Суд мякка пакараў магіляўчанку, якая зрабіла ўласнага дзіцёнка інвалідам

Да двух гадоў “хатняй хіміі” асудзілі 20-гадовую маці, з-за неаднаразовых дзеянняў якой яе гадавалы сын стаў калекай.

Суд Ленінскага раёна Магілёва высветліў, што магіляўчанка сістэматычна парушала элементарныя правілы бяспекі пры доглядзе за немаўляцем. Былі выяўлены некалькі эпізодаў, калі дзіця атрымлівала траўмы праз яе дзеянні або недагляд.

Адзін з найбольш цяжкіх выпадкаў адбыўся 15 студзеня 2025 года. Жанчына трымала на руках двухмесячнага сына, але не падтрымлівала яму галаву і шыю. У нейкі момант дзіця ўдарылася галавой аб сцяну. Медыкі дыягнаставалі ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пералом цемянной косткі і ўнутрачарапныя кровазліцці. Гэтыя пашкоджанні былі прызнаныя цяжкімі і небяспечнымі для жыцця.

Пасля перанесеных траўмаў хлопчыку прысвоілі статус “дзіця-інвалід”. У яго вызначылі другую ступень страты здароўя.

Падчас разгляду справы высветлілася, што гэта быў не адзінкавы выпадак. Паводле матэрыялаў суда, жанчына неаднаразова пакідала малечу аднаго на ложку без ахоўных борцікаў і сыходзіла з дому на некалькі гадзін, у прыватнасці, у забаўляльныя ўстановы. За час яе адсутнасці дзіцёнак некалькі разоў падаў на падлогу.

Суд таксама ўстанавіў іншыя эпізоды траўмавання. Падчас купання маці паставіла дзіцячую ванначку ўпоперак вялікай ванны і не замацавала яе належным чынам. У выніку ванначка перакулілася, а немаўля выпала і ўдарылася аб паверхню ванны.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся на лесвіцы ў пад’ездзе. Жанчына спускала дзіцячы вазок, але не ўтрымала яго і вазок перакуліўся, а маленькі хлопчык выпаў на прыступкі.

У выніку шматлікіх падзенняў у дзіцёнка выявілі шматлікія пераломы рэбраў, костак рукі і іншыя цялесныя пашкоджанні.

Пра тое, што дзіця рэгулярна атрымлівае траўмы, праваахоўнікам паведамілі медыцынскія ўстановы. Пасля гэтага распачалі крымінальную справу.

На судзе абвінавачаная цалкам прызнала віну ў неналежным выкананні абавязкаў па доглядзе за малалетнім сынам. Яна заявіла, што разумела правілы догляду за немаўляцем і ведала пра неабходнасць забяспечваць яго бяспеку, але фактычна не выконвала сваіх абавязкаў.

Цяпер дзіцёнак знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў доме дзіцяці. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а таксама абавязалі кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне сына.

Акрамя асноўнага пакарання, якое склала ўсяго толькі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, суд пастанавіў спагнаць з жанчыны 50 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелага хлопчыка. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Што ж тычыцца дзіцёнка, то паводле выхавальнікаў дзетдома, апетыт у яго добры, як у здаровага і моцнага малога. Такім ён і нарадзіўся – без паталагічных дыягназаў. Аднак траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавая, моцна паўплывалі на яго развіццё, піша “Наша ніва”.

Зараз хлопчыку год і чатыры месяцы. Ён умее толькі сядзець і поўзаць. У нагах адчуваецца слабасць: ён не можа ўставаць і хадзіць. Нават у хадунках амаль не перасоўваецца.

Інфармацыя пра хлопчыка ўжо размешчана ў Рэспубліканскім банку даных для ўсынавіцеляў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйчаніна пакаралі штрафам за збіццё і пагрозу забойствам

Бабруйскі суд праявіў надзвычайную мяккасць да злачынцы, які збіваў і пагражаў забіць уласную сужыцельку. 

Суд над 34-гадовым бабруйчанінам праходзіў проста ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска. Прычынай разгляду сталі паводзіны мужчыны, які яшчэ ў кастрычніку 2025 года, будучы п’яным, пасварыўся са сваёй сужыцелькай, пачаў збіваць яе рукамі і нагамі, душыў жанчыну і, прыстаўляючы нож да яе цела, пагражаў забіць.

Суд прызнаў жыхара Бабруйска вінаватым, але прызначыў яму мінімальна магчымае па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса пакаранне – штраф у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2100 рублёў. Дарэчы, у якасці пакарання гэты артыкул прадугледжвае і грамадскія працы, і выпраўленчыя працы, і арышт, і абмежаванне волі, і нават пазбаўленне волі да трох гадоў. Але суд абраў даволі невялікі штраф.

Прысуд у сілу пакуль не ўступіў. 

Фотаздымак: Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска