Дзень у гісторыі. 11 сакавіка. Тэракт у Мадрыдзе. Віленска-Радамская унія. Вывяржэнне Этны. Аварыя на Фукусіме. Нарадзіліся паэты А. Гарун, Т. Кляшторны, акадэмік А. Мігдал, коласветчык Я. Гвоздзеў

Еўрапейскі дзень памяці ахвяр тэрарызму.

У памяць аб тэрактах у Мадрыдзе 11 сакавіка 2004 года.

За 2 дні да выбараў у іспанскі парламент у мадрыдскіх электрычках узарваліся 10 бомб. 193 чалавекі загінулі, больш за 2 000 атрымалі раненні. 

Міжнародная тэрарыстычная арганізацыя “Аль-Каіда” з дапамогай відэазапісу апавясціла свет аб тым, што гэтая акцыя, праведзеная ёю роўна праз 2,5 гады пасля падзей у ЗША 11 верасня 2001 года, з’яўляецца помстай за ўдзел іспанскіх ваенных у аперацыях ЗША ў Іраку і Афганістане. 

Тэракт паўплываў на зыход  выбараў і прымусіў іспанцаў сысці з Ірака. 

106 год. Цай Лунь атрымлівае паперу з валокнаў бамбука.

Да яго паперу ў Кітаі рабілі з пянькі, а яшчэ раней з шоўку, які выраблялі з сапсаваных коканаў шаўкапрада. Цай Лунь раструшчыў валакно шаўкоўніцы, драўняны попел, анучы і пяньку. Усё гэта ён змяшаў з вадой і атрыманую масу выклаў на форму – драўляную раму і сіта з бамбука. Пасля сушкі на сонцы, ён гэтую масу разгладзіў з дапамогай камянёў. У выніку атрымаліся трывалыя аркушы паперы.

Пасля вынаходства Цай Луня, працэс вытворчасці паперы стаў хутка ўдасканальвацца. Сталі дадаваць для падвышэння трываласці крухмал, клей, натуральныя фарбавальнікі.

1401 год.  У Радаме каронная рада зацвердзіла  Віленска-Радамскую унію.

Перамовы па Уніі пачаліся ў снежні 1400 года ў Гродна. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам, другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай 18 студзеня 1401 года ў Вільні. Віленскую дамову пацвердзілі ў Радаме.

Унія ў пэўнай ступені зняла спрэчкі паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу. 

Ва ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. 

У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Войцех Герсан. Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы

1669 год. Пачалося вывяржэнне вулкана Этна на італьянскай Сіцыліі. Працягвалася да ліпеня.

Рэкі расплаўленай лавы пахавалі 50 гарадоў, загінула ад 20 да 100 тысяч чалавек.

Мясцовыя жыхары называюць вулкан  «Монгібела» –  «Гара гор». Этна сапраўды ўзрушае сваімі памерамі: плошча 120 квадратных кіламетраў, а акружнасць вулкана складае 200 кіламетраў.

Пры вывяржэнні ў 1964 годзе Этна вырасла яшчэ на 50 м і зараз яе вышыня складае 3350 м. Масіў налічвае 270 кратараў, і лава выплюхваецца з расколін глыбінёй у адзін кіламетр. Гэтаму вулкану належыць першынство па колькасці вядомых чалавеку вывяржэнняў. З часоў хрысціянскага летазлічэння адбылося 150 магутных вывяржэнняў Этны.

1827 год. Нарадзіўся Каятан Крашэўскі.

Ураджэнец Беларусі, польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар. Брат пісьменніка Ю. Крашэўскага.

Скончыў Свіслацкую гімназію.

Аўтар гістарычных аповесцей, абразкоў і мемуараў, падзеі якіх адбываюцца пераважна на Беларусі, а таксама камедый, вершаў, гавэндаў.

Пісаў музыку: канцэрты, санаты, мініяцюры для фартэпіяна.

Меў бібліятэку з 10 000 тамоў, у тым ліку зборы Сапегаў. Заснавальнік прыватнай астранамічнай абсерваторыі.

Памёр 1 ліпеня 1896 года.

1872 год. Памёр Плацыд Янкоўскі (1810-1872).

Беларускі пісьменнік і перакладчык, публіцыст, уніяцкі і праваслаўны святар.

Валодаў 10 мовамі. З сялянамі размаўляў на беларускай мове. 

Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых, біяграфічных нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў больш дзесяці кніг прозы на польскай мове. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і іншых. 

У «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

У 2006 годзе ў Беларусі ўпершыню выдадзены яго «Записки сельского священника», дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця.

1887 год. Нарадзіўся Алесь Гарун (Прушынскі).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.

У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.

Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар  вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.

У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.

Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ 28 ліпеня 1920 года.

1899 год. Нарадзілася Вольга Галіна (па  мужу Александроўская, дзявочае Грудзінская).

Беларуская актрыса. Народная артыстка.

У 1923-1962 гадах служыла актрысай ў купалаўскім тэатры, пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Е. Міровіча. У 1948-1963 гадах выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Іграла ў пастаноўках па творах І. Папова, А. Астроўскага, М. Горкага, А. Чэхава, Я. Рамановіча, Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспіра, Л. Талстога і іншых.

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

Памерла 4 снежня 1980 года.

1903 год. Нарадзіўся Тодар Кляшторны.

Беларускі паэт.

Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП.

Выдаў 5 зборнікаў паэзіі, многіх паэм. Аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў, твораў публіцыстычнай скіраванасці, баек, пародый, эпіграм, апавяданняў.

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» К. Ванека, асобных твораў П.  Тычыны, В.  Брусава, І. Харыка, А. Кутатэлі, М. Асеева, У. Маякоўскага і іншых.

Яго творы перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М.Равенскі напісалі песні.

Арыштаваны НКУС у лістападзе 1936 года, асуджаны 29 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў тую ж ноч.

Імя паэта носіць вуліца ў в. Камень на Лепельшчыне. У вясковым Доме культуры дзейнічае бібліятэка-музей Т.  Кляшторнага.

1911 год. Нарадзіўся Леў Гарошка.

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. 

Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікабрытаніі. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопіса «Божым шляхам». Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.

Памёр 28 ліпеня 1977 года ў шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Святога Панкрата ў Лондане.

Яго багаты архіў захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. На думку гісторыка С. Абламейкі, спадчына Льва Гарошкі “змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне”.

1911 год. У г. Ліда нарадзіўся Аркадзь Мігдал.

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.

Памёр у ЗША 9 лютага 1991 года.

1913 год. Памёр ураджэнец Беларусі Андрэй Вількіцкі (1858-1913).

Рускі гідрограф, геадэзіст, палярны даследчык, генерал корпуса гідрографаў, начальнік Галоўнага Гідраграфічнага ўпраўлення. 

З’яўляецца адным з найбольш паважаных спецыялістаў у асяроддзі ваенных гідрографаў.

Яго імем названыя мыс, ледавік, гара і заліў на архіпелагу Новая Зямля, востраў і астравы Вількіцкага ў Карскім і астравы ва Усходне-Сібірскім морах, праліў.

У Пецярбургу ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1934 год. Нарадзіўся ў Пінску Яўген Гвоздзеў. 

Самы вядомы адзіночны коласветчык з Беларусі, падарожнік і мараплаўца.

Пасля сканчэння мараходнай вучэльні ў Астрахані, плаваў суднавым механікам на буйных рыбалавецкіх судах Каспія. Займаўся ветразным спортам. Сам будаваў свае яхты.

Як яхтсмен перасёк Каспій у адзіночных і калектыўных паходах больш за 50 разоў.

Быў у двух коласветных падарожжах (1992-1996 – першае і адзінае ў гісторыі адзіночных кругасветак плаванне на звычайным шпацырным швертбоце; 1999-2003).

У трэцяе падарожжа вакол Зямлі 74-гадовы мораплавец адправіўся з Наварасійска 19 верасня 2008 года. Перасёк Чорнае мора, Басфор, дасягнуў Італьянскага берага і 30 лістапада апошні раз выйшаў на сувязь.

10 снежня 2008 года цела нашага земляка з глыбокай ранай на галаве было знойдзена на пляжы Кастэльпарцыяна на поўдні Італіі.

1938 год. Расстраляны ў ГУЛАГу айцец Іаан (Іван Пашын, 1881-1938).

Беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923-1926), Рыльскі (1929-1933).

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў.

Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю. Служыў у цэрквах і настаўнічаў  у царкоўна-прыходскіх школах Гомельшчыны, Міншчыны

Арыштоўваўся НКУС у 1926, 1932 гадах, высылаўся ў Сібір, Комі АССР.

Расстраляны па абвінавачванню ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных».

У 2004 годзе Сінодам БПЦ далучаны да Сабора беларускіх святых.  Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы (на фота).

1941 год. Памёр у ГУЛАГу Аляксандр Уласаў (1874-1941).

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, рэдактар-выдавец газеты «Наша ніва», польскі сенатар.

Прыцягнуў да супрацы ў “Нашай Ніве” Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш. Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі. 

Яго рукапісная спадчына зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы, цэнтральных навуковых бібліятэках акадэмій навук Беларусі, Літвы.

Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны.

У верасні 1939 года вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, выказваўся за адкрыццё беларускай школы ў Радашковічах, а праз месяц арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў вілейскай турме. 

У лістападзе 1940 года асуджаны на 5 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах.

1996 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Леанід Марчанка (1941-1996).

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнікам ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі –  характарыстыкі кожнай істотнай дэталі  раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

2011 год. Наймацнейшае ў гісторыі Японіі землетрасенне магнітудай 9,1.

Катаклізм выклікаў цунамі і аварыю на АЭС Фукусіма I, затапленне аэрапорта Сендай.

Тры працуючых энергаблока былі спынены дзеяннем аварыйнай абароны, усе аварыйныя сістэмы спрацавалі ў штатным рэжыме. Але,  на наступны дзень, на АЭС адбыўся выбух. Узровень радыяцыі каля станцыі перавысіў норму ў 20 разоў. Як і аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвоены 7, вышэйшы, узровень тэхнагеннай аварыі.

Наступнае землетрасенне на ўзбярэжжы прэфектуры Фукусіма магнітудай 7,3 адбылося праз 11 гадоў – 16 сакавіка 2022 года. Вучоныя лічаць гэты катаклізм афтэршокам землетрасення 2011 года. У выніку цунамі загінула 4 чалавека, 225 паранены.

Прычыны землетрасенняў – зрухі літасферных пліт.

Месца хрышчэння Хрыста на рацэ Іардан будзе пераўтворана ў грандыёзны цэнтр турызму

Улады Іарданіі абвясцілі аб вылучэнні 100 мільёнаў долараў на будаўніцтва новага грандыёзнага комплексу для паломнікаў на меркаваным месца хрышчэння Ісуса Хрыста. 

Іарданія, як паведамляе BBC, мае намер на гэтыя сродкі пабудаваць найбуйнейшы міжканфесійны цэнтр у рэгіёне, з улікам таго, што рака Іардан і яго даліна маюць вялікае рэлігійнае значэнне не толькі для хрысціян, але і для габрэяў, і для мусульман. У плане – прыцягнуць мільён хрысціянскіх паломнікаў да 2030 года ў Эль-Махтас (у літаральным перакладзе “апусканне”, што эквівалентна тэрміну “хрышчэнне”).

Богаяўленне

Вадохрышча – Богаяўленне – Хрышчэнне Госпада – гэта вялікае хрысціянскае свята, якое адзначаецца 19 студзеня. Для ўсходніх (праваслаўных) хрысціян свята Богаяўлення гэта дзень, калі Ісус Хрыстос быў ахрышчаны прарокам Іаанам у водах Іардану, а для католікаў гэта яшчэ і памяць пра наведванне дзіцяці Ісуса мудрацамі Ўсходу (свята трох каралёў). 

Месца хрышчэння Хрыста, таксама вядомае як Віфанія Заіарданская, з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яно размешчана ў дзевяці кіламетрах на поўнач ад Мёртвага мора, самай нізкай кропкі Зямлі. Тут археолагі выявілі будынкі рымскага і візантыйскага перыяду, у тым ліку цэрквы, капліцы, манастыр, пячоры, дзе жылі пустыннікі, купальню, у якой праводзіліся хрышчэнні.

За апошнія 20 гадоў Эль Махтас наведалі шматлікія царкоўныя лідары з усяго свету. І Ізраіль, і Іарданія хацелі б, каб большасць турыстаў і паломнікаў трапілі на іх бок ракі. 

Праект комплексу

Агульны план новага комплексу плошчай 1,4 квадратных кіламетры, які будзе пабудаваны побач з аб’ектам ЮНЕСКА, быў прадстаўлены асабіста каралём Іарданіі Абдулой.

Аўтары праекта сыходзяць з таго што гэта трэцяе самае важнае месца на Зямлі ў хрысціянстве, таму цалкам недарэчна скажаць альбо парушаць яго сутнасць. З самага пачатку дызайнеры вырашылі адмовіцца ад будаўніцтва сучасных гатэляў і ператварэння святога месца ў нейкі тэматычны забаўляльны парк.

Замест 5-зоркавых гатэляў турысты і пілігрымы будуць жыць у глэмпінгу, які будзе візуальна нагадваць гістарычныя пабудовы 2000-гадовай даўніны. У рэстаранах і закусачных стравы будуць падрыхтаваны з экалагічна чыстых прадуктаў мясцовай вытворчасці. Усе кабелі для камунікацыі будуць схаваны пад зямлёй.

Большая частка комплексу будзе зарэзервавана для сельскай гаспадаркі і запаведніка птушак. Аўтары праекта ўжо звярнуліся да Каралеўскага батанічнага саду ў Лондане з просьбай дапамагчы ім вярнуць на гэтую тэрыторыю некаторыя расліны, якія згаданыя ў Бібліі.

Рэалізацыя праекту можа паслужыць годным прыкладам культурнага абмену і міжканфесійнай гармоніі ў рэгіёне, дзе часта ўзнікаюць канфлікты. 

Фота: BBC