Расійскі дрон упаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – паведамляюць сведкі

Расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўскай вобласці. Неафіцыйная інфармацыя аб гэтым паступіла непасрэдна Мogilev.media.

Здарэнне адбылося 16 верасня. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як лічаць сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Фотаздымак: Middle East Images/picture alliance

Збіты ў Мінску дрон пралятаў над Магілёўскай вобласцю

Збіты ў Мінску баявы беспілотнік прыляцеў у сталіцу з боку Барысава, а раней перамяшчаўся над Магілёўскай вобласцю. Пра гэта гавораць відавочцы.

“Наша ніва” прааналізавала паведамленні ў сацыяльных сетках. Паводле іх, беспілотнік заляцеў у ноч на 29 ліпеня 2025 года ў Мінск з паўночнага ўсходу. З расказаў людзей робіцца ясным маршрут палёту баявой машыны.

Дрон спачатку праляцеў над Магілёўскай вобласцю. Мяркуючы па ўсім, ён заляцеў у яе каля 12 ночы і ляцеў над Магілёўшчынай прыкладна гадзіну.

«У Магілёўскай вобласці ў 12 гадзін ночы прыкладна пралятаў над домам» – піша адзін з каментатараў. Другі пацвярджае, што чуў шум.

«У гадзіну ночы над Магілёўскай вобласцю ляцеў. Я на галасавое паведамленне сяброўцы запісала шум» – сцвярджае іншая.

«Так-так. Ноччу. Гук, быццам бы на матацыкле так нехта гнаў ці на мапедзе… Адразу падумала, што падалося, што нешта ў небе. У выніку не падалося» – дзеліцца яшчэ адна відавочца.

А прыкладна а палове на другую гадзіну ночы гук, падобны да гуку мапеда, чулі ўжо жыхары Барысава.

Пазней Следчы камітэт апублікаваў відэазапіс моманту падзення беспілотніка ў Мінску. На абломках паказалі быццам бы ўкраінскія надпісы. Украінскія вайсковыя эксперты ў адказ на гэта заўважылі, што на баявых дронах няма сэнсу рабіць такія вялікія надпісы – гэта дэмаскіруе аб’ект. СК сцвярджае, што ў дрона была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў.

Сапраўднасць абломкаў беспілотніка, відэа якіх апублікаваў Следчы камітэт Беларусі, незалежна праверыць немагчыма. Выданнне «Зеркало» паведамляла, што міліцыя ноччу ачапіла месца падзення. А днём праваабаронцы «Вясны» адзначалі, што АМАП праводзіць затрыманні каля дома, дзе ўпаў беспілотнік.

Нагадаем, што пасля того, як інфармацыя аб выбуху беспілотніка ў двары жылога дома ў Мінску з’явілася ў незалежных медыя, сваю версію падзеі выдала Міністэрства абароны. Яно заявіла, што беспілотнік быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Пацярпелых няма.

«Дзяжурнымі сіламі СПА каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі – парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА. У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02.33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча г. Менска» – напісалі ў тэлеграм-канале Мінабароны.

Скрыншот ТГ Следчага камітэта

Сёння ноччу над Беларуссю авіяцыя збіла шахеда – верагодна, упершыню

Маніторынгавы канал “Беларускі Гаюн” паведамляе, што паводле яго інфармацыі сёння ноччу над Беларуссю ўзброеныя сілы ўпершыню збілі расійскі дрон-камікадзэ. Гаворыцца, што падчас чарговай расійскай атакі на Украіну, расійскі беспілотнік зноў заляцеў у паветраную прастору Беларусі. Гэта адбылося ў 03:30 у Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Праз 20 хвілін, пасля працяглага пераследвання, знішчальнік беларускіх ваенна-паветраных сілаў атакаваў дрона. У небе Гомельшчыны было чутна не менш за два выбухі, назіралася яркая ўспышка ў небе.

Такім чынам, піша “Гаюн”, гэта, верагодна, першы зафіксаваны выпадак, калі знішчальнік ВПС РБ здзейсніў спробу знішчыць рэальную ваенную цэль расейскі дрон-камікадзэ тыпу «Шахед».

Нагадаем, што ў ліпені расійскія беспілотнікі тыпу шахед заляталі на тэрыторыю Магілёўскай вобласці.

Інфаграфіка: “Беларускі Гаюн”