Не вывезенае смецце, у няскошанай траве пусткі. Клімавічы вачыма санэпідэмстанцыі

Цэнтральныя часткі такіх гарадоў, як Клімавічы, дагледжаныя да бляску. Крок у бок і трапляеш у іншы свет. Яго пабачылі супрацоўнікі Клімавіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яны бэсцяць нядбайных гараджанаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за псаванне вобразу прыбранага гораду.

«Адразу адзначу, што выяўленыя факты парушэнняў у вочы кідаліся адразу. А ўсё таму, што на фоне добрага ці практычна ідэальнага тое, што не адпавядае неабходным стандартам, рэзка выбіваецца з роўнага шэрагу», – каментуе ўбачанае мясцовай раёнцы «Родная ніва» кіраўніца службы Ірына Лазоўская.

rodniva.by

«Ідзем па вуліцы Янкі Купалы, адзначаем, што ўсе прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, вакол прыгажосць, у кветніках кветкі цешаць вока мінакоў, – апавядае яна. – Як гаворыцца, што ўсё так выдатна, што нават прычапіцца няма да чаго – і раптам бачым невялікі астравок зямлі, зарослы травой, а пасярэдзіне – яго студня».

На адной з вуліц некалі стаяла гарадская лазня. Яе знеслі.

«А цяпер тут каласіцца бур’ян у рост чалавека», – падае абурэнне Лазоўскай выданне райвыканкаму.

rodniva.by

Заяўляецца, што па ўсіх выяўленых парушэннях санітарнай службай кіраўнікам арганізацыяў дасланыя рэкамендацыйныя лісты з указаннем тэрмінаў іх устаранення. Калі тое не будзе зроблена то будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

 

У Магілёве жыхары скардзяцца на ліфт – відэа

Грукат, шархаценне, удары – адбіваюць жаданьне жыхароў ад перасовання ў ім.

Ліфт, усталяваны ў шматпавярховым доме па вуліцы Каштанавай тры месяцы таму, палохае яго жыльцоў незвычайнымі гукамі.  

Відэа з праблемнай працай ліфта адна з жыхарак выклала ў адзін з магілёўскіх паблікаў.

 

“Як вы думаеце, праца такога ліфта – ці бяспечная?” – задае пытанне аўтар відэа ў пабліку.

– Гэта труць кантрольныя чаравікаў… Спачатку нічога страшнага, пакуль не заб’юць накіроўвальныя, укладышы і г.д. – адказвае адзін абазаны чытач.

– Нічога небяспечнага няма, – паўтарае другі “спецыяліст” – ідзе прыцірка.

“Навошта і што прыціраецца ўжо тры месяцы? – не сунімаецца аўтар допісу – І шум апошнім часам у грукат перайшоў – у кватэрах чутны”.

– Не небяспечна. – супакойвае яшчэ адзін каментатар – Націсніце на кнопку са званочкам і растлумачце праблему дыспетчару. Абслугоўваючы механік прыбярэ праблему. Пасля мантажу, яшчэ бывае паўгода вылазяць “касякі”. І гэта таксама нармальна.

 

Трэнд уборачнай кампаніі – паліва сельгастэхнікі фарбуюць, а потым ловяць са скрадзеным

Практыка афарбоўкі паліва для сельгастэхнікі не новая. Яе выкарыстоўвалі ў гаспадарках з сярэдзіны 2000-х, але сёлета рэйды па пошуку скрадзенага паліва праходзяць надзвычай часта.

За мінулыя выхадныя на Магілёўшчыне міліцыя сумарна канфіскавала 340 літраў фарбаванага паліва.

Найвялікшы аб’ём крадзенага паліва быў выяўлены ў кіроўцы грузавога аўтамабіля «МАЗ» з Круглага – 160 літраў. Жыхар райцэнтру прызнаўся, што набыў яго ў неўстаноўленай асобы і заліў у бак аўтамашыны, паведамляе  абласная міліцыя.

100 літраў фарбаванага дызпаліва было знойдзена на падворку ў жыхара Чавускага раёну, што працуе кіроўцам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў.

У вёсцы Акунёўка Шклоўскага раёну ў 26-гадовага мясцовага жыхара праваахоўнікі канфіскавалі 80 літраў фарбаванай саляркі.

Ва ўсіх выяўленых выпадках грамадзян, у якіх было знойдзена падобнае дызельнае паліва, чакае штраф да 1600 рублёў (50 базавых велічынь).

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі не толькі ў Беларусі.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.

Фотафакт. У Магілёве ад дому адваліўся кавалак тынку і ім прыціснулі цырату, каб не знесла ветрам

Жыхар Магілёва заклікае землякоў трымацца на адлегласці ад сценаў будынку на рагу вуліц Першамайскай і Лазарэнкі. У гэтым доме некалі месціўся магазін «Тэатральны», а цяпер «Наш выбар».

Магілёвец цвердзіць, што час ад час ад фасаду дому адвальваюцца кавалкі тынку. Па ягоных словах адзін з іх на дасланым фота. Камлыгаю прыціснутая цырата, каб яе не знесла ветрам, удакладняе ён.

«Увесну і падчас дажджу трымаюся падалей ад сценаў дому, бо страшна. Ад яго адвальваюцца кавалкі, але мне першы раз давялося пабачыць, каб іх выкарыстоўвалі для нечага. Звычайна выкідаюць», – адзначыў аўтар ліста.

“Калі-небудзь зробім” – жыхары вёскі ў Горацкім раёне пакутуюць з-за аварыйнага маста

Мост праз невялічкую ручаіну злучае дзве паловы вёскі Ульяшына на беразе Проні. Гэты мост яшчэ ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя зрабілі самі жыхары вёскі – абсталявалі насыпы на абодвух берагах ручаіны і паклалі на іх дзве бетонныя пліты. Да таго, як маста не было, праз рачулку прыходзілася хадзіць проста ўброд, альбо абыходзіць усю вёску іншай дарогай. Калі мост з’явіўся, яго шырыні і трываласці спачатку хапала для праезду на гужавым транспарце, і нават легкавой машыне. 

Пазней – зноў жа сіламі саміх вяскоўцаў – мост быў пашыраны і ўмацаваны бярвеннем, і па ім змаглі праяжджаць грузавыя машыны і трактары. Гэта яго і згубіла – пад цяжарам гусенічнага трактара ён аднойчы не вытрымаў і часткова зламаўся. Адзіная бетонная пліта, што вытрымала тое падзенне экскаватара, так і застаецца апошняй рэшткай ад калісьці шырокага і зручнага маста. У зімняе надвор’е карыстацца такой пераправай бывае небяспечна для вяскоўцаў – па склізкай нахінутай паверхні можна лёгка зваліцца ў ручаіну.

Вяскоўцы зноўку спрабавалі сваімі сіламі адрамантаваць пераправу, падганялі кран, разлічваючы зноўку навесці бетонныя пліты. Аднак берагі ручаіны за апошнія гады забалоціліся, і тэхніка проста не змагла пад’ехаць. 

– Усё ж такі нам бы не хацелася займацца самадзейнасцю. – падзялілася з выданнем horki.info сваімі перажываннямі жыхарка вёскі Алена – Трэба, каб за гэта ўзяліся спецыялісты. Мост павінен быць такі, каб не толькі было бяспечна хадзіць, але і ездзіць. Вось нядаўна рэчка разлілася – і хоць ты на лодцы пераплывай на суседнюю вуліцу. Там прыпынак аўтобуса, дзеці выходзяць туды, каб ехаць у школу. Бабулькі нашы тут увесь час ходзяць, дачнікі. Так што мост трэба зрабіць абавязкова.

Зварот у сельсавет асаблівай надзеі вяскоўцам не дадаў. Прадстаўніца адміністрацыі прыяжджала для ацэнкі масштаба работ і вынесла несуцяшальную рэзалюцыю – “Магчыма, калі-небудзь зробім”.

Раман Ганін

фота: horki.info