У Магілёве жанчына ўцякла пасля ДТЗ у двары

У Магілёве кіроўца-жанчына ўдарыла чужую машыну і ўцякла з месца ДТЗ. Ад камер відэаназірання сысці не ўдалося.

У адным з двароў Магілёва кіроўца Suzuki заднім ходам зачапіла прыпаркаваны Nissan. Агледзела пашкоджанні – і з’ехала.

Парушальніцай аказалася 50-гадовая мясцовая жыхарка. Вынік – штраф 10 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на чатыры месяцы, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала УУС Магілёўскага аблвыканкама.

У Магілёве юнак сістэматычна краў прадукты з крам

У Магілёве раскрылі серыю крадзяжоў прадуктаў харчавання з крам – злачынца затрыманы.

У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС паведамілі пра знікненне з крам тавараў на агульную суму каля 2 300 рублёў.

Аператыўнікі ўстанавілі, што да крадзяжоў датычны 19-гадовы мясцо жыхар. Аказалася, што малады чалавек складаў тавары, якія спадабаліся, у заплечнік і ўхітраўся пакідаць крамы незаўважаным.

Пазней прадукты ён перапрадаваў праз адзін з сайтаў аб’яў.

Аказваецца камеры відэаназірання і іншыя элементы ахоўных сістэм не заўсёды эфектыўныя.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.