Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

Рамонт машыны ў гаражы скончыўся выбухам: пацярпелі трое магілёўцаў

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў адным з гаражоў у магілёўскім мікрараёне Фаціна. Трое жыхароў абласнога цэнтра рамантавалі Citroen Berlingo і збіраліся прыступіць да зварачных работ.
Перад гэтым яны знялі з аўтамабіля газавы балон – нібыта ўсё зрабілі правільна. Пасля гэтага пачалі рэзаць метал вуглавой шліфмашынкай. Паляцелі іскры.
Балон аказаўся негерметычным: з яго падтраўліваў газ. Успыхнула газапаветраная сумесь.
Выбух, мяркуючы па наступствах, быў моцным. У гаражы пашкоджана сцяна, зрушылася жалезабетоннае перакрыцце, пацярпелі вароты.
Траўмы атрымалі ўсе трое. Сын гаспадыні гаража адкараскаўся апёкамі. У другога магілёўца – шматлікія ўдары рук і ног. Самыя цяжкія траўмы атрымаў трэці ўдзельнік рамонту – апёкі 50 працэнтаў цела.
Верагодна, яго стан аказаўся такім цяжкім з-за прамасленай робы. Падчас успышкі адзенне загарэлася.

Фота: скрыншот відэа ведамаснага сайта МНС.

У Крычаве згарэў гараж разам з машынай, пашкоджаны дом

Пажар адбыўся на завулку Камарова ў старой частцы горада.

Па прыбыцці на месца здарэння ратавальнікаў, ішло гарэнне ўнутры і даху драўлянага гаража, стварылася шчыльнае задымленне.

У выніку пажару была знішчана палова гаража і аўтамабіль, які знаходзіўся ў ім. Другая пашкоджаная палова гаража не падлягае аднаўленню. Акрамя таго, пашкоджана аздабленне дома, што знаходзіўся побач з гаражом. На шчасце, пацярпелых няма. – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры правядзенні агнявых работ.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Падлетак у Крычаве скраў мотаблок, абмяняў на мапед, а яго таксама скралі

У Крычаўскім раёне адзін падлетак скраў матаблок, каб абмяняць на мапед, а неўзабаве яго знаёмыя скралі той жа самы мапед, каб пакатацца.

У вёсцы Песькавічы 17-гадовы падлетак, які і так чакаў адпраўкі ў спецустанову, улез у гараж мужчыны, які жыў па суседстве, каб выкрасці матаблок. Юны зламыснік планаваў памяняць яго на мапед.

Хлопец нейкім прадметам адамкнуў замок гаража суседа і скраў мотаблок. Аднак доўга цешыцца мапеду, на які ён вымяняў мотаблок, падлетку не прыйшлося, бо крадзёж раскрылі вельмі хутка. На цяперашні момант у дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Маёмасная шкода прычыненая гаспадару матаблока вызначана на суму ў 1000 рублёў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Аднак на гэтым гісторыя з крадзяжамі ў Песькавічах не скончылася. Праз некаторыя час тройка знаёмых сямнаццацігадовага злачынцы вырашыла пакатацца і скрала той самы мапед з гаража іншага мужчыны, на які іх агульны знаёмы абмяняў скрадзены матаблок.   

Скралі, а пасля пакацілі мапед да суседняй вёскі Беражыстае. Там паспрабавалі завесці, але мапед быў няспраўны. Хлопцы вырашылі закаціць яго пад бліжэйшыя кусты і сысці. Але і іх знайшлі. У адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве юнак абнёс чужы гараж праз дзірку ў даху

Магілёвец залез праз дах у чужы гараж і скраў у пенсіянера рэчы на 1100 рублёў.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Ленінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёва Алена Сіманава, у міліцыю звярнуўся 87-гадовы мужчына, які расказаў, што ў яго з гаража быў выкрадзены паўпрычэп, касілка, а таксама сокавыціскалка і металічная бочка на агульную суму каля 1100 рублёў.

Следчыя высветлілі, што чужую маёмасць краў 20-гадовы хлопец, які нідзе не працуе. Больш за тое, раней ён ужо быў судзімы за крадзяжы. 

Праходзячы міма гаражнага масіва, малады чалавек звярнуў увагу на пашкоджаны дах у адным з чужых памяшканняў. Злачынца праз дах забраўся ўнутр гаража, незаўважна вынес адтуль каштоўную маёмасць, якую пасля перапрадаў на метал, а грошы патраціў на асабістыя патрэбы.

У дачыненні да фігуранта злачынства распачата крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае