Бабруйчаніна пакаралі штрафам за збіццё і пагрозу забойствам

Бабруйскі суд праявіў надзвычайную мяккасць да злачынцы, які збіваў і пагражаў забіць уласную сужыцельку. 

Суд над 34-гадовым бабруйчанінам праходзіў проста ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска. Прычынай разгляду сталі паводзіны мужчыны, які яшчэ ў кастрычніку 2025 года, будучы п’яным, пасварыўся са сваёй сужыцелькай, пачаў збіваць яе рукамі і нагамі, душыў жанчыну і, прыстаўляючы нож да яе цела, пагражаў забіць.

Суд прызнаў жыхара Бабруйска вінаватым, але прызначыў яму мінімальна магчымае па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса пакаранне – штраф у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2100 рублёў. Дарэчы, у якасці пакарання гэты артыкул прадугледжвае і грамадскія працы, і выпраўленчыя працы, і арышт, і абмежаванне волі, і нават пазбаўленне волі да трох гадоў. Але суд абраў даволі невялікі штраф.

Прысуд у сілу пакуль не ўступіў. 

Фотаздымак: Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска

Бабруйчанін, які пагражаў забіць жонку, аддзелаўся штрафам

У Бабруйску суд пакараў штрафам 41-гадовага мужчыну, які пагражаў забіць уласную жонку.

Як паведамляе тэлеграм-канал суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска, у траўні бабруйчанін, будучы п’яным у сябе дома падчас сваркі з жонкай пагражаў ёй забойствам. Пра пагрозы стала вядома праваахоўнікам, а затым і суду.

Суд, прызнаўшы, што ў жанчыны меліся падставы баяцца ажыццяўлення пагрозы, тым не менш, вынес досыць дзіўны прысуд: за такія дзеянні мужчына пакараны штрафам у 50 базавых велічынь, што складае 2 100 рублёў. 

Узнікае пытанне, хто больш пакараны такім вердыктам суда – п’яны буян або ўся яго сям’я?

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак: ТГ суда Бобруйского района и города Бобруйска