Магілёвец пакараны “хатняй хіміяй” за амаль 20 гадоў вырошчвання каноплі ў кватэры

Амаль 20 гадоў магілёвец у шафе аднаго з пакояў уласнай кватэры вырошчваў каноплі, робячы з іх для сябе марыхуану.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес прысуд 55-гадоваму жыхару абласнога цэнтра, якога абвінавацілі ў незаконным вырошчванні каноплі і захоўванні наркатычных сродкаў без мэты збыту.

Як высветлілася, мужчына ўжываў марыхуану на працягу доўгага часу. Для яе атрымання ён абсталяваў у шафе аднаго з пакояў сваёй кватэры невялікую аранжарэю.

Для вырошчвання каноплі магілёвец набыў лямпы, вентылятары, падаўжальнікі, угнаенні і насенне. Вырашчаныя расліны ён сушыў, здрабняў і выкарыстоўваў для асабістага ўжывання.

У сакавіку 2026 года праваахоўнікі знайшлі ў мужчыны канверт з марыхуанай. Падчас агляду кватэры ў шафе былі выяўлены дзесяць вазонаў з каноплямі, а таксама высушаныя лісты расліны і прыстасаванні для курэння.

У судзе магілёвец расказаў, што насенне набыў праз інтэрнэт яшчэ ў 2008 годзе. З таго часу ён вырошчваў каноплі дома. Паводле яго, пра гэта ведалі члены сям’і, але ён забараняў ім расказваць камусьці пра сваё захапленне.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд уступіў у законную сілу.

Фотаздымак: unsplash.com

Суд мякка пакараў магіляўчанку, якая зрабіла ўласнага дзіцёнка інвалідам

Да двух гадоў “хатняй хіміі” асудзілі 20-гадовую маці, з-за неаднаразовых дзеянняў якой яе гадавалы сын стаў калекай.

Суд Ленінскага раёна Магілёва высветліў, што магіляўчанка сістэматычна парушала элементарныя правілы бяспекі пры доглядзе за немаўляцем. Былі выяўлены некалькі эпізодаў, калі дзіця атрымлівала траўмы праз яе дзеянні або недагляд.

Адзін з найбольш цяжкіх выпадкаў адбыўся 15 студзеня 2025 года. Жанчына трымала на руках двухмесячнага сына, але не падтрымлівала яму галаву і шыю. У нейкі момант дзіця ўдарылася галавой аб сцяну. Медыкі дыягнаставалі ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пералом цемянной косткі і ўнутрачарапныя кровазліцці. Гэтыя пашкоджанні былі прызнаныя цяжкімі і небяспечнымі для жыцця.

Пасля перанесеных траўмаў хлопчыку прысвоілі статус “дзіця-інвалід”. У яго вызначылі другую ступень страты здароўя.

Падчас разгляду справы высветлілася, што гэта быў не адзінкавы выпадак. Паводле матэрыялаў суда, жанчына неаднаразова пакідала малечу аднаго на ложку без ахоўных борцікаў і сыходзіла з дому на некалькі гадзін, у прыватнасці, у забаўляльныя ўстановы. За час яе адсутнасці дзіцёнак некалькі разоў падаў на падлогу.

Суд таксама ўстанавіў іншыя эпізоды траўмавання. Падчас купання маці паставіла дзіцячую ванначку ўпоперак вялікай ванны і не замацавала яе належным чынам. У выніку ванначка перакулілася, а немаўля выпала і ўдарылася аб паверхню ванны.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся на лесвіцы ў пад’ездзе. Жанчына спускала дзіцячы вазок, але не ўтрымала яго і вазок перакуліўся, а маленькі хлопчык выпаў на прыступкі.

У выніку шматлікіх падзенняў у дзіцёнка выявілі шматлікія пераломы рэбраў, костак рукі і іншыя цялесныя пашкоджанні.

Пра тое, што дзіця рэгулярна атрымлівае траўмы, праваахоўнікам паведамілі медыцынскія ўстановы. Пасля гэтага распачалі крымінальную справу.

На судзе абвінавачаная цалкам прызнала віну ў неналежным выкананні абавязкаў па доглядзе за малалетнім сынам. Яна заявіла, што разумела правілы догляду за немаўляцем і ведала пра неабходнасць забяспечваць яго бяспеку, але фактычна не выконвала сваіх абавязкаў.

Цяпер дзіцёнак знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў доме дзіцяці. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а таксама абавязалі кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне сына.

Акрамя асноўнага пакарання, якое склала ўсяго толькі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, суд пастанавіў спагнаць з жанчыны 50 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелага хлопчыка. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Што ж тычыцца дзіцёнка, то паводле выхавальнікаў дзетдома, апетыт у яго добры, як у здаровага і моцнага малога. Такім ён і нарадзіўся – без паталагічных дыягназаў. Аднак траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавая, моцна паўплывалі на яго развіццё, піша “Наша ніва”.

Зараз хлопчыку год і чатыры месяцы. Ён умее толькі сядзець і поўзаць. У нагах адчуваецца слабасць: ён не можа ўставаць і хадзіць. Нават у хадунках амаль не перасоўваецца.

Інфармацыя пра хлопчыка ўжо размешчана ў Рэспубліканскім банку даных для ўсынавіцеляў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Жыхар Мсціслаўшчыны паплаціўся за пераробку зброі ў агнястрэл

Тры гады “хатняй хіміі” атрымаў жыхар Мсціслаўскага раёна за тое, што рабіў дазволеную зброю агнястрэльнай і прадаваў яе.

У Мсціславе суд вынес прысуд 51-гадоваму мужчыне, які займаўся незаконнай пераробкай і продажам зброі. Ключавую ролю ў расследаванні справы адыгралі балістычныя экспертызы.

Паводле даных правахоўнікаў, аднойчы мужчына набыў ахалошчаны пісталет і святлогукавыя патроны, пасля чаго з дапамогай падручных сродкаў змяніў іх канструкцыю. У выніку зброя і боепрыпасы сталі прыдатнымі для стральбы. Перароблены пісталет ён прадаў знаёмаму, у якога пазней супрацоўнікі міліцыі і канфіскавалі і зброю, і патроны.

Эксперты ўстанавілі, што пісталет быў самаробна перароблены са спісанага ахалошчанага «Р-411» калібра 10ТК і фактычна стаў наразной агнястрэльнай зброяй, прыдатнай для выканання стрэлаў. Патроны таксама аказаліся самаробнымі і баяздольнымі.

На гэтым мужчына не спыніўся. Пазней ён набыў пісталет для падводнага палявання яшчэ савецкай вытворчасці, які таксама перарабіў у агнястрэльную зброю і прадаў іншаму чалавеку. Аднак і гэты пакупнік трапіў у поле зроку праваахоўнікаў і добраахвотна выдаў прадмет, падобны на пісталет.

Судова-балістычная экспертыза пацвердзіла, што і гэтая зброя была самаробна мадыфікавана і прыдатная для стральбы патронамі кальцавога запальвання, што дазваляе аднесці яе да кароткаствольнай гладкаствольнай агнястрэльнай зброі.

Суд Мсціслаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у незаконных дзеяннях са зброяй. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, а таксама штраф у памеры 35 базавых велічынь. Прысуд уступіў у законную сілу.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

За цяжкае калецтва работніка на працы начальнік атрымаў “хатнюю хімію”

Кіраўскі суд даў два гады “хатняй хіміі” начальніку прац на будоўлі за невыкананне правіл аховы працы, з-за чаго яго былы падначалены цяпер прыкаваны да ложка.

Выконваць патрабаванні правіл аховы працы жыхар Бабруйска, які кіраваў будаўніча-мантажнымі работамі на будоўлі, не лічыў патрэбным. І гэта пры тым, што менавіта на яго, як на службовую асобу, былі ўскладзены адпаведныя абавязкі. 

Вынік такога падыхода не прымусіў сябе чакаць.

З 6 траўня па 9 чэрвеня 2025 года на будаўнічым аб’екце не былі забяспечаны неабходныя меры бяспекі пры выкананні дахавых работ на вышыні: не была агароджаная зона вытворчасці работ, не ўстаноўлены паказальнікі небяспечных зон і праходаў, не арганізаваны належны кантроль за выкананнем работ.

Акрамя таго, да выканання работ на будоўлі быў дапушчаны работнік, які не меў неабходнай кваліфікацыі і не прайшоў ва ўстаноўленым парадку навучанне, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, медыцынскі агляд, а таксама не быў забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны.

9 чэрвеня гэты работнік, выконваючы работы на даху будынка на вышыні каля пяці метраў, і знаходзячыся паблізу края даху, не абсталяванага ахоўнымі агароджамі, па неасцярожнасці зваліўся на зямлю. Ад падзення будаўнік атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні – закрытыя траўмы пазваночніка і грудной клеткі, з-за чаго страціў здольнасць перасоўвацца.

На пасяджэнні ў судзе Кіраўскага раёна абвінавачаны сваю віну прызнаў і раскаяўся ў тым, што адбылося па яго віне. Суд паставіўся да яго даволі паблажліва, прысудзіўшы два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і забарону на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады. 

Пацярпелы хацеў дабіцца ад будаўнічай арганізацыі 300 тыс. рублёў кампенсанцыі, аднак суд палічыў, што для яго, прыкаванага да ложка, гэта занадта вялікая сума. 50 тыс. рублёў хопіць, вырашылі ў Кіраўскім райсудзе, дадаўшы да іх ад грамадзянскага адказчыка яшчэ 250 рублёў выдаткаў пацярпелага на юрыдычную дапамогу. 

Прысуд не быў абскарджаны і ўстапіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне падлеткі зрывалі ЧЗ-сцяг

Пасярод ночы маладыя жыхары магілёўскай глыбінкі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка мясцовага аддзялення банка, а потым зафарбоўвалі нешта на пешаходных пераходах. 

Здарэнне, яўна падобнае на супраціўленне афіцыёзу, у афіцыйных крыніцах апісваецца досыць мудрагеліста. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца пра дзяўчыну, якая на кастрычнік 2025 года, ужо дасягнула паўналецця, і якая, быццам бы, вырашыла выпрабаваць пачуцці 17-гадовага хлопца. Як піша суд, яна мела ў яго аўтарытэт і карысталася даверам. Дзяўчыне раптам захацелася мець чырвона-зялёны сцяг РБ і яна папрасіла хлопца сарваць яго ўначы з будынка банка. Што той і зрабіў, заадно зламаўшы дрэўка. 

Таксама яна прапанавала зафарбаваць дарожныя знакі фарбай, якая не была хлопцу патрэбная. Той паслухмяна зафарбаваў два знакі “Пешаходны пераход”, прычыніўшы шкоду камунальнай гаспадарцы на амаль 140 рублёў.

На судзе абодва прызналі сваю віну. Хлопец па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” атрымаў год калоніі з адтэрміноўкай на год. А дзяўчына – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне заведама непаўналетняга.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Магілёўца асудзілі за татуіроўкі з нацысцкай сімволікай

Паўтара года “хатняй хіміі” прысудзілі 36-гадоваму магілёўцу за татуіроўкі з нацысцкай сімволікай на яго целе.

Паволе абласной пракуратуры, магілёвец двойчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці па абвінавачванні ў дэманстрацыі ў грамадскіх месцах на сваім целе такіх татуіровак. 

“У прыватнасці, на мезенцы левай рукі і на знешняй сярэдняй частцы пляча левай рукі ў мужчыны «набітыя» татуіроўкі ў выглядзе свастыкі, на ўнутранай частцы перадплечча левай рукі – у выглядзе эмблемы СС, на левай верхняй частцы плечавага сустава – у выглядзе пагона са свастыкай і эмблемай СС” – сцвярджае пракуратура.

Аднак і пасля адміністрацыйных спагнанняў мужчына ў жніўні і верасні 2025 года, будучы ў нецвярозым стане з’яўляўся ў грамадскіх месцах Магілёва з бачнымі на яго целе забароненымі татуіроўкамі. Праўда, да пачатку разгляду ўзбуджанай супраць яго крымінальнай справы, замазаў іх чорнымі квадратамі. 

На працэсе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва абвінавачаны сваю віну прызнаў, раскаяўся і быў пакараны адным годам і шасцю месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дзве крычаўлянкі трапілі пад палітычны пераслед

Дзве жыхаркі Крычава асуджаныя за перадачу інфармацыі маніторынгаваму праекту “Беларускі Гаюн”.

Ахвярамі палітычнага пераследу сталі Людміла Талпыга і другая жанчына з прозвішчам Патранец. Як паведаміла mogilev.media абазнаная крыніца, крычаўлянкі ў 2022 годзе перадалі інфармацыю аб расійскіх вайскоўцах у чат-бот “Беларускага Гаюна”. У прыватнасці, яны размясцілі там відэа, як калона расійскай ваеннай тэхнікі рушыла з расійскага Рослава праз Крычаў у напрамку Гомеля.

Крычаўлянкі былі асуджаныя восенню 2025 года па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу, то бок атрымалі “хатнюю хімію”. Пра асуджэнне Людмілы Талпыгі, як рэпрэсаванай, ёсць няпоўная інфармацыя на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.

11 лістапада 2025 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Пра Патранец якая-кольвечы інфармацыя адсутнічае.

Фотаздымак Людмілы Талпыгі: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Бабруйскі прадпрымальнік ухіліўся ад падаткаў больш чым на 600 000 рублёў

Бабруйскі прыдпрымальнік выкарыстаў схему ўхілення ад падаткаў шляхам драблення бізнэса. За гэта яму прысудзілі два з паловай гады хатняй хіміі.

Як высветліў суд у Бабруйску ў працэсе над 62-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам, мясцовы жыхар працаваў па схеме аптымізацыі падаткаў з 2016 года. 

Ён зарэгістраваў у якасці такіх жа ІП сваю матку, сужыцельку і абедзьвюх дочак. Потым перадаў ім права ўласнасці на нерухомасць, кую здаваў у арэнду. Фармальна агульнай выручкі ў іх не было, але насамрэч грошы ішлі ў адну кішэню, пры меншай сплаце падаткаў. У выніку ад такой дзейнасці, як высветліў суд, сума ўхілення ад падаткаў склала за гэты дзясятак гадоў 628 тыс. рублёў.

У зале суда прадпрымальнік сваю віну прызнаў, цалкам выплаціў грошы. Вырак быў даволі мяккі – два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама ён мусіць сплаціць 42 тыс. рублёў штрафу і яму забаронена пяць гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Юрыстку, ураджэнку Бабруйска асудзілі за ўдзел у пратэстах

Мінская юрыстка родам з Бабруйска, Таццяна Клачко адпраўлена на “хатнюю хімію” за ўдзел у пратэстах.

Як піша “Наша ніва”, Таццяне Клачко 37 гадоў, яна родам з Бабруйска. У 2011 скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2017 і 2021 прайшла курсы ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Жанчына працуе юрыстам з 2010 года. Пасля працы ў розных кампаніях, у тым ліку міжнародных, яна стала партнёрам бюро Lovtsov, Klochko & Partners. З 2014 удзельнічае ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка Doing Business.

Таццяна спецыялізуецца на паслугах бізнэсу. Яна займаецца прававымі спрэчкамі, прававым аўдытам, пытаннямі здзелак па зліцці і паглынанні бізнэсу, а таксама яго ліквідацыі.

Як стала вядома журналістам, Таццяну Клачко асудзілі ў сярэдзіне 2025 года па абвінавачанні ва «ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ёй прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фотаздымак са старонкі Клачко Укантакце

Горацкі трактарыст папаўся на зліве 210 літраў саляркі

У Горках суд прысудзіў год «хатняй хіміі» трактарысту, які зліваў салярку з трактара для свайго аўтамабіля і продажу знаёмым.

Суд над трактарыстам адной з арганізацый горада чамусьці правялі выязны. Праўда, ехалі недалёка – ад будынка райсуда да мясцовага РАУС.

Як паведамляе Горацкі суд, з красавіка па 16 траўня 2025 года падсудны сістэматычна прысвойваў даверанае яму дызельнае паліва, працуючы на замацаванай за ім тэхніцы – трактары і траншэйным экскаватары. Метад быў просты: частку саляркі ён не даліваў у бак або непасрэдна зліваў, пасля чаго выкарыстоўваў для запраўкі ўласнага аўтамабіля або прадаваў знаёмым.

Агульны аб’ём скрадзенага паліва склаў 210 літраў. Акрамя таго, падсудны прысвоіў яшчэ 10 літраў маторнага алею, які раздаў «у кошт разліку» за дапамогу з агародаў і рамонт аўтамабіляў.

Фінансавы ўрон для арганізацыі склаў амаль 580 рублёў.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, раскаяўся і кампенсаваў шкоду. Гэта, відаць, і змякчыла прысуд. Суд прызначыў яму адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хатнюю хімію». Акрамя таго, мужчына павінен выплаціць штраф у памеры 70 базавых велічынь – 2 940 рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак з адкрытых крыніц