Беспілотнік Магілёў

Збіты ў Мінску дрон пралятаў над Магілёўскай вобласцю

Збіты ў Мінску баявы беспілотнік прыляцеў у сталіцу з боку Барысава, а раней перамяшчаўся над Магілёўскай вобласцю. Пра гэта гавораць відавочцы.

“Наша ніва” прааналізавала паведамленні ў сацыяльных сетках. Паводле іх, беспілотнік заляцеў у ноч на 29 ліпеня 2025 года ў Мінск з паўночнага ўсходу. З расказаў людзей робіцца ясным маршрут палёту баявой машыны.

Дрон спачатку праляцеў над Магілёўскай вобласцю. Мяркуючы па ўсім, ён заляцеў у яе каля 12 ночы і ляцеў над Магілёўшчынай прыкладна гадзіну.

«У Магілёўскай вобласці ў 12 гадзін ночы прыкладна пралятаў над домам» – піша адзін з каментатараў. Другі пацвярджае, што чуў шум.

«У гадзіну ночы над Магілёўскай вобласцю ляцеў. Я на галасавое паведамленне сяброўцы запісала шум» – сцвярджае іншая.

«Так-так. Ноччу. Гук, быццам бы на матацыкле так нехта гнаў ці на мапедзе… Адразу падумала, што падалося, што нешта ў небе. У выніку не падалося» – дзеліцца яшчэ адна відавочца.

А прыкладна а палове на другую гадзіну ночы гук, падобны да гуку мапеда, чулі ўжо жыхары Барысава.

Пазней Следчы камітэт апублікаваў відэазапіс моманту падзення беспілотніка ў Мінску. На абломках паказалі быццам бы ўкраінскія надпісы. Украінскія вайсковыя эксперты ў адказ на гэта заўважылі, што на баявых дронах няма сэнсу рабіць такія вялікія надпісы – гэта дэмаскіруе аб’ект. СК сцвярджае, што ў дрона была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў.

Сапраўднасць абломкаў беспілотніка, відэа якіх апублікаваў Следчы камітэт Беларусі, незалежна праверыць немагчыма. Выданнне «Зеркало» паведамляла, што міліцыя ноччу ачапіла месца падзення. А днём праваабаронцы «Вясны» адзначалі, што АМАП праводзіць затрыманні каля дома, дзе ўпаў беспілотнік.

Нагадаем, што пасля того, як інфармацыя аб выбуху беспілотніка ў двары жылога дома ў Мінску з’явілася ў незалежных медыя, сваю версію падзеі выдала Міністэрства абароны. Яно заявіла, што беспілотнік быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Пацярпелых няма.

«Дзяжурнымі сіламі СПА каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі – парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА. У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02.33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча г. Менска» – напісалі ў тэлеграм-канале Мінабароны.

Скрыншот ТГ Следчага камітэта

← Усе навіны Магілёва