Магілёвец, які скінуў сужыцельку з балкона, атрымаў вялізны тэрмін

Магілёўскі аблсуд прызначыў 15 гадоў і шэсць месяцаў калоніі магілёўцу, які вар’яцкім чынам здзекваўся са сваёй сужыцелькі.

Гісторыя адбылася ў жніўні 2025 года ў шматпавярховым доме па вуліцы Бярозаўскай абласнога цэнтра. У той дзень 45-гадовы мужчына запрасіў маці сваёй сужыцелькі ў кватэру, дзе ён нібыта зрабіў рамонт. Яны распівалі спіртное, і ён прасіў дапамагчы памірыцца з 30-гадовай дачкой. У сваю чаргу сужыцельцы не падабалася, што ён злоўжывае алкаголем. Разам яны жылі ў яе кватэры, пазнаёміўшыся ў лютым гэтага года. Як бачна, нікога нікому памірыць не ўдалося, і сварка хутка перарасла ў працяглы і жорсткі гвалт.

Мужчына збіваў жанчыну, душыў, цягаў па кватэры за валасы, не даваў дыхаць. У нейкі момант ён выкінуў яе з балкона другога паверха.

Калі на дапамогу прыйшла маці пацярпелай, агрэсар не спыніўся і ўжыў сілу супраць яе. А калі зразумеў, што яго выкінутая з балкона сужыцелька пасля падзення выжыла, паспрабаваў давесці пачатае да канца: выбег на вуліцу, зацягнуў яе назад у кватэру і зноў пачаў збіваць, спрабуючы яшчэ раз скінуць з балкона.

Спыніць гэта ўдалося толькі дзякуючы суседзям, якія ўмяшаліся і фактычна выратавалі жанчыне жыццё.

У выніку пацярпелая атрымала цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця. Яе маці таксама была збіта.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і, акрамя вялікага тэрміну, прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым 21 тысячу рублёў кампенсацыі.

Прысуд пакуль можна абскардзіць.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Моцна п’яны трактарыст загінуў пад коламі ўласнага трактара пад Магілёвам

Жыхар Магілёўскага раёна сеў за руль трактара моцна п’яным. Больш яго жывым ніхто не бачыў.

50-гадовы вясковец, будучы ў вялікай ступені ап’янення, рашыў пабаранаваць на трактары ўласны ўчастак. Што адбывалася ў кабіне трактара, цяпер дакладна не адкажа ніхто. Але ў нейкі момант, як піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз, трактар, якім кіраваў мужчына, знёс плот і ўрэзаўся ў будынак, а кіроўца выпаў з кабіны пад колы. Работнікі МНС дасталі яго цела ўжо без прыкмет жыцця.

Як потым высветлілі спецыялісты, мужчына памёр ад спалучанай тупой траўмы галавы, шыі, канечнасцяў, грудной клеткі і жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. У яго крыві аказалася 3,9 праміле алкаголя, а гэта цяжкая ступень ап’янення.

Як сцвярджаюць спецыялісты, калі ў крыві больш за 3,5 праміле, то такая доза алкаголю дзейнічае як наркоз, які выкарыстоўваецца пры аперацыях. Чалавек можа ўпасці ў кому, а дыханне стаць перарывістым. Калі ж больш за 4-6 праміле, то парушаецца праца сэрца і дыханне. Фактычна, чалавек ужо ў коме ці нават мёртвы.

Фотаздымак: Дзяржкамитэт судовых экспертыз