У Бабруйску далі “хатняюю хімію” за здзекі з пасынка – біў і напісаў на лбе “ВОР”

Збіваў малалетняга хлопца, пісаў на яго галаве “вор”, апрылюдніў свае здзекі – за такія дзеянні ў бабруйскі суд патрапіў мясцовы жыхар.

Суд у Бабруйску прызнаў мясцовага жыхара вінаватым у сістэматычных здзеках з васьмігадовага пасынка. На працягу некалькіх месяцаў, з траўня па лістапад 2025 года, мужчына рэгулярна ўжываў фізічны гвалт супраць дзіцяці. Падставай для пакаранняў станавіліся розныя дзіцячыя правіны.

Найбольш жорсткі выпадак адбыўся восенню, калі хлопчык без дазволу ўзяў грошы айчыма. Мужчына некалькі разоў ударыў дзіця па галаве і твары, пасля чаго прымусова абстрыг і пагаліў яму галаву. Затым маркерам напісаў на лбе слова «ВОР».

На наступны дзень, убачыўшы, што надпіс сцёрты, ён яшчэ раз збіў хлопчыка, напісаў яго зноў і адправіў дзіця ў школу. Менавіта там усё і раскрылася. Настаўніца заўважыла надпіс на лбе вучня, і кіраўніцтва школы паведаміла пра здарэнне ў міліцыю.

Пасля праверкі хлопчыка забралі з сям’і і прызналі такім, што мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну толькі часткова.

Нягледзячы на працяглыя здзекі з малалетняга дзіцяці і публічнае прыніжэнне яго чалавечай годнасці, суд прызначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хатнюю хімію» тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Былыя палітвязні распавялі аб здзеках у магілёўскай калоніі №15

Зневажанні, збіцці, беспадстаўныя пакаранні – усё гэта рэаліі жыцця палітычных зняволеных у магілёўскай калоніі №15, вынікае з расповяду двух былых палітвязняў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаванняў апублікаваў успаміны праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і яшчэ аднаго былога палітвязня, імя якога не раскрываецца з меркаванняў бяспекі.

Новыя сведчанні з’явіліся праз некалькі месяцаў пасля смерці 36-гадовага палітвязня Андрэя Паднябеннага, які ў верасні 2025 года загінуў у штрафным ізалятары магілёўскай калоніі.

Ціск пасля этапу

Паводле былых зняволеных, асаблівае стаўленне да палітвязняў пачыналася яшчэ ў каранціне. Валянцін Стэфановіч распавядае, што новапрыбылых прымушалі падпісваць абавязацельствы аб выкананні правілаў унутранага распарадку. Адмова магла стаць падставай для змяшчэння ў штрафны ізалятар.

Іншы былы палітвязень сцвярджае, што ў 2025 годзе адміністрацыя ўжо патрабавала ад палітычных пісаць тлумачальныя нават за выкарыстанне жаргонных слоў. За адмову, паводле яго слоў, пагражалі ШІЗА, новай крымінальнай справай паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі) і фізічным гвалтам.

“Без фармальнай нагоды садзяць у ШІЗА на 15 сутак. У прыватнасці гэтым займаецца начальнік атрада № 1 (“каранцін”) У.С. Сычыкаў. У выпадку адмовы могуць збіць. Работнік па прозвішчы Кіслы тут праяўляе асаблівую стараннасць. Большасць з тых, каго прывезлі з СІЗА даседжваць невялікія рэшткі тэрмінаў (месяц-паўтара), дзякуючы намаганням турэмшчыкаў, праводзяць у ШІЗА. Таксама пагражаюць ужываннем арт. 411 КК з прадаўжэннем тэрміну на год, а таксама “прысваеннем” так званага “нізкага статусу”. Відавочна, былы начальнік Аляксей Лазарэнка быў у курсе ўсіх працэсаў”, – распавёў Валянцін Стэфановіч.

Парушэнні і пакаранні

Абодва былыя вязні адзначаюць, што дысцыплінарныя спагнанні сталі асноўным спосабам ціску. Па словах Стэфановіча, супрацоўнікі настойвалі на тым, каб асуджаныя пісалі тлумачальныя з прызнаннем віны, нават калі гаворка ішла пра фармальныя або надуманыя парушэнні. Калі ён зразумеў, што гэта не ўплывае на рашэнні адміністрацыі, то перастаў іх пісаць.

Былыя палітвязні таксама сцвярджаюць, што ў калоніі практычна ўсім палітычным прысвойвалі статус «злоснага парушальніка рэжыму». Гэта пазбаўляла магчымасці разлічваць на амністыю, умоўна-датэрміновае вызваленне і істотна абмяжоўвала іх правы.

Асобныя правілы для палітычных

Паводле сведчанняў былых зняволеных, палітвязням забаранялася наведваць спартыўныя секцыі, гурткі, вывучаць замежныя мовы, карыстацца большасцю магчымасцяў, даступных іншым асуджаным.

Асобныя праверкі праводзіліся і для тых, хто быў пастаўлены на так званы дзясяты прафілактычны ўлік як «схільны да экстрэмісцкай дзейнасці». Пад гэты статус, як сцвярджаецца, траплялі не толькі асуджаныя па палітычных артыкулах, але і людзі, якіх раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.

“Для ўсіх “жоўтабіркавых” на дзясятым прафуліку ў выходныя і непрацоўныя дні ў 10:00 у лакальных участках ажыццяўляецца агляд вонкавага выгляду. Тут асаблівую стараннасць праяўляе кантралёр Аляксей Кудзелка. Ён паводзіць сябе надзвычай нахабна і напышліва, чапляючыся літаральна да ўсяго. Для палітычных кнігі на замежных мовах наогул забароненыя, як і любыя секцыі і гурткі”, – кажа былы палітвязень.

Пагрозы і правакацыі

Валянцін Стэфановіч сцвярджае, што адміністрацыя выкарыстоўвала не толькі афіцыйныя меры ўздзеяння, але і негалосныя правілы турэмнай субкультуры.

Паводле яго слоў, асобных палітвязняў ставілі перад выбарам: пагадзіцца на прыніжальныя патрабаванні або атрымаць новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі.

“Гэта пагрозы пераводу ў “нізкі статус” і ў сувязі з гэтым арганізацыя правакацый. Былі выпадкі, калі палітвязняў заганялі ў “нізкі статус” пад пагрозай прымянення арт. 411. Яго паставілі перад выбарам: “Альбо ідзі мый прыбіральні, альбо мы ўзбудзім крымінальную справу паводле арт. 411, табе накінуць тэрмін і будзеш далей сядзець”. Некаторыя людзі ламаліся і выконвалі такія патрабаванні.

Асабіста супраць мяне таксама ладзілі такія правакацыі. Адразу вынеслі спагнанні аб пазачарговым дзяжурстве, пасля знялі з промкі сярод працоўнага дня, прывялі ў атрад і сказалі: “У вас сёння пазачарговае дзяжурства па прыборцы санузла”. Сказалі вымыць падлогу ў памяшканні з умывальнікамі, на якой была разліта нейкая белая брыда. Бакі для смецця таксама ёй былі аблітыя. Яны, відаць, думалі, што я праз няведанне пачну выціраць гэтыя бакі, але гэта праца толькі “нізкага статусу”. Я адмовіўся і сказаў, што не буду гэта прыбіраць. Мне пагражалі, але я застаўся на сваім.

Такім чынам, адміністрацыя месцаў пазбаўлення выкарыстоўвае неафіцыйныя правілы з крымінальнага свету ў мэтах аказання ціску, у тым ліку на палітзняволеных”, – азначае Стэфановіч.

Адказнасць адміністрацыі

Былыя палітвязні сцвярджаюць, што фізічны і псіхалагічны ціск быў сістэмным. Паводле назіранняў Валянціна Стэфановіча, у 15-ай калоніі 99% палітзняволеных прысвойвалі статус “злосных парушальнікаў рэжыму”, што цягнула за сабой дадатковыя абмежаванні.

Ён адзначае, што быў сведкам прымянення гвалту да іншых зняволеных і падчас дакументавання называў прозвішчы супрацоўнікаў, якіх лічыць датычнымі да гэтага. На яго думку, усё, што адбывалася ў калоніі, адбывалася з ведама яе тагачаснага начальніка Аляксея Лазарэнкі.

Фотаздымак: vk.club/club143482674

Магілёвец, які скінуў сужыцельку з балкона, атрымаў вялізны тэрмін

Магілёўскі аблсуд прызначыў 15 гадоў і шэсць месяцаў калоніі магілёўцу, які вар’яцкім чынам здзекваўся са сваёй сужыцелькі.

Гісторыя адбылася ў жніўні 2025 года ў шматпавярховым доме па вуліцы Бярозаўскай абласнога цэнтра. У той дзень 45-гадовы мужчына запрасіў маці сваёй сужыцелькі ў кватэру, дзе ён нібыта зрабіў рамонт. Яны распівалі спіртное, і ён прасіў дапамагчы памірыцца з 30-гадовай дачкой. У сваю чаргу сужыцельцы не падабалася, што ён злоўжывае алкаголем. Разам яны жылі ў яе кватэры, пазнаёміўшыся ў лютым гэтага года. Як бачна, нікога нікому памірыць не ўдалося, і сварка хутка перарасла ў працяглы і жорсткі гвалт.

Мужчына збіваў жанчыну, душыў, цягаў па кватэры за валасы, не даваў дыхаць. У нейкі момант ён выкінуў яе з балкона другога паверха.

Калі на дапамогу прыйшла маці пацярпелай, агрэсар не спыніўся і ўжыў сілу супраць яе. А калі зразумеў, што яго выкінутая з балкона сужыцелька пасля падзення выжыла, паспрабаваў давесці пачатае да канца: выбег на вуліцу, зацягнуў яе назад у кватэру і зноў пачаў збіваць, спрабуючы яшчэ раз скінуць з балкона.

Спыніць гэта ўдалося толькі дзякуючы суседзям, якія ўмяшаліся і фактычна выратавалі жанчыне жыццё.

У выніку пацярпелая атрымала цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця. Яе маці таксама была збіта.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і, акрамя вялікага тэрміну, прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым 21 тысячу рублёў кампенсацыі.

Прысуд пакуль можна абскардзіць.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Кактус пад азадак і пагрозы сям’і: сведчанні пра гвалт у калоніі №15 Магілёва

Пагрозы звалтаваннем гантэляй, прымушэнне доўгага стаяння ў нязручнай позе, пакаранні за справакаваныя парушэнні. Гэта толькі кропля садысцкіх праёмаў супрацоўнікаў магілёўскай калоніі №15.

Сістэмнага адміністратара з Мінска Міхаіла (імя зменена ў мэтах бяспекі) зімой 2022 года затрымалі на працоўным месцы. У КДБ яму пагражалі згвалтаваннем, а ў ізалятары на Акрэсціна катавалі холадам. Летам 2024 года палітвязня асудзілі на тры гады калоніі за рэпост анонса Марша пратэсту з тэлеграм-канала Nexta, і накіравалі для адбыцця пакарання ў Папраўчую калонію №15 у Магілёў. Пра катаванні там ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

“Гэта была адмысловая ўлоўка”

У першыя дні пасля прыбыцця ў калонію Міхаіла выклікалі на праверку вопісу асабістых рэчаў – як ён мяркуе, каб знайсці несупадзенні і аформіць парушэнне. Аднак усе рэчы адпавядалі спісу. Тады, паводле яго, супрацоўнікі абвінавацілі яго ў тым, што ён не павітаўся належным чынам.

“Мяне папрасілі выйсці ўзяць бірку для торбы. Я вярнуўся праз некалькі хвілін, і аказалася, што па вяртанні трэба зноў вітацца паводле ўстаноўленага парадку. За гэта далі парушэнне”, – распавядае ён.

Для змяшчэння ў ШІЗА патрабавалася яшчэ адно парушэнне. Паводле Міхаіла, супрацоўнік проста “прыдумаў” яго – нібыта ён размаўляў у страі.

“Яны могуць дакапацца да чаго заўгодна”, – кажа былы зняволены. – “Садзілі ў ШІЗА нават за тое, што вязні кармілі птушак”.

“Калі палітычны супраціўляецца, яго пачынаюць ламаць”

Яшчэ ў СІЗА іншыя зняволеныя папярэдзілі Міхаіла пра адмысловы ціск на палітычных. У калоніі, паводле яго, гэта праяўлялася не толькі ў сістэмных пакараннях, але і ў фізічным гвалце.

Ён называе імя аднаго з супрацоўнікаў – начальніка сектара Аляксея Кудзелкі – і сцвярджае, што падчас этапавання ў ШІЗА той ужываў сілу.

“Нас ставілі на расцяжку, рукі тыльным бокам далоняў да сцяны, і білі па нагах. Гэта была праверка: зламаешся ці не”, – сцвярджае Міхаіл.

Побыт у ШІЗА: без душа і падушкі

У штрафным ізалятары, паводле ягоных словаў, не было магчымасці памыцца. За спробы падмыцца ў ракавіне зняволеных маглі дадаткова пакараць. Час Міхаіл вызначаў па сонцы, замест падушкі выкарыстоўваў рулон туалетнай паперы. Пры гэтым, прызнаецца ён, часам ізаляцыя ўспрымалася як псіхалагічная перадышка.

“Калі ты 24 гадзіны сярод людзей – наркаманаў, забойцаў, гвалтаўнікоў – і пры гэтым адчуваеш варожасць з боку супрацоўнікаў, псіхіка не вытрымлівае. Часам хацелася, каб цябе закрылі ў бетонную скрыню два на два метры з гуканепранікальнымі сценамі – проста пабыць у цішыні”, – кажа ён. Пазней, паводле яго, справіцца з напружаннем дапамагла медытацыя.

“Не паводзіцца як пабіты сабака”

Пасля карантыну і ШІЗА Міхаіла размеркавалі ў атрад. Нягледзячы на пагрозы кіраўніцтва, атрад аказаўся згуртаваным: вязні падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся рэчамі, разам адзначалі святы. Міхаіл сцвярджае, што абраў для сябе стратэгію “роўнай камунікацыі” з супрацоўнікамі.

“Калі сам сябе не прыніжаеш, трымаешся годна, яны больш паважаюць. Часам замест ШІЗА маглі загадаць, напрыклад, адціснуцца 50 або 100 разоў”, – распавядае ён.

Аднойчы, калі падчас вобшуку ў яго знайшлі кнігі на ангельскай мове, яму прапанавалі выбар: ШІЗА або 100 адцісканняў. Ён выбраў апошняе.

Пагрозы сям’і і здзекі

Міхаіл таксама распавядае пра іншага супрацоўніка – рэжымніка Скобелева. Той змяшчаў яго ў ШІЗА за “няправільны” абутак, дасланы сваякамі, і прымушаў выконваць фізічныя практыкаванні.

“Ён загадаў стаць у стойку ‘вугалок’, а пад азадак паставіў кактус. Ногі трэсліся і нямелі. Іншыя ахоўнікі прапаноўвалі збіваць мяне, як баксёрскую грушу, і пагражалі электрашокерам”, – сцвярджае былы палітвязень.

У іншым выпадку, калі Міхаіл абедаў разам з непалітычным зняволеным, яго выклікалі і, паводле яго, пагражалі расправай над сям’ёй. “Мне сказалі: ‘Хочаш, каб мы пасадзілі яшчэ і тваю жонку, а дзіця здалі ў дзіцячы дом?” – распавядае ён.

13 снежня 2025 года Міхаіла памілавалі і прымусова дэпартавалі з Беларусі ў апошнію хвалю вызвалення палітвязняў. Цяпер ён знаходзіцца ў адной з краін Еўрасаюза, дзе праходзіць адаптацыю.

Фотаздымак: vk.com

Палітвязень: у магілёўскай турме любяць здзеквацца над зняволенымі

Душ з фекаліямі на падлозе і прапанова на шпацыр пасля лазні – прыклады здзекаў адміністрацыі магілёўскай турмы №4 над зняволенымі.

Былы палітзняволены Арцём (імя зменена), які пэўны час пасля вынясення выраку знаходзіўся ў магілёўскай турме, распавеў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пра некаторыя рэаліі, у якіх там знаходзяцца асуджаныя.

“Бывала, зімой прыходзіш з лазні да абеду, а яны кажуць выходзіць на шпацыр. Мы іх просім пайсці пасля абеду, бо мы мокрыя сядзім. На шпацыр, вядома, хочацца, але куды ты пойдзеш, там жа холадна. А яны сваё: або цяпер, або ніколі” – распавёў Арцём.

“Шмон”, то бок ператрус, у Магілёве адбываўся праз дзень, часам штодня, а здаралася нават некалькі разоў на дзень. “І такія сур’ёзныя “шмоны”, калі ты бярэш усе рэчы, матрац, усё да апошняй запалкі, ды выносіш на калідор. Там гэта ўсё перабіраюць, правяраюць. І ніколі пры гэтым ніхто са зняволеных не прысутнічаў. Зняволеныя ў гэты час знаходзяцца на калідоры”, – успамінае былы палітвязень.

Успамінаючы пра стаўленне адміністрацыі да зняволеных, ён распавёў гісторыю, якую даведаўся ад сукамернікаў: “Аднойчы заходзяць у душ, а там уся падлога залітая брудам — у прамым сэнсе гаўном. Яны ім крыкнулі: “Давайце распранайцеся. Будзеце мыцца або не?” Рэдкае быдла там працуе” – кажа Арцём.

“Садызм там паказвалі таксама ў іншым. У душы ёсць два вакна прыкладна 80 на 80 см. На адным з іх стаіць вентылятар. І вось мы памыліся, стаім мокрыя. Дзяжурны ўрубае вентылятар і толькі потым ідзе да нас адчыняць дзверы. І ты стаіш на адкрытым патоку ветру” – узгадавае аб здзеках з боку адміністрацыі былы зняволены турмы №4.

Арцём – адзін з 123 палітвязняў, якіх прымусова выдварылі з Беларусі. Паўтара года ён правёў у зняволенні паводле некалькіх крымінальных артыкулаў. Цяпер мужчына пачынае новае жыццё ў Польшчы, дзе праходзіць рэабілітацыю ды аднаўляе здароўе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Экс-палітвязень: у магілёўскай калоніі бачыў, як бензапіла рэзала твар людзям

Відэааператар і журналіст Вячаслаў Лазараў, які быў рэпрэсаваны ў 2023 годзе, распавёў пра здзекі ў магілёўскай калоніі №15 і жудасныя ўмовы працы зняволеных.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым 2023 года. Праз восем месяцаў яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Таццяну Пыцько – да трох гадоў калоніі (пасля апеляцыі жанчыну адпусцілі на волю). Падставай для пераследу стала іх супрацоўніцтва з “Белсатам”. Увесь гэты час іх дачка, якой на той момант быў адзін год, знаходзілася спачатку ў органах апекі, а затым – у бабулі.

Холад, знявагі і здзек

Напрыканцы лістапада 2023 года Вячаслаў Лазараў трапіў у магілёўскую папраўчую калонію №15. Ён прызнаецца, што чакаў хоць нейкай палёгкі пасля СІЗА – магчымасці ўбачыць неба, крыху адчуць паветра. Але рэальнасць аказалася куды страшнейшай.

“Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі. Так адбывалася пяць разоў запар. Потым начальнік калоніі сказаў: “Ты супрацоўнічаеш з “Белсатам”? – Яны пра мяне кепскія рэчы пісалі. Ты ведаеш, што калі табе на вочы патрапіць вадкасць для апрацоўкі дрэваў – ты застанешся сляпым? Ага, у цябе задраны каўнерык – значыць, 15 сутак”. Так я ўпершыню трапіў у ШІЗА, з якога не вылазіў: за першыя паўгода я правёў там 80 дзён” – распавёў Вячаслаў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Ён апісвае ШІЗА як месца, дзе чалавека ламалі маральна і фізічна. Там – лёд на сценах, ложак на ланцугу без матраца, адзін халодны камплект адзення з надпісам «ШІЗА». Спаць можна толькі па паўгадзіны, бо прачынаешся ад холаду.

“Міску з ежай спецыяльна акунулі ў кашу, каб яна з яе сцякала, працягнулі яе ў акенца і смяяліся. І яшчэ казалі, што нешта дадалі туды. Я адразу зразумеў, што гэта здзек і не дакрануўся да ежы. Калі аддаваў назад, яшчэ засунуў туды кубак з гарбатай – каб так паказаць свой пратэст. На здзіўленне, кантралёр паглядзеў і нічога не сказаў” – кажа былы палітвязень.

Паводле Вячаслава, хоць фізічнага гвалту да палітвязняў ён не назіраў, маральны ціск быў паўсюль. Іх спрабавалі прымусіць да прыніжальнай працы, напрыклад, падбіраць недакуркі.

“Калі б я пагадзіўся праз няведанне, мяне б таксама перавялі ў нізкі статус. Але калі я паспрабаваў адмовіцца, мяне тут жа паспрабавалі выкрыць у тым, што я прытрымліваюся зладзейскіх паняццяў, а гэта фармальна забаронена. Тады я тлумачыў, што я не палю, таму для мяне гэта зневажальна, але я не адмаўляюся ад іншай працы. Але акрамя таго, яны могуць даць табе заданне перанесці ў адзіночку цяжкія рэчы – а гэта немагчыма. І калі ты просіш дапамогі, то гэта расцэньваюць як адмову ад працы. Вядома, у абодвух выпадках табе даюць парушэнні і закідваюць у ШІЗА. Я ўжо прыняў, што хутка ў мяне будзе 411-ы артыкул і змірыўся, але потым ціск прайшоў і пра мяне неяк забыліся” – распавёў Вячаслаў.

Умовы працы пагражаюць жыццю

Праца ў калоніі – цяжкая і небяспечная. Хоць афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 8 да 16, зняволеныя часта застаюцца да позняга вечара. Найбольшая частка працуе на дрэваапрацоўцы.

“На прамзоне я бачыў больш здарэнняў, чым за ўсё жыццё. Праз умовы працы выляталі бярвёны, ударалі па руках і нагах. Я бачыў, як адлятала бензапіла і рэзала твар людзям. Станкі настолькі старажытныя, што адна з дэталяў стрэліла ў столь і адрыкашэціла зусім побач з адным палітвязнем – а важыла яна кілаграм 20. Проста цуд, што яна не забіла яго” – адзначае былы палітвязень.

За сваю працу вязні атрымліваюць толькі сімвалічны заробак – каля сямі рублёў. Пры гэтым частку могуць вылічваць у якасці “кампенсацыі шкоды”. Асабліва цынічным, паводле Вячаслава, было тое, што частка вытворчасці працуе на вайсковыя патрэбы.

“Гэта тычылася і дэталяў, і адзення на швейнай вытворчасц. Адмовіцца было немагчыма, галоўная задача там – захаваць здароўе. Бальнічны там, дарэчы, давалі толькі з тэмпературай за 38. Я двойчы ляжаў у лякарні з пнеўманіяй пасля ШІЗА. Часцей людзі ідуць па дапамогу не да медыкаў, а адзін да аднаго: там жа сядзяць розныя людзі – ад дактароў да псіхолагаў. Таму ўсе імкнуліся дапамагаць адзін аднаму і абменьвацца інфармацыяй пра тыя ж памілаванні”.

У верасні 2025 года, праз два з паловай гады зняволення Вячаслаў стаў адным з тых, каго прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”