Новы тралейбус БКМ загарэўся ў Магілёве. Гэта не «рэдкі выпадак», а пытанне да завода

У Магілёве загарэўся новы тралейбус БКМ 321-00D, які горад атрымаў усяго некалькі месяцаў таму. Машына была на гарантыі, прайшла тэхабслугоўванне і лічылася спраўнай. Калі папярэдняя версія пра кароткае замыканне на дахаўным абсталяванні пацвердзіцца, гэта будзе не «выпадковасць», а прамое пытанне да якасці тэхнікі і адказнасці вытворцы.

Магілёву перадалі новыя тралейбусы – і адзін з іх ужо гарэў

Восенню 2025 года Магілёў атрымаў восем новых тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам. Гаворка ішла пра машыны мадэлі 32100D серыі «Ольгерд», перададзеныя «БКМ Холдынгам».

Тады абнаўленне падавалася як важнае для горада. Тралейбусны парк Магілёва моцна зношаны: па стане на 1 студзеня 2025 года ў абласным цэнтры было 100 тралейбусаў і 3 электробусы, пры гэтым 88 адзінак электратранспарту мелі тэрмін эксплуатацыі больш за 10 гадоў.

Але ўжо 30 красавіка 2026 года ў Магілёве загарэўся тралейбус маршруту №6к на праспекце Шміта. Пасажыраў паспелі эвакуіраваць, ніхто не пацярпеў.

Галоўнае ў гэтай гісторыі не тое, што «ніхто не пацярпеў». Галоўнае – загарэўся новы тралейбус.

Машына была новай, спраўнай і на гарантыі

Дырэктар тралейбуснага парка №1 Сяргей Манастырэнка паведаміў, што, хутчэй за ўсё, прычынай пажару стала кароткае замыканне на дахаўным абсталяванні. Ён жа ўдакладніў важныя дэталі: машына 321-00D эксплуатавалася з кастрычніка 2025 года, мела прабег усяго 45,6 тысячы кіламетраў, 8 красавіка прайшла ТО-1 у поўным аб’ёме, была тэхнічна спраўная і знаходзілася на гарантыі.

Менавіта гэтыя абставіны робяць здарэнне асабліва сур’ёзным.

Новы тралейбус не мае права загарацца праз некалькі месяцаў пасля пастаўкі. Гэта не «непрыемны інцыдэнт» і не «тэхнічная дробязь», якую можна закрыць фразай «ніхто не пацярпеў».

Калі машына была новай, знаходзілася на гарантыі, нядаўна прайшла тэхабслугоўванне і лічылася спраўнай, то версія пра кароткае замыканне на дахаўным абсталяванні ставіць пытанне рубам: чаму загарэлася тэхніка, якую завод толькі што перадаў гораду?

Гэта не падобна на знос

У выпадку са старой тэхнікай можна было б казаць пра стомленасць абсталявання, узрост праводкі або наступствы шматгадовай эксплуатацыі. Але тут сітуацыя іншая.

Тралейбус быў з новай партыі. Ён працаваў на лініі менш за год. Перад пажарам ён прайшоў абслугоўванне. Паводле афіцыйных слоў, быў спраўны. Значыць, тлумачэнне «тэхніка старая» тут не працуе.

А калі новая тэхніка гарыць пры спраўным стане і пасля ТО, то пад падазрэнне трапляюць ужо іншыя прычыны: заводскі брак, канструкцыйная памылка, няякасныя камплектуючыя, праблемы з мантажом або недастатковы кантроль бяспекі электрычнай часткі.

Дахаўнае абсталяванне – ключавое пытанне

Мадэль БКМ 32100D – гэта тралейбус з павялічаным аўтаномным ходам. У тэхнічным апісанні гэтай мадэлі пазначана, што яна абсталявана назапашвальнікам электраэнергіі, а электраабсталяванне размяшчаецца ў тым ліку на даху.

Менавіта таму папярэдняя версія пра кароткае замыканне на дахаўным абсталяванні выглядае асабліва трывожна. Гаворка ідзе не пра выпадковую паломку шклоачышчальніка і не пра перагарэлую лямпачку. Гаворка ідзе пра электрычную сістэму машыны, якая кожны дзень возіць пасажыраў.

Калі загарэлася дахаўнае абсталяванне новага тралейбуса, то пытанне павінна быць не толькі да кіроўцы або тралейбуснага парка. Пытанне павінна быць да вытворцы.

 

У Расіі электратранспарт БКМ ужо гарэў

З электратранспартам «Белкамунмаша» ў расійскіх гарадах ужо былі гучныя пажары – і таксама з узгадваннем кароткіх замыканняў.

У лістападзе 2023 года ў Самары загарэўся трамвай вытворчасці «Белкамунмаша». БЕЛТА паведамляла, што БКМ праводзіць разбіральніцтва па факце ўзгарання трамвайнага вагона на маршруце №20.

Гэты трамвай таксама паступіў у парк усяго за некалькі месяцаў да пажару, а папярэдняй прычынай называлі кароткае замыканне паміж дахам і ўнутранай прасторай.

У красавіку 2024 года ў Санкт-Пецярбургу загарэўся трамвай БКМ-84300М. Папярэдняй прычынай таксама называлі кароткае замыканне, а два з трох вагонаў амаль поўнасцю выгарэлі.

У жніўні 2025 года ў Краснадары згарэў новы беларускі трамвай БКМ. Паводле мясцовага выдання, вагон праездзіў менш за год, у яго ўспыхнуў дах, відавочцы бачылі адкрыты агонь і густы чорны дым. Пасля гэтага «БКМ Холдынг» заявіў пра праверку.

«Рэдкі выпадак» – дрэннае тлумачэнне

Калі новы электратранспарт загараецца праз некалькі месяцаў пасля пастаўкі, грамадства мае права патрабаваць не супакойлівых фармулёвак, а канкрэтных адказаў.

Хто праводзіць экспертызу? Што менавіта замкнула? Ці было гэта звязана з канструкцыяй машыны? Ці правераны астатнія сем тралейбусаў з той жа партыі? Ці працягваюць яны вазіць пасажыраў? Якія гарантыі дае БКМ, што сітуацыя не паўторыцца?

Без адказаў на гэтыя пытанні фраза «першы падобны выпадак» нічога не значыць. Першы выпадак можа быць апошнім толькі тады, калі публічна названа прычына і ліквідаваны дэфект. Калі ж прычына схавана за агульнымі словамі, гэта ўжо не бяспека, а латарэя.

Новы тралейбус не павінен гарэць на лініі. А калі ён загарэўся, то горад і пасажыры маюць права не на супакойлівыя прэс-рэлізы, а на публічную тэхнічную праверку ўсёй партыі.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёў змяняе аблічча: у горадзе будуюць найбуйнейшую транспартную магістраль у яго гісторыі

У Магілёве поўным ходам ідзе рэалізацыя амбіцыйнага дарожнага праекта – будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі. Будаўніцтва ахоплівае адразу некалькі раёнаў і абяцае назаўжды змяніць транспартную карту горада.

Праект стартаваў у 2023 годзе і па маштабе не мае аналагаў у гісторыі абласнога цэнтра. 

Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне трох транспартных кольцаў, якія злучаць паміж сабой усе ключавыя мікрараёны. Акрамя таго, у межах праекта з’явяцца два пуцеправоды, падземны пешаходны пераход, а таксама разгалінаваная сетка пешаходных і веладарожак.

Увесь аб’ект падзелены на 23 чаргі будаўніцтва. Чатыры з іх ужо завершаны і адкрыты для руху, яшчэ на 11 работы працягваюцца. 

Праектна-каштарысная дакументацыя на злучэнне трох кольцаў пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы, а самі работы на гэтых участках пачнуцца ў трэцім квартале 2026 года.

Маршруты трох калец размеркаваны наступным чынам:

  • першае кальцо – вуліца Каралёва і праспект Міра;
  • другое кальцо – вуліца Ленінская;
  • трэцяе кальцо – скрыжаванне вуліц Якубоўскага, Касманаўтаў і праспекта Міра.

Адным з прыкметных элементаў інфраструктуры стане падземны пешаходны пераход на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Якубоўскага. Агульная даўжыня – 60 метраў.

На сёння будаўнікі завяршылі першую палову: заліты сцены і перакрыцці, узведзены адзін лесвічны сход, пачата пракладка ліфтавай шахты. 

Пераход абсталююць двума ліфтамі. На аб’ект ужо пайшло каля 250 кубаметраў бетону і 50 тон арматуры.

Спецыялісты-будаўнікі падкрэсліваюць: складанасць не ў тэхналогіях, а ў умовах – сціснутае гарадское асяроддзе і бесперапынны транспартны паток патрабуюць максімальнай акуратнасці.

Самым працаёмкім і дарагім элементам усяго праекта лічыцца шостая чарга – пуцеправод праз чыгуначныя шляхі і вуліцу Першамайскую. Будаўніцтва пачалося ў снежні 2024 года і разлічана на 40 месяцаў. Кожная з дзвюх незалежных канструкцый пуцеправода працягнецца на 562 метры.

Для параўнання: самы доўгі мост Беларусі праз Прыпяць у Мазыры мае даўжыню 1,1 кіламетра. Зараз з 44 апор гатовы 28, змантана прыкладна палова жалезабетонных пралётных канструкцый.

Ідэя кальцавой магістралі ўзнікла яшчэ ў савецкі час. Тады праекціроўшчыкі прадбачылі рост аўтамабільнага трафіку ў горадзе.

Сёння яна ўвасабляецца ў жыццё. Завяршэнне ўсіх чаргаў будаўніцтва запланавана на 2028 год.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю новая артэрыя павінна разгрузіць цэнтр горада, павысіць прапускную здольнасць дарог і зрабіць перамяшчэнне паміж раёнамі значна хутчэйшым і зручнейшым.

Фота БелТА.

Крычаўскаму аўтапарку не дазволяць сядзець на бюджэтнай іголцы

Прэзідыум раённага савета “дэпутатаў” пад кіраўніцтвам Ірыны Пруднікавай разгледзеў пытанне работы пасажырскага транспарту.

Якасцю работы мясцовага аўтапарка крычаўскія “дэпутаты” не задаволеныя: пасажырапаток расце, а разам з ім не прыбытак Аўтапарка №3, а датацыя яму з бюджэту. Аўтобусы абнаўляюцца, набываюцца новыя, а выніку няма.

“Патрэбны новыя маршруты і формы работы. Проста сядзець на бюджэтнай іголцы нікому не дазволена” – заявіла Пруднікава.

Прэзідыум рэкамендаваў аўтапарку адкрыць:

  • маршрут Крычаў – Мінск;
  • маршрут у Расію;
  • рэйс на Раслаўль, альбо працягнуць яго да Смаленска.

Увогуле, бюджэтных ін’екцый у Крычаве хопіць не на ўсіх. Яны патрэбны і прызначанаму “дэпутацкаму” корпусу, і сыну Пруднікавай, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы сваяка – кіраўніка раённай службы пазаведамаснай аховы.

Фота раённай газеты.

На Магілёўшчыне стала больш новых аўтобусаў

Магілёўскі філіял “Аўтобусны парк № 1 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» атрымаў 21 новы аўтобус.

Магілёўская вобласць атрымала партыю счэпленых аўтобусаў МАЗ-216. Гэта 21 машына.

  • 13 застануцца ў абласным цэнтры;
  • 7 пойдуць у Бабруйск;
  • 1 у Асіповічы.

Васемнаццаціметровыя “гармошкі” змяшчаюць больш за 160 пасажыраў, з якіх 40 могуць ехаць седзячы і трымаць на руках яшчэ 40 чалавек.

У салоне прадугледжаны шэраг зручнасцей:

  • нізкая падлога – вышыня над дарогай усяго 34 сантыметры;
  • кандыцыянеры;
  • відэакамеры;
  • спецыяльныя зоны для маламабільных пасажыраў.

З улікам гэтай пастаўкі ў гэтым годзе парк вобласці павялічыўся на 32 адзінкі МАЗ-216, з якіх 20 працуюць на маршрутах Магілёва.

Фота: амаль “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёўскі аўтобус № 34: новы расклад з 6 красавіка 2026

З 6 красавіка 2026 года ў Магілёве змяняецца расклад аўтобуса № 34 у буднія дні.

Змяняецца расклад руху аднаго з магілёўскіх аўтобусаў. Змены закранаюць усе прыпынкі маршруту №34 – ад аўтавакзала да гасцініцы «Магілёў», уключаючы прамежкавыя пункты.

Вось поўны, абноўлены расклад па кожным прыпынку.

Расклад па прыпынках

Аўтавакзал

07:50, 15:40, 17:31

Плошча Леніна

05:00, 06:17, 07:56, 15:46, 17:37

Вёска Новае Пашкава

05:22, 06:44, 08:23, 16:13, 18:04

Вёска Гаі

05:30 (да плошчы Леніна)

06:55, 08:34, 16:25

18:13 (у парк)

Асобныя рэйсы праз вёску Новае Пашкава

05:38 (да плошчы Леніна)

07:05, 08:43, 16:34

18:22 (у парк)

Вуліца Каліноўскага

05:51 (да плошчы Леніна)

07:18, 08:56, 16:47

18:35 (у парк)

Гасцініца «Магілёў»

06:08 (да плошчы Леніна)

07:36, 09:14, 17:05

18:53 (у парк)

Новы расклад уступае ў сілу ўжо 6 красавіка, таму пасажырам варта загадзя зверыць звыклы час паездак з абноўленымі дадзенымі, каб не прапусціць свой рэйс.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве павышаюцца тарыфы на праезд у грамадскім транспарце

У Магілёве і вобласці вырасце кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце. Цэны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце  будуць павышаны сёння. Гэта замацавана рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта «Аб тарыфах на гарадскія і прыгарадныя перавозкі ў рэгулярных зносінах на тэрыторыі Магілёўскай вобласці».

Рашэннем зацвярджаецца Інструкцыя аб парадку ўстанаўлення і прымянення кошту праязных дакументаў шматразовага карыстання. Прадугледжваецца павышэнне тарыфаў:

На гарадскія перавозкі:

  • аўтобусы і тралейбусы (звычайныя і хуткасныя маршруты) – з 0,90 да 1,05 рубля за паездку;
  • экспрэсныя маршруты – з 1,00 да 1,15 рубля за паездку.

На прыгарадныя перавозкі (за 1 кіламетр):

  • звычайныя маршруты – з 0,11 да 0,14 рубля;
  • хуткасныя маршруты – з 0,13 да 0,16 рубля;
  • экспрэсныя маршруты – з 0,14 да 0,17 рубля;
  • дадатковыя рэйсы – з 0,13 да 0,16 рубля.

Таксама ўзрастуць кошты праязных білетаў шматразовага карыстання на гарадскіх маршрутах у Магілёве, Бабруйску і раённых цэнтрах.

Фота з адкрытых крыніц.

Прыпынак каля магілёўскага аўтавакзала стаў больш бяспечным

У Магілёве каля аўтавакзала змянілі схему руху: што трэба ўлічваць.

На вуліцы Ленінскай у раёне аўтавакзала ў Магілёве скарэктавалі арганізацыю дарожнага руху.

Такія меры накіраваны на павышэнне бяспекі, а таксама на прадухіленне парушэнняў, звязаных з прыпынкам і стаянкай транспарту.

На гэтым участку прыпынак грамадскага транспарту цяпер фізічна аддзялілі ад агульнага транспартнага патоку.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны ў свеце смерч

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

татары

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

транспарт

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

Тамаш Жэброўскі

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

Мікалай Рымскі-Корсакаў

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Міхась Маскалік

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

Міхал Грушвіцкі

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Зінаіда Радчанка
Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

Рыжскі мірны дагавор

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

тарнада

1932 год. Нарадзіўся Эрнэст Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

Эрнэст Сабіла

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

Віталь Воранаў

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Валянцін Война-Ясянецкі

У Магілёве скарэктавалі расклад тралейбусаў №3 і №5

З учорашняга дня ў Магілёве ўступілі ў сілу змены ў раскладзе двух тралейбусных маршрутаў – №3 і №5.

Карэкціроўкі закранулі пераважна вячэрні час у рабочыя дні. Пра гэта паведаміла дыспетчарская служба тралейбуснага парка №1.

Маршрут №3 (ЦЭЦ-2 – плошча Касманаўтаў)

Рэйсы зрушваюцца на больш ранні час:

14:11 → 14:09

15:33 → 15:30

15:53 → 15:49

Рэйсы зрушваюцца на больш позні час:

16:37 → 16:39

16:49 → 16:51

Новае і адмененае:

Дададзены дадатковы рэйс ад ЦЭЦ-2 у 17:16

Адменены дзённы рэйс ад ЦЭЦ-2 у 14:00 і зваротны з плошчы Касманаўтаў у 14:54

Маршрут №5 (ЦЭЦ-2 – Аблгаз)

Адпраўленне ад ЦЭЦ-2:

16:54 → 16:56

17:02 → 17:05

17:06 → 17:09

17:13 → 17:15

Адпраўленне ад прыпынку «Аблгаз»:

17:40 → 17:41

17:49 → 17:53

18:45 → 18:48

Плануйце свае паездкі. Звярніце асаблівую ўвагу на адмену рэйса №3 у 14:00 ад ЦЭЦ-2.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Крычаве спрабуюць знайсці крайніх у тым, што горад заваліла снегам

«Хачу – не хачу» не пройдзе. Улады Крычава спрабуюць узяць пад кантроль маршрутчыкаў.

Крычаўскія ўлады паспрабавалі высветліць, чаму і з якой прычыны мясцовыя вадзіцелі маршрутных таксі сышлі на навагоднія канікулы і не працавалі з 1 па 4 студзеня.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ярмоленка паспрабавала заклікаць да адказу аператара аўтамабільных перавозак. 

Старшыня крычаўскага «савета дэпутатаў» Ірына Пруднікава ніяк не магла зразумець, чаму маршрутчыкі не падпарадкоўваюцца яе загадам, па звычцы спасылалася на «дабро народа» і заявіла, што «хачу – не хачу выязджаць сёння, гэта не пройдзе».

На самай справе праблема значна шырэйшая: улады Крычава не падрыхтавалі раён да зімы, і снегапад паралізаваў рэгіён. Цяпер яны спрабуюць знайсці крайняга і зваліць усё на прыватнікаў.

Што да вадзіцеляў маршрутных таксі, то агульную мову з імі каманднымі метадамі ў Крычаве спрабуюць знайсці даўно. Старшыня райвыканкама Аляксей Шарай у верасні асабіста ўдзельнічаў у перадрэйсавым аглядзе вадзіцеляў маршрутных таксі і выявіў у іх праблемы з артэрыяльным ціскам.

Што да праблем з уборкай снегу, то ўлады спачатку паспрабавалі зрабіць выгляд, што іх не існуе. Начальніца аддзела ЖКГ райвыканкама Святлана Сямёнава заявіла, што «зваротаў не паступала за перыяд выпадзення ападкаў. Да ўсіх сацыяльных сфер доступ не абмежаваны».

Калі ж стала зразумела, што пераканаць людзей у адсутнасці праблем з расчышчэннем снегу не атрымаецца, у «Tik-Tok» выпусцілі заспакаяльны ролік. Наступны крок выглядае цалкам лагічна – наезд на маршрутчыкаў. Аднак прыватнікам для працы ў святы патрэбны стымул, а натоўп чыноўнікаў, якія праціраюць штаны ў выканкаме, такім стымулам, на жаль, не з’яўляецца.

У выніку ўсё скончылася тым, што Ірына Пруднікава запатрабавала сувязі з маршрутчыкамі «дваццаць чатыры на сем» і адрасавала аператару аўтамабільных перавозак пісьмовую прэтэнзію.

Цяпер крычаўскім уладам застаецца наладзіць сувязь з нябеснай канцылярыяй і накіраваць пісьмовую прэтэнзію Усявышняму, запатрабаваўшы ад яго неадкладнага спынення снегападу.

Фота раённай газеты.