кіберзлачынства

Магілёўшчыну захлынула кіберзлачыннасць

У Магілёўскай вобласці за пяць месяцаў 2026 года колькасць кіберзлачынстваў вырасла амаль на траціну, а агульная шкода перавысіла 1,8 млн рублёў.

За студзень – травень 2026 года ў Магілёўскай вобласці зарэгістравана 742 кіберзлачынствы. За такі ж перыяд мінулага года іх было 594. Рост склаў амаль 25%.

Паводле міліцыі, больш за палову ўсіх такіх злачынстваў – махлярства. Яшчэ значную частку складаюць крадзяжы з выкарыстаннем камп’ютарнай інфармацыі, калі зламыснікі змяняюць плацежныя рэквізіты або выкарыстоўваюць шкоднасныя праграмы.

У 742 крымінальных справах фігуруюць 805 пацярпелых. Часцей за ўсё ахвярамі становяцца жанчыны і людзі працаздольнага ўзросту.

«Следчыя» з партрэтам дыктатара

Адной з самых распаўсюджаных схем застаюцца тэлефонныя званкі ад імя дзяржаўных службаў, мабільных аператараў або праваахоўнікаў.

Спачатку ў чалавека выманьваюць персанальныя дадзеныя. Пасля гэтага з ім звязваюцца ўжо нібыта супрацоўнікі міліцыі або следчых органаў. Для пераканаўчасці ашуканцы могуць выходзіць на відэасувязь з фонам, які імітуе кабінет сілавіка: з партрэтам Лукашэнкі, кодэксамі і формай.

Ахвяры паведамляюць, што яе дадзеныя нібыта трапілі да злачынцаў, а на яе імя могуць аформіць крэдыты або прадаць маёмасць. Каб «абараніць» грошы, чалавеку прапануюць перавесці іх на так званы бяспечны рахунак.

У міліцыі адзначаюць, што большасць людзей ужо чулі пра такія схемы, але часта ўзгадваюць пра гэта толькі пасля страты грошай.

Неіснуючыя тавары і танныя туры

Паралельна працягваюцца махлярствы з продажам тавараў і паслуг у інтэрнэце. Так, вясной ашуканцы прапануюць садовую мэблю, летам – адпачынак на Браслаўскіх азёрах, зімой – ялінкі і гірлянды. Для гэтага ствараюцца старонкі ў сацсетках і аб’явы на гандлёвых пляцоўках з фальшывымі водгукамі і прывабнымі фотаздымкамі.

Галоўная прыкмета такой схемы – заніжаная цана і патрабаванне поўнай перадаплаты. Пасля атрымання грошай прадавец знікае.

Банкаўскія рэквізіты ў такіх выпадках часта вядуць у Расію, Казахстан або ААЭ, а карты афармляюцца на падстаўных асоб.

Кур’еры за 100 долараў

Паводле міліцыі, за большасцю буйных схем стаяць не адзінкавыя хакеры, а арганізаваныя кол-цэнтры з выразным падзелам роляў.

Адны аператары робяць масавыя званкі па злітых базах дадзеных. Іншыя працуюць з ужо падрыхтаванымі ахвярамі і прадстаўляюцца праваахоўнікамі. Такім людзям прапануюць простую падпрацоўку: забраць пакет па адным адрасе і перадаць яго ў іншым месцы або адвезці на вакзал. За гэта плацяць 100-200 долараў. Часта кур’еры не ведаюць, што ў пакетах знаходзяцца грошы людзей, якія перад гэтым узялі крэдыты або прадалі маёмасць пад ціскам ашуканцаў.

Потым гэтыя грошы выводзяцца за межы Беларусі, найчасцей у Расію.

Кватэры таксама прадаюць

Асобныя гісторыі заканчваюцца стратай жылля. Ашуканцы могуць трымаць чалавека пад кантролем некалькі тыдняў, забараняючы яму размаўляць са сваякамі і пераконваючы, што ўсе дзеянні адбываюцца ў межах «спецаперацыі». У выніку ахвяра прадае кватэру ніжэй рынкавага кошту, бярэ крэдыты і перадае ўсе грошы злачынцам.

Часам падазроныя паводзіны кліентаў заўважаюць рыэлтары і паведамляюць у міліцыю. Але калі здзелка ўжо адбылася, а пакупнік прызнаны добрасумленным, вярнуць жыллё амаль немагчыма.

Што раяць у міліцыі

Праваахоўнікі раяць забараніць у мэсэнджарах званкі з невядомых нумароў, не прымаць фінансавых рашэнняў пад ціскам і ўважліва сачыць за паводзінамі блізкіх.

Доўгія размовы ў зачыненым пакоі, нервовасць, нежаданне нешта тлумачыць і спешка з продажам маёмасці могуць сведчыць пра тое, што чалавек ужо трапіў пад кантроль ашуканцаў.

Фотаздымак: БелТА

← Усе навіны Магілёва