Ураджэнца Мсціслава асудзілі за “экстрэмізм”

Кандыдат хімічных навук родам з Мсціслава Вадзім Мікуліч прызнаны вінаватым у “садзейнічанні экстрэмізму”.

Як піша “Наша Ніва”, асуджанаму да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу 38 гадоў. Ён, як менеджар і даследчык, здаўна працаваў тэме складаных аптычных матэрыялаў.

Пасля Мсціслава, Мікуліч паехаў у Мінск, дзе ў 2010 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ. Пасля ён паступіў у магістратуру, а потым у аспірантуру Інстытута хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук. У 2016 годзе малады навуковец паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізічнай хіміі, якая была прысвечана тонкаплёначным матэрыялам для аптычных прылад.

Доўгі час вучоны працаваў у Акадэміі навук: спачатку малодшым, а потым і проста навуковым супрацоўнікам. Там ён займаўся арганічным сінтэзам і стварэннем палімераў.

У 2018 годзе Вадзім перайшоў у ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» – кампанію, якая спецыялізуецца на вытворчасці галаграм і ахоўных знакаў для дакументаў. Там ён з часам заняў пасаду начальніка аддзела па навуцы і інавацыйнай дзейнасці.

Па-за працай і навукай Вадзім заўзяты рыбак. У тэматычных суполках ён дзяліўся ўласным досведам лоўлі на фідар, абмяркоўваў выбар вудаў, лёскі і прыкорму на ліня ці амура. Вадзім даваў карысныя парады пачаткоўцам і ўвогуле шмат пісаў пра сваё хобі.

Выданне сцвярджае, што яго справа ёсць часткай вялікай справы Беларускага Гаюна. Гэта маніторынгавы канал, куды жыхары Беларусі паведамлялі аб перасоўванні расійскіх войск, якія ішлі ваяваць супраць Украіны.

Фотаздымак са старонкі Вадзіма Мікуліча “Укантакце”

Дзве крычаўлянкі трапілі пад палітычны пераслед

Дзве жыхаркі Крычава асуджаныя за перадачу інфармацыі маніторынгаваму праекту “Беларускі Гаюн”.

Ахвярамі палітычнага пераследу сталі Людміла Талпыга і другая жанчына з прозвішчам Патранец. Як паведаміла mogilev.media абазнаная крыніца, крычаўлянкі ў 2022 годзе перадалі інфармацыю аб расійскіх вайскоўцах у чат-бот “Беларускага Гаюна”. У прыватнасці, яны размясцілі там відэа, як калона расійскай ваеннай тэхнікі рушыла з расійскага Рослава праз Крычаў у напрамку Гомеля.

Крычаўлянкі былі асуджаныя восенню 2025 года па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу, то бок атрымалі “хатнюю хімію”. Пра асуджэнне Людмілы Талпыгі, як рэпрэсаванай, ёсць няпоўная інфармацыя на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.

11 лістапада 2025 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Пра Патранец якая-кольвечы інфармацыя адсутнічае.

Фотаздымак Людмілы Талпыгі: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Мсціслаўскага дыджэя асудзілі за “экстрэмізм”

Беларускамоўны дыджэй Анатоль Вольскі з Мсціслава трапіў пад палітычны пераслед – яго асудзілі за нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Як піша “Наша ніва”, Вольскаму 35 гадоў. Акрамя арганізацыі розных фестываляў і дыскатэк, узначальваў Мсціслаўскую раённую цэнтралізаваную клубную сістэму.

Жанаты, любіць падарожжы, гісторыю і краязнаўства.

“Анатолий – личность творческая, с детства играл на аккордеоне, с 14 лет до 20 был органистом в костеле в Мстиславле (о юном даровании, кстати, даже книгу написали)”, – пісала пра яго ў кастрычніку 2020 года “Советская Белоруссия”.

“Наша Ніва” мяркуе, што Анатоль Вольскі быў асуджаны сёлета па справе “Беларускага Гаюна”. Верагодна, яму прысудзілі абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ці ўвогуле зняволенне.

Фотаздымак: Mst life – Новости Мстиславля

Сёння ноччу над Беларуссю авіяцыя збіла шахеда – верагодна, упершыню

Маніторынгавы канал “Беларускі Гаюн” паведамляе, што паводле яго інфармацыі сёння ноччу над Беларуссю ўзброеныя сілы ўпершыню збілі расійскі дрон-камікадзэ. Гаворыцца, што падчас чарговай расійскай атакі на Украіну, расійскі беспілотнік зноў заляцеў у паветраную прастору Беларусі. Гэта адбылося ў 03:30 у Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Праз 20 хвілін, пасля працяглага пераследвання, знішчальнік беларускіх ваенна-паветраных сілаў атакаваў дрона. У небе Гомельшчыны было чутна не менш за два выбухі, назіралася яркая ўспышка ў небе.

Такім чынам, піша “Гаюн”, гэта, верагодна, першы зафіксаваны выпадак, калі знішчальнік ВПС РБ здзейсніў спробу знішчыць рэальную ваенную цэль расейскі дрон-камікадзэ тыпу «Шахед».

Нагадаем, што ў ліпені расійскія беспілотнікі тыпу шахед заляталі на тэрыторыю Магілёўскай вобласці.

Інфаграфіка: “Беларускі Гаюн”