У Магілёве поўным ходам ідзе рэалізацыя амбіцыйнага дарожнага праекта – будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі. Будаўніцтва ахоплівае адразу некалькі раёнаў і абяцае назаўжды змяніць транспартную карту горада.
Праект стартаваў у 2023 годзе і па маштабе не мае аналагаў у гісторыі абласнога цэнтра.
Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне трох транспартных кольцаў, якія злучаць паміж сабой усе ключавыя мікрараёны. Акрамя таго, у межах праекта з’явяцца два пуцеправоды, падземны пешаходны пераход, а таксама разгалінаваная сетка пешаходных і веладарожак.
Увесь аб’ект падзелены на 23 чаргі будаўніцтва. Чатыры з іх ужо завершаны і адкрыты для руху, яшчэ на 11 работы працягваюцца.
Праектна-каштарысная дакументацыя на злучэнне трох кольцаў пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы, а самі работы на гэтых участках пачнуцца ў трэцім квартале 2026 года.
Маршруты трох калец размеркаваны наступным чынам:
- першае кальцо – вуліца Каралёва і праспект Міра;
- другое кальцо – вуліца Ленінская;
- трэцяе кальцо – скрыжаванне вуліц Якубоўскага, Касманаўтаў і праспекта Міра.
Адным з прыкметных элементаў інфраструктуры стане падземны пешаходны пераход на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Якубоўскага. Агульная даўжыня – 60 метраў.
На сёння будаўнікі завяршылі першую палову: заліты сцены і перакрыцці, узведзены адзін лесвічны сход, пачата пракладка ліфтавай шахты.
Пераход абсталююць двума ліфтамі. На аб’ект ужо пайшло каля 250 кубаметраў бетону і 50 тон арматуры.
Спецыялісты-будаўнікі падкрэсліваюць: складанасць не ў тэхналогіях, а ў умовах – сціснутае гарадское асяроддзе і бесперапынны транспартны паток патрабуюць максімальнай акуратнасці.
Самым працаёмкім і дарагім элементам усяго праекта лічыцца шостая чарга – пуцеправод праз чыгуначныя шляхі і вуліцу Першамайскую. Будаўніцтва пачалося ў снежні 2024 года і разлічана на 40 месяцаў. Кожная з дзвюх незалежных канструкцый пуцеправода працягнецца на 562 метры.
Для параўнання: самы доўгі мост Беларусі праз Прыпяць у Мазыры мае даўжыню 1,1 кіламетра. Зараз з 44 апор гатовы 28, змантана прыкладна палова жалезабетонных пралётных канструкцый.
Ідэя кальцавой магістралі ўзнікла яшчэ ў савецкі час. Тады праекціроўшчыкі прадбачылі рост аўтамабільнага трафіку ў горадзе.
Сёння яна ўвасабляецца ў жыццё. Завяршэнне ўсіх чаргаў будаўніцтва запланавана на 2028 год.
Пасля ўводу ў эксплуатацыю новая артэрыя павінна разгрузіць цэнтр горада, павысіць прапускную здольнасць дарог і зрабіць перамяшчэнне паміж раёнамі значна хутчэйшым і зручнейшым.
Фота БелТА.
