Магілёвец, які скінуў сужыцельку з балкона, атрымаў вялізны тэрмін

Магілёўскі аблсуд прызначыў 15 гадоў і шэсць месяцаў калоніі магілёўцу, які вар’яцкім чынам здзекваўся са сваёй сужыцелькі.

Гісторыя адбылася ў жніўні 2025 года ў шматпавярховым доме па вуліцы Бярозаўскай абласнога цэнтра. У той дзень 45-гадовы мужчына запрасіў маці сваёй сужыцелькі ў кватэру, дзе ён нібыта зрабіў рамонт. Яны распівалі спіртное, і ён прасіў дапамагчы памірыцца з 30-гадовай дачкой. У сваю чаргу сужыцельцы не падабалася, што ён злоўжывае алкаголем. Разам яны жылі ў яе кватэры, пазнаёміўшыся ў лютым гэтага года. Як бачна, нікога нікому памірыць не ўдалося, і сварка хутка перарасла ў працяглы і жорсткі гвалт.

Мужчына збіваў жанчыну, душыў, цягаў па кватэры за валасы, не даваў дыхаць. У нейкі момант ён выкінуў яе з балкона другога паверха.

Калі на дапамогу прыйшла маці пацярпелай, агрэсар не спыніўся і ўжыў сілу супраць яе. А калі зразумеў, што яго выкінутая з балкона сужыцелька пасля падзення выжыла, паспрабаваў давесці пачатае да канца: выбег на вуліцу, зацягнуў яе назад у кватэру і зноў пачаў збіваць, спрабуючы яшчэ раз скінуць з балкона.

Спыніць гэта ўдалося толькі дзякуючы суседзям, якія ўмяшаліся і фактычна выратавалі жанчыне жыццё.

У выніку пацярпелая атрымала цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця. Яе маці таксама была збіта.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і, акрамя вялікага тэрміну, прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым 21 тысячу рублёў кампенсацыі.

Прысуд пакуль можна абскардзіць.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Бабруйчаніна адправілі на “хімію” за пагрозы забіць падчарку-падлетка

Бабруйчанін пастаянна збіваў і пагражаў забіць 12-гадовую дачку сваёй сужыцелькі. Суд адправіў яго на чатыры гады на “хімію”.

Як стала вядома на судзе ў Бабруйску, з красавіка па кастрычнік мінулага года мужчына сістэматычна збіваў дзяўчынку. З-за свайго малалетства і бездапаможнасці яна не магла аказаць крыўдзіцелю нейкага супраціву.

Адметна, што ўпершыню мужчына прымяніў фізічны гвалт да дачкі сужыцелькі на дзень яе народзінаў. Аднойчы схапіў яе за шыю і душыў – менавіта гэты выпадак прымусіў дзяўчынку ўсвядоміць, што ёй пагражае рэальная небяспека.

Падчас суда мужчына сваю віну цалкам прызнаў. За сістэматычныя пабоі і пагрозу забойствам суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызначыў яму чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама з падсуднага спагнаны штраф у 4500 рублёў. Акрамя таго, яго накіравалі на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве маці збівала свайго дзіцёнка-груднічка да сінякоў

Факт збіцця немаўляці ў Магілёве выявіла медыкі, а за імі пракуратура. Міліцыя ж не ўбачыла праблем у сям’і.

У Магілёўскай вобласці пракуратура праверыла працу служб, якія адказваюць за абарону дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях. Аказалася, што многія структуры выконвалі свае абавязкі фармальна.

Так, у Магілёве, нягледзячы на паведамленне аб знаходжанні груднога дзіця ў неспрыяльнай сямейнай абстаноўцы, міліцыя не ўбачыла ніякіх праблем. Аднак праз непрацяглы час пры абследаванні немаўляці ў медыцынскай установе ў яго знайшлі шматлікія цялесныя пашкоджанні рознай даўнасці. Як аказалася, іх нанесла маці.

Па загадзе пракурора Магілёва малое адабрана і змешчана на дзяржаўнае забеспячэнне. А ў дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа за наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Мужчына атрымаў два з паловай гады калоніі за збіццё бабруйскага міліцыянера

Суд у Бабруйску прызнаў вінаватым раней судзімага мужчыну, які ў стане алкагольнага ап’янення збіў мясцовага міліцыянера, у тым ліку зламаўшы яму нос.

Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, здарэнне адбылося ноччу 12 студзеня 2025 года, калі мужчыну спрабавалі затрымаць за нейкае дробнае хуліганства. «Аднак абвінавачваны, з мэтай перашкоды законнай дзейнасці міліцыянера, наўмысна нанёс яму ўдар кулаком у галаву, ад чаго той паваліўся на тратуар і газон. Пасля гэтага абвінавачаны нанёс пацярпеламу яшчэ адзін удар рукой у галаву, пасля чаго яго дзеянні былі спынены іншымі супрацоўнікамі міліцыі, і ён быў затрыманы», — гаворыцца ў паведамленні суда.

Пазней высветлілася, што ў пацярпелага міліцыянера, у прыватнасці, быў зламаны нос. Суд кваліфікаваў гэта як лёгкае цялеснае пашкоджанне.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Аднак, адзін з бакоў працэсу не пагадзіўся з прысудам і падаў апеляцыю. Магілёўскі абласны суд прызнаў рашэнне бабруйскага суда справядлівым. У выніку мужчына атрымаў два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да гэтага тэрміну дадалі яшчэ паўгода неадбытай часткі пакарання па папярэднім прысудзе. Акрамя таго, яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін чатыры гады, тры месяцы і 11 дзён.

Варта адзначыць, што ў Бабруйску не рэдкія праявы негатыўнага стаўлення грамадзян да супрацоўнікаў міліцыі. Так, у чэрвені 2020 года стала вядома, што бабруйчанін, які скраў у краме бутэльку віна, пры затрыманні ўдарыў міліцыянера.

У лістападзе 2018 года міліцыянера ў цывільным адзенні збілі падлеткі.

Таксама часта здараліся выпадкі, калі грамадзяне спрабавалі аказаць супраціў супрацоўнікам міліцыі, якія ўжывалі неабгрунтаваную сілу ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц