Учора мы апублікавалі разбор матэрыялаў bykhov.by пра нарыхтоўку кармоў у ААТ «Абідавічы» і ААТ «Вароніно», дзе замест тэхналагічнага тэрміна «валкаванне» стаяла неіснуючае «волкование».
Быхаўская рэдакцыя адрэагавала хутка. Памылку выправілі цішком. Ніякага рэдакцыйнага ўдакладнення на сайце не з’явілася. Ніякай пазнакі «ў першапачатковай версіі тэксту была дапушчана памылка» – таксама. Ніхто не напісаў матэрыял-тлумачэнне або адказ.
Проста зайшлі ў тэкст, замянілі адно слова, захавалі змены. Нібыта «ваўкавання» там ніколі і не было.
Класічная для дзяржаўнай прэсы механіка. Памылка не прызнаецца публічна, а сціраецца праз незаўважную карэктуру заднім чыслом. Чытач, які ўбачыць артыкул сёння, ужо не даведаецца, што ўчора ў ім было слова, якое выклікала ў чарнобыльскіх лясах Быхава зграі ваўкоў.
Толькі Wayback Machine з гэтай механікай даўно не згодны. Архіўная копія матэрыялу ад 6 ліпеня 2026 года зафіксавала «волкование» ў першапачатковым выглядзе, да таго як рэдакцыя паспела падчысціць тэкст.

Праўкі, што паказальна, закранулі толькі той артыкул, які мы разабралі адкрыта. Больш ранні матэрыял аўтара Наталлі Левачковай(на фота) пра тую ж гаспадарку, ад 29 чэрвеня 2026 года, рэдакцыя не кранула. «Волкование» там дагэтуль стаіць на сваім месцы. Значыць, уласны сайт на іншыя выпадкі той жа памылкі ў рэдакцыі не правяраюць – выпраўляюць толькі тое, куды іх ткнулі пятачком.
Карацей кажучы, «волкование» ў «Маяку Прыдняпроўя» носіць масавы, устойлівы характар.
У райвыканкаме таксама маладушна ваўкуюць замест таго, каб змагацца з непісьменнасцю свайго друкаванага органа і ў тры шыі гнаць «акул пяра» працаваць у палі, дзе такуюць цецерукі і выюць пярэваратні.
Фота скрыншот старонкі сайта, сацыяльныя сеткі.
