У Глуску суд разгледзеў справу непаўналетняга пра абразы ў інтэрнэце

Абразы ў інтэрнэце могуць абярнуцца рэальнымі наступствамі нават для непаўналетніх. Гэта пацвярджае гісторыя, разгледжаная судом Глускага раёна.

Падставай для разбору сталі абразлівыя паведамленні ў Telegram-чаце ў адрас непаўналетняй дзяўчынкі і яе сям’і. Праверка паказала, што адным з удзельнікаў перапіскі быў 13-гадовы падлетак, які заклікаў іншых карыстальнікаў адпраўляць дзяўчынцы абразы.

З-за ўзросту падлетка прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці не змаглі. Аднак гэта не вызваліла сям’ю ад наступстваў. Бацькі хлопца былі прыцягнуты да адказнасці за неналежнае выхаванне сына.

Пасля гэтага маці дзяўчынкі звярнулася ў суд, запатрабаваўшы кампенсацыю маральнай шкоды. Паколькі аўтар паведамленняў не дасягнуў 14 гадоў, патрабаванні былі прад’яўлены яго законнаму прадстаўніку.

Урэшце бакі заключылі міравое пагадненне. Маці падлетка абавязалася выплаціць па 500 рублёў кампенсацыі пазоўніцы і яе дачцэ, а таксама пакрыць судовыя выдаткі ў памеры 1710 рублёў.

У гэтай гісторыі ўсё сумленна, усё паводле закона, суд на вышыні. А вось які суд будзе судзіць цалкам дарослых беларускіх прапагандыстаў, якія з экранаў дзяржаўнага тэлебачання не толькі абражаюць людзей, але і ўжываюць ненарматыўную лексіку?

Фота ілюстрацыйнага характару.

Веласіпедыст збіў бабруйчанку і заплаціць за гэта немалыя грошы

Пажылая бабруйчанка праз суд дабілася кампенсацыі маральнай школы з веласіпедыста, які збіў яе на прыпынку грамадскага транспарту.

Днём 15 жніўня 2025 года 69-гадовая жанчына чакала маршрутнае таксі на прыпынку. У гэты момант мужчына, які ехаў на веласіпедзе, не справіўся з кіраваннем і наехаў на пенсіянерку. У выніку падзення яна атрымала розныя траўмы, у тым ліку закрыты пералом правай прамянёвай косткі.

Міліцыя правяла праверку па факце нанясення траўм і ўбачыла ў дзеяннях веласіпедыста прыкметы злачынства. Аднак пазней мужчына папрасіў пацярпелую адклікаць заяву аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці і паабяцаў выплаціць 1 500 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Жанчына, не жадаючы сур’ёзных наступстваў для віноўніка, напісала адпаведную заяву. У выніку ў ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена.

Тым не менш, як пазней пісала бабруйчанка ў суд, атрыманыя траўмы прынеслі ёй значныя фізічныя і маральныя пакуты. Доўгі час яна адчувала боль, была абмежаваная ў рухах і не магла самастойна абслугоўваць сябе ў побыце. Ёй спатрэбілася лячэнне, заняткі лячэбнай фізкультурай і набыццё лекаў. Пры гэтым, паводле яе, веласіпедыст станам яе здароўя не цікавіўся і ніякіх выдаткаў не кампенсаваў.

У выніку такіх паводзін з боку крыўдзіцеля жанчына звярнулася ў суд з патрабаваннем спагнаць з яго 5 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а таксама судовыя выдаткі. Сам адказчык прызнаў іск толькі часткова і быў гатовы выплаціць усяго 150 рублёў.

Суд стаў на бок пацярпелай ад наезда веласіпедыста і пастанавіў спагнаць з яго на карысць бабруйчанкі 5 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 800 рублёў судовых выдаткаў. Акрамя таго, з адказчыка была спагнана дзяржаўная пошліна ў даход дзяржавы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магіляўчанка спагнала грошы з віноўніка свайго падзення на эскалатары

Бацькам магілёўскага падлетка давядзецца заплаціць за свавольствы сына на эскалатары.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў пазоў мясцовай жыхаркі, якая ў маі 2025 года атрымала траўмы пры падзенні на эскалатары аднаго з гандлёвых цэнтраў.

Прычынай інцыдэнту сталі паводзіны 14-гадовага падлетка, які ехаў на прыступку вышэй.

Ён убачыў знаёмых, якія спускаліся на сустрэчным эскалатары, у жарт схапіў аднаго з іх за шыю і страціў раўнавагу. Падаючы, хлопец збіў з ног дзяўчыну.

Менавіта яна падала на яго ў суд, паколькі, падаючы, атрымала шэраг траўмаў, уключаючы пералом ключыцы. 

Дзяўчына на той момант была студэнткай выпускнога курса і не магла паўнавартасна працаваць над дыпломам. 

Памер маральнай шкоды ісціца ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Суд прыняў рашэнне спагнаць з віноўніка здарэння на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў. Пры адсутнасці даходаў у яго самога – з яго законных прадстаўнікоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.