Трэнд уборачнай кампаніі – паліва сельгастэхнікі фарбуюць, а потым ловяць са скрадзеным

Практыка афарбоўкі паліва для сельгастэхнікі не новая. Яе выкарыстоўвалі ў гаспадарках з сярэдзіны 2000-х, але сёлета рэйды па пошуку скрадзенага паліва праходзяць надзвычай часта.

За мінулыя выхадныя на Магілёўшчыне міліцыя сумарна канфіскавала 340 літраў фарбаванага паліва.

Найвялікшы аб’ём крадзенага паліва быў выяўлены ў кіроўцы грузавога аўтамабіля «МАЗ» з Круглага – 160 літраў. Жыхар райцэнтру прызнаўся, што набыў яго ў неўстаноўленай асобы і заліў у бак аўтамашыны, паведамляе  абласная міліцыя.

100 літраў фарбаванага дызпаліва было знойдзена на падворку ў жыхара Чавускага раёну, што працуе кіроўцам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў.

У вёсцы Акунёўка Шклоўскага раёну ў 26-гадовага мясцовага жыхара праваахоўнікі канфіскавалі 80 літраў фарбаванай саляркі.

Ва ўсіх выяўленых выпадках грамадзян, у якіх было знойдзена падобнае дызельнае паліва, чакае штраф да 1600 рублёў (50 базавых велічынь).

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі не толькі ў Беларусі.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.