Моцна п’яны трактарыст загінуў пад коламі ўласнага трактара пад Магілёвам

Жыхар Магілёўскага раёна сеў за руль трактара моцна п’яным. Больш яго жывым ніхто не бачыў.

50-гадовы вясковец, будучы ў вялікай ступені ап’янення, рашыў пабаранаваць на трактары ўласны ўчастак. Што адбывалася ў кабіне трактара, цяпер дакладна не адкажа ніхто. Але ў нейкі момант, як піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз, трактар, якім кіраваў мужчына, знёс плот і ўрэзаўся ў будынак, а кіроўца выпаў з кабіны пад колы. Работнікі МНС дасталі яго цела ўжо без прыкмет жыцця.

Як потым высветлілі спецыялісты, мужчына памёр ад спалучанай тупой траўмы галавы, шыі, канечнасцяў, грудной клеткі і жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. У яго крыві аказалася 3,9 праміле алкаголя, а гэта цяжкая ступень ап’янення.

Як сцвярджаюць спецыялісты, калі ў крыві больш за 3,5 праміле, то такая доза алкаголю дзейнічае як наркоз, які выкарыстоўваецца пры аперацыях. Чалавек можа ўпасці ў кому, а дыханне стаць перарывістым. Калі ж больш за 4-6 праміле, то парушаецца праца сэрца і дыханне. Фактычна, чалавек ужо ў коме ці нават мёртвы.

Фотаздымак: Дзяржкамитэт судовых экспертыз

Падрабязнасці гучнай аварыі пад Бабруйскам – абвінавачвалі маршрутчыка, а пасадзілі трактарыста

Пасля сутыкнення маршруткі і трактара летам мінулага года два чалавекі трапілі ў рэанімацыю, васьмярых шпіталізавалі. Гучнае ДТЗ адбылося каля вёскі Брожка ў Бабрйскім раёне на трасе Бабруйск – Мазыр, пісалі mogilev.media. Аварыя з удзелам маршруткі выклікала вялікі рэзананс на фоне іншых падобных дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам маршрутных таксі, што адбываліся па Беларусі. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што першапачаткова Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу менавіта супраць кіроўцы таксі.

Абвінавачанне і нечаканы паварот

32-гадоваму мужчыне інкрымінавалася парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За медыцынскай дапамогай пасля аварыі звярнуліся 13 чалавек. У выніку на лаву падсудных сеў… другі кіроўца – трактарыст. Прэс-служба Магілёўскага абласнога суда паведамляе падрабязнасці.

Следствам было ўстаноўлена, што вадзіцель трактара з прычэпам вырашыў павярнуць налева, каб з’ехаць на прасёлкавую дарогу, не пабачыўшы, што ў гэты момант яго збіраецца абагнаць маршрутка.

Суд і прысуд

Падчас судовага паседжання абвінавачаны віну не прызнаў. Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў трактарыста вінаватым у парушэнні ПДР і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў.

Было таксама пастаноўлена спагнаць з прадпрыемства, кіроўцам якога з’яўляўся абвінавачаны, на карысць пяцярых пацярпелых матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды на агульную суму 95 000 рублёў. Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць аднаго з пацярпелых. спагнаны расходы па аплаце паслуг адваката ў суме 3600 рублёў.

аварыя з маршруткай

Фота: Прэс-служба УУС

Горацкі трактарыст папаўся на зліве 210 літраў саляркі

У Горках суд прысудзіў год «хатняй хіміі» трактарысту, які зліваў салярку з трактара для свайго аўтамабіля і продажу знаёмым.

Суд над трактарыстам адной з арганізацый горада чамусьці правялі выязны. Праўда, ехалі недалёка – ад будынка райсуда да мясцовага РАУС.

Як паведамляе Горацкі суд, з красавіка па 16 траўня 2025 года падсудны сістэматычна прысвойваў даверанае яму дызельнае паліва, працуючы на замацаванай за ім тэхніцы – трактары і траншэйным экскаватары. Метад быў просты: частку саляркі ён не даліваў у бак або непасрэдна зліваў, пасля чаго выкарыстоўваў для запраўкі ўласнага аўтамабіля або прадаваў знаёмым.

Агульны аб’ём скрадзенага паліва склаў 210 літраў. Акрамя таго, падсудны прысвоіў яшчэ 10 літраў маторнага алею, які раздаў «у кошт разліку» за дапамогу з агародаў і рамонт аўтамабіляў.

Фінансавы ўрон для арганізацыі склаў амаль 580 рублёў.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, раскаяўся і кампенсаваў шкоду. Гэта, відаць, і змякчыла прысуд. Суд прызначыў яму адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хатнюю хімію». Акрамя таго, мужчына павінен выплаціць штраф у памеры 70 базавых велічынь – 2 940 рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак з адкрытых крыніц