гледачы ўжо паспелі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад відовішча. 

– Я не адчуваў, што ёсць нешта асаблівае толькі таму, што гэта апошняя праца, але я дакладна бачыў шмат Міядзакі ў фільме … і гэта было захапляльна. – расказаў Эйсаку Кімура, студэнт універсітэта, які быў сярод прыхільнікаў Міядзакі ў чарзе каля кінатэатра ў такійскім раёне Сібуя.

Валерыя Мацвеева, настаўніца англійскай мовы з Расіі, апісала “Як ты жывеш?” як “вар’яцкую сумесь усіх фільмаў Ghibli, якія я бачыла раней”.

Адзін фанат, які толькі што паглядзеў фільм у кінатэатры ў Токіо, сказаў, што фільм стаў «кульмінацыяй» анімэ Міядзакі.

Фота: Kim Kyung-Hoon/Reuters

Японцы наймаюць рэпетытараў, каб зноўку навучыцца ўсміхацца пасля пандэміі і нашэння масак

Пасля трох гадоў карантыну, японцы наймаюць асабістых трэнераў, каб не адчуваць дыскамфорту падчас усмешкі. З моманту адмены афіцыйных рэкамендацый насіць маскі, каб прадухіліць распаўсюджванне Covid-19, многія людзі прызналіся, што з цяжкасцю прыстасоўваюцца да жыцця без масак, а некаторыя кажуць, што забыліся, як гэта – ўсміхацца.

– Паколькі нашэнне маскі стала нормай, у людзей стала менш магчымасцей усміхацца, і ўсё больш і больш людзей развівалі комплекс з гэтай нагоды. – расказала выданню Asahi Shimbun Кейко Кавана, трэнер кампаніі Egaoiku, якая займаецца навучаннем усмешцы.

Удзельнікі навучальных курсаў выкарыстоўвалі ручныя люстэркі, каб праверыць свой прагрэс, некаторыя карэктавалі выразы твару, пакуль не пераканаліся, што зноў адкрылі для сябе натуральную ўсмешку той пары, калі яны яшчэ не насілі маскі.

У Egaoiku колькасць прэтэндэнтаў вырасла ў 4,5 разы пасля таго, як СМІ ўпершыню паведамілі, што карантынныя меры па Covid-19 будуць аблягчацца. 

Заняткі, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю сярод жанчын, звычайна пачынаюцца з расцяжак, каб зняць напружанне твару, перш чым удзельнікі падымаюць свае ручныя люстэркі на ўзровень вачэй і згінаюць часткі твару ў адпаведнасці з інструкцыямі Кавано.

Кейко Кавана навучыла ўжо больш за 4000 чалавек мастацтву ўсміхацца за апошнія шэсць гадоў, а таксама дапамгла сотням іншых стаць сертыфікаванымі «спецыялістамі па ўсмешцы». Зараз яна кіруе 20 трэнерамі, якія вядуць заняткі па ўсёй Японіі – піша Guardian.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 11 сакавіка. Тэракт у Мадрыдзе. Віленска-Радамская унія. Вывяржэнне Этны. Аварыя на Фукусіме. Нарадзіліся паэты А. Гарун, Т. Кляшторны, акадэмік А. Мігдал, коласветчык Я. Гвоздзеў

Еўрапейскі дзень памяці ахвяр тэрарызму.

У памяць аб тэрактах у Мадрыдзе 11 сакавіка 2004 года.

За 2 дні да выбараў у іспанскі парламент у мадрыдскіх электрычках узарваліся 10 бомб. 193 чалавекі загінулі, больш за 2 000 атрымалі раненні. 

Міжнародная тэрарыстычная арганізацыя “Аль-Каіда” з дапамогай відэазапісу апавясціла свет аб тым, што гэтая акцыя, праведзеная ёю роўна праз 2,5 гады пасля падзей у ЗША 11 верасня 2001 года, з’яўляецца помстай за ўдзел іспанскіх ваенных у аперацыях ЗША ў Іраку і Афганістане. 

Тэракт паўплываў на зыход  выбараў і прымусіў іспанцаў сысці з Ірака. 

106 год. Цай Лунь атрымлівае паперу з валокнаў бамбука.

Да яго паперу ў Кітаі рабілі з пянькі, а яшчэ раней з шоўку, які выраблялі з сапсаваных коканаў шаўкапрада. Цай Лунь раструшчыў валакно шаўкоўніцы, драўняны попел, анучы і пяньку. Усё гэта ён змяшаў з вадой і атрыманую масу выклаў на форму – драўляную раму і сіта з бамбука. Пасля сушкі на сонцы, ён гэтую масу разгладзіў з дапамогай камянёў. У выніку атрымаліся трывалыя аркушы паперы.

Пасля вынаходства Цай Луня, працэс вытворчасці паперы стаў хутка ўдасканальвацца. Сталі дадаваць для падвышэння трываласці крухмал, клей, натуральныя фарбавальнікі.

1401 год.  У Радаме каронная рада зацвердзіла  Віленска-Радамскую унію.

Перамовы па Уніі пачаліся ў снежні 1400 года ў Гродна. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам, другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай 18 студзеня 1401 года ў Вільні. Віленскую дамову пацвердзілі ў Радаме.

Унія ў пэўнай ступені зняла спрэчкі паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу. 

Ва ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. 

У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Войцех Герсан. Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы

1669 год. Пачалося вывяржэнне вулкана Этна на італьянскай Сіцыліі. Працягвалася да ліпеня.

Рэкі расплаўленай лавы пахавалі 50 гарадоў, загінула ад 20 да 100 тысяч чалавек.

Мясцовыя жыхары называюць вулкан  «Монгібела» –  «Гара гор». Этна сапраўды ўзрушае сваімі памерамі: плошча 120 квадратных кіламетраў, а акружнасць вулкана складае 200 кіламетраў.

Пры вывяржэнні ў 1964 годзе Этна вырасла яшчэ на 50 м і зараз яе вышыня складае 3350 м. Масіў налічвае 270 кратараў, і лава выплюхваецца з расколін глыбінёй у адзін кіламетр. Гэтаму вулкану належыць першынство па колькасці вядомых чалавеку вывяржэнняў. З часоў хрысціянскага летазлічэння адбылося 150 магутных вывяржэнняў Этны.

1827 год. Нарадзіўся Каятан Крашэўскі.

Ураджэнец Беларусі, польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар. Брат пісьменніка Ю. Крашэўскага.

Скончыў Свіслацкую гімназію.

Аўтар гістарычных аповесцей, абразкоў і мемуараў, падзеі якіх адбываюцца пераважна на Беларусі, а таксама камедый, вершаў, гавэндаў.

Пісаў музыку: канцэрты, санаты, мініяцюры для фартэпіяна.

Меў бібліятэку з 10 000 тамоў, у тым ліку зборы Сапегаў. Заснавальнік прыватнай астранамічнай абсерваторыі.

Памёр 1 ліпеня 1896 года.

1872 год. Памёр Плацыд Янкоўскі (1810-1872).

Беларускі пісьменнік і перакладчык, публіцыст, уніяцкі і праваслаўны святар.

Валодаў 10 мовамі. З сялянамі размаўляў на беларускай мове. 

Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых, біяграфічных нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў больш дзесяці кніг прозы на польскай мове. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і іншых. 

У «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

У 2006 годзе ў Беларусі ўпершыню выдадзены яго «Записки сельского священника», дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця.

1887 год. Нарадзіўся Алесь Гарун (Прушынскі).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.

У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.

Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар  вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.

У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.

Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ 28 ліпеня 1920 года.

1899 год. Нарадзілася Вольга Галіна (па  мужу Александроўская, дзявочае Грудзінская).

Беларуская актрыса. Народная артыстка.

У 1923-1962 гадах служыла актрысай ў купалаўскім тэатры, пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Е. Міровіча. У 1948-1963 гадах выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Іграла ў пастаноўках па творах І. Папова, А. Астроўскага, М. Горкага, А. Чэхава, Я. Рамановіча, Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспіра, Л. Талстога і іншых.

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

Памерла 4 снежня 1980 года.

1903 год. Нарадзіўся Тодар Кляшторны.

Беларускі паэт.

Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП.

Выдаў 5 зборнікаў паэзіі, многіх паэм. Аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў, твораў публіцыстычнай скіраванасці, баек, пародый, эпіграм, апавяданняў.

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» К. Ванека, асобных твораў П.  Тычыны, В.  Брусава, І. Харыка, А. Кутатэлі, М. Асеева, У. Маякоўскага і іншых.

Яго творы перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М.Равенскі напісалі песні.

Арыштаваны НКУС у лістападзе 1936 года, асуджаны 29 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў тую ж ноч.

Імя паэта носіць вуліца ў в. Камень на Лепельшчыне. У вясковым Доме культуры дзейнічае бібліятэка-музей Т.  Кляшторнага.

1911 год. Нарадзіўся Леў Гарошка.

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. 

Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікабрытаніі. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопіса «Божым шляхам». Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.

Памёр 28 ліпеня 1977 года ў шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Святога Панкрата ў Лондане.

Яго багаты архіў захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. На думку гісторыка С. Абламейкі, спадчына Льва Гарошкі “змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне”.

1911 год. У г. Ліда нарадзіўся Аркадзь Мігдал.

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.

Памёр у ЗША 9 лютага 1991 года.

1913 год. Памёр ураджэнец Беларусі Андрэй Вількіцкі (1858-1913).

Рускі гідрограф, геадэзіст, палярны даследчык, генерал корпуса гідрографаў, начальнік Галоўнага Гідраграфічнага ўпраўлення. 

З’яўляецца адным з найбольш паважаных спецыялістаў у асяроддзі ваенных гідрографаў.

Яго імем названыя мыс, ледавік, гара і заліў на архіпелагу Новая Зямля, востраў і астравы Вількіцкага ў Карскім і астравы ва Усходне-Сібірскім морах, праліў.

У Пецярбургу ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1934 год. Нарадзіўся ў Пінску Яўген Гвоздзеў. 

Самы вядомы адзіночны коласветчык з Беларусі, падарожнік і мараплаўца.

Пасля сканчэння мараходнай вучэльні ў Астрахані, плаваў суднавым механікам на буйных рыбалавецкіх судах Каспія. Займаўся ветразным спортам. Сам будаваў свае яхты.

Як яхтсмен перасёк Каспій у адзіночных і калектыўных паходах больш за 50 разоў.

Быў у двух коласветных падарожжах (1992-1996 – першае і адзінае ў гісторыі адзіночных кругасветак плаванне на звычайным шпацырным швертбоце; 1999-2003).

У трэцяе падарожжа вакол Зямлі 74-гадовы мораплавец адправіўся з Наварасійска 19 верасня 2008 года. Перасёк Чорнае мора, Басфор, дасягнуў Італьянскага берага і 30 лістапада апошні раз выйшаў на сувязь.

10 снежня 2008 года цела нашага земляка з глыбокай ранай на галаве было знойдзена на пляжы Кастэльпарцыяна на поўдні Італіі.

1938 год. Расстраляны ў ГУЛАГу айцец Іаан (Іван Пашын, 1881-1938).

Беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923-1926), Рыльскі (1929-1933).

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў.

Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю. Служыў у цэрквах і настаўнічаў  у царкоўна-прыходскіх школах Гомельшчыны, Міншчыны

Арыштоўваўся НКУС у 1926, 1932 гадах, высылаўся ў Сібір, Комі АССР.

Расстраляны па абвінавачванню ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных».

У 2004 годзе Сінодам БПЦ далучаны да Сабора беларускіх святых.  Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы (на фота).

1941 год. Памёр у ГУЛАГу Аляксандр Уласаў (1874-1941).

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, рэдактар-выдавец газеты «Наша ніва», польскі сенатар.

Прыцягнуў да супрацы ў “Нашай Ніве” Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш. Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі. 

Яго рукапісная спадчына зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы, цэнтральных навуковых бібліятэках акадэмій навук Беларусі, Літвы.

Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны.

У верасні 1939 года вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, выказваўся за адкрыццё беларускай школы ў Радашковічах, а праз месяц арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў вілейскай турме. 

У лістападзе 1940 года асуджаны на 5 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах.

1996 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Леанід Марчанка (1941-1996).

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнікам ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі –  характарыстыкі кожнай істотнай дэталі  раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

2011 год. Наймацнейшае ў гісторыі Японіі землетрасенне магнітудай 9,1.

Катаклізм выклікаў цунамі і аварыю на АЭС Фукусіма I, затапленне аэрапорта Сендай.

Тры працуючых энергаблока былі спынены дзеяннем аварыйнай абароны, усе аварыйныя сістэмы спрацавалі ў штатным рэжыме. Але,  на наступны дзень, на АЭС адбыўся выбух. Узровень радыяцыі каля станцыі перавысіў норму ў 20 разоў. Як і аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвоены 7, вышэйшы, узровень тэхнагеннай аварыі.

Наступнае землетрасенне на ўзбярэжжы прэфектуры Фукусіма магнітудай 7,3 адбылося праз 11 гадоў – 16 сакавіка 2022 года. Вучоныя лічаць гэты катаклізм афтэршокам землетрасення 2011 года. У выніку цунамі загінула 4 чалавека, 225 паранены.

Прычыны землетрасенняў – зрухі літасферных пліт.

Рэстаран-зямлянка стаў архітэктурнай навінкай года – фота

Па версіі ўплывовага ArchDaily будынкам 2023-га года стаў штучны падземны сямейны дом-рэстаран, выліты з бетону ў Японіі.

Японскі архітэктар Джунья Ішыгамі шмат гадоў сябраваў з замоўцам, і той прыйшоў да яго з запытам на будынак, «які будзе з часам усё больш цяжкім» і выглядаць пры гэтым «так, нібы ён быў тут заўсёды».

Архітэктарызмадэлявалі пабудову арганічнай формы ў 3D і прагналі іх каардынаты праз геадэзічны тахеометр, каб зразумець, куды забіваць палі. 

Затым уручную выкапалі ямы, увесь час звяраючыся з дадзенымі з айпада, а ў іх залілі бетон – гэта значыць зямля стала апалубкай для ўнутраных памяшканняў. На ўзроўні зямлі канструкцыю накрылі дахам – таксама з бетону.

Асноўная ідэя пабудовы заключалася ў тым, каб стварыць зусім новы рэстаран, які выглядаў бы як даўно існуючы. Заказчык марыў аб памяшканні, што будзе адначасова домам і рэстаранам, а таксама чымсьці, што ён зможа перадаць сваім дзецям і ўнукам.

Цяпер гэта адначасова рэстаран, куды можна запрасіць сяброў як быццам бы ў свой дом. Калі рэстаран зачынены, зала служыць месцам, дзе сям’я праводзіць час, альбо дзе займаюцца дзеці. Уся канструкцыя падзеленая на дзве зоны – дом і рэстаран Каб перамяшчацца паміж гэтымі памяшканнямі, можна прайсці праз любы з трох унутраных панадворкаў, якія падзяляюць іх.

Фота: ArchDaily