дармаеды

Прафілактыка па-асіповіцку: заробленыя грошы аддай дзяржаве

Асіповіцкая міліцыя пахвалілася новай формай выкарыстання працы паднявольных – заробленыя імі грошы пералічаны ў дзяржбюджэт.

У чэрвені 2026 года, паводле капітана асіповіцкай міліцыі Еўдакімовіча, так званыя дармаеды і тыя, хто выйшаў з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, былі прыцягнуты да “грамадска карыснай працы”. Міліцыянт адсправаздачыўся за дзве такія акцыі, ўдзел у якіх прынялі 40 чалавек.

Гэтае прыцягненне, як заўжды аздоблена высокімі словамі пра прафілактыку правапарушэнняў і фармавання адказнага стаўлення да працы і грамадства. Аднак цяпер капітан яшчэ пахваліўся “вялікім прагрэсам” у эканамічных стасунках з прыцягнутымі да паднявольнай работы. Маўляў, важным элементам арганізацыі акцый стала афармленне праваадносін з удзельнікамі: з 36 грамадзянамі былі заключаны адпаведныя дагаворы. 

То бок, раней нават ніякіх дагавораў ніхто не афармляў, а цяпер навідавоку ледзьве не змена грамадска-эканамічнай фармацыі – працу падняволеных аформілі дагаворамі. Праўда, такі прагрэс, відаць, закрануў не ўсіх. Нічога не кажа Еўдакімовіч пра чатырох астатніх грамадзян. Пэўна, іх праца пакуль застаецца па-за новымі эканамічнымі стасункамі і працавалі яны па-старынцы без аніякіх дагавароў.

Але і тыя, хто перайшоў у новую эканамічную фармацыю ў аплаце сваёй працы, па выніку нічога для сябе не выйгралі. Аплаты як не было, так і не з’явілася, бо “грашовыя сродкі, сабраныя ў рамках мерапрыемстваў, былі накіраваны на рахунак ДУА «Асіповіцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі».

Паводле капітана міліцыі, праца ўдзельнікаў набыла дадатковую гуманітарную каштоўнасць – яна стала укладам у падтрымку людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівай дапамозе і ўвазе. Гэта значыць, што ўдзельнікі, а гэта беспрацоўныя людзі і тыя, хто спрабуе вярнуцца ў самастойнае жыццё пасля ЛПП, такой патрэбы не маюць. 

Па ўсяму відаць, сутнасць прагрэса эканамічных адносін так і не была засвоена асіповіцкімі “прафілактыкамі”. Таму нават афармленне дагавароў аб аплаце працы ў даным выпадку было ўсяго толькі мараннем паперы.

Фотаздымак: “Асіповіцкі край”

← Усе навіны Магілёва