Кіраўнік хоцімскага прадпрыемства пакараны за несвоечасовую выплату заробку

У Хоцімскім раёне 107 работнікаў сельгасарганізацыі не маглі своечасова атрымаць 155 тысяч рублёў заробку.

Запазычанасць па заробку ўтварылася ў траўні 2026 года. Гэта высветліла пракуратура пры праверцы выканання заканадаўства аб працы.

Пасля таго як умяшалася нагляднае ведамства, заробак быў выплачаны, а кіраўнік гэтага прадпрыемства АПК прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. 

Згодна Працоўнаму кодэксу, выплата заработнай платы ажыццяўляецца рэгулярна ў дні, вызначаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні або працоўным дагаворы, але не радзей двух разоў на месяц. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Цэментныя заводы Магілёўшчыны завінаваціліся сотні мільёнаў долараў

Беларускі цэментны завод (БЦЗ) ў Касцюковічах і “Крычаўцэментнашыфер” вінны рэспубліканскаму бюджэту больш за 580 млн долараў. 

Згодна з указам №156, які Лукашэнка падпісаў 7 траўня і які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 9 траўня, у Беларускага цэментнага завода на 1 лістапада 2025 года ўтварылася запазычанасць перад рэспубліканскім бюджэтам у памеры 203,72 млн долараў. Гэта за выплаты па кітайскіх крэдытах, зробленыя за кошт бюджэту ў 2015–2024 гадах.

“Крычаўцэментнашыфер” з той жа прычыны завінаваціўся дзяржаве 241,37 млн долараў, а таксама 133,013 млн долараў і 16,159 млн рублёў па гарантыях, якія дзяржава выканала перад беларускімі банкамі.

Раней было вызначана, што бюджэтныя выплаты па кітайскіх крэдытах гэтыя заводы мусілі пачаць кампенсаваць з 2029 года. Кампенсацыі ад “Крычаўцэментнашыфера” па выплачаных банкам з бюджэту дзяржгарантыях былі разлічаныя на 2030–2038 гады. Плаціць па валютных даўгах яны былі абавязаныя ў рублях, але паводле незамацаванага курсу – не менш за 5% сумы запазычанасці на год.

Новы ўказ пасунуў пачатак выплат на 2026 год (да 2029 года – не менш як 2,5% выручкі, у 2030–2033 гадах – не менш як 4%, з 2034-га – не менш як 5%). Разам з тым разлічвацца па валютных запазычанасцях, якія ўтварыліся да 5 траўня 2026 года, заводы будуць паводле “замарожанага” на гэтую дату курсу долара (2,8315 рубля), то бок даўгі не вырастуць, нават калі амерыканская валюта падаражэе.

Да 20 траўня кожнае прадпрыемства мае адкрыць у “Беларусбанку” адмысловы рахунак для акумулявання сродкаў на пагашэнне даўгоў. Грошы маюць пералічвацца штотыдзень і могуць быць выкарыстаныя выключна на мэту, пад якую адкрыты рахунак. Пры гэтым Міністэрства фінансаў мае права без згоды завода спісаць сродкі з гэтага рахунку, калі плацеж па даўгу не пералічаны своечасова.

Акрамя фінансавых абавязацельстваў перад дзяржавай заводы маюць запазычанасць перад “Беларусбанкам”. Гэта рэшткі асноўных даўгоў па крэдытах, прыцягнутых пад гарантыі ўрада. У БЦЗ – 12,5 млн рублёў, у “Крычаўцэментнашыфера” – 27,855 млн долараў. Запазычанасці маюць быць пагашаныя да канца 2026 года.

У красавіку 2026 года стала вядома, што гэтыя прадпрыемствы перададуць дзяржаве свае акцыі наўзамен сумы, выдзеленай на іх падтрымку ў 2025 годзе.

За мінулы год Беларускі цэментны завод атрымаў 2,5 млн рублёў дапамогі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 9 млн рублёў. У першага акцыя каштуе пяць рублёў, а ў другога – дзве капейкі. Адпаведна, БЦЗ перадасць 500 824 свае акцыі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 453 315 591 акцыю.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне пракуратура спрабуе спагнаць 6,9 млн рублёў запазычанасцяў

Спагнаць 6,9 млн рублёў пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці праз пяць іскаў у суд спрабуе пракуратура Магілёўскай вобласці. Як высветлілася, заключаючы дамовы з замежнымі контрагентамі, магілёўскія прадпрыемствы дзейнічалі сабе ў шкоду.

Па выніках праверкі выканання заканадаўства ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, якую правяла пракуратура Магілёўшчыны у 2025 годзе, быў выяўлены шэраг парушэнняў. Так, пракуроры зафіксавалі тры факты скажэння статыстычнай справаздачнасці арганізацыямі Магілёва і Шклоўскага раёна. За гэта работнікі, якія дапусцілі такое скажэнне, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Прычым адзін з прыцягнутых здзейсніў аналагічнае правапарушэнне паўторна на працягу года.

“Устаноўлены факты заключэння дагавораў на ўмовах, якія не адпавядаюць эканамічным інтарэсам суб’ектаў гаспадарання, а таксама выпадкі адгрузкі прадукцыі пры наяўнасці з контрагентам пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці” – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

За дрэнны нагляд за знешнеэканамічнай дзейнасцю пракуратура аб’явіла афіцыйныя папярэджанні прадстаўнікам дзяржавы ў адным з буйных прадпрыемстваў Магілёва.

Усяго ж у 2025 годзе па выніках праверак у гэтай сферы ў адрас кіраўнікоў правяраемых арганізацый пракуратура вынесла сем прадстаўленняў, пяць прадпісанняў і чатыры пастановы, абвясціла тры афіцыйныя папярэджанні. Па патрабаванні пракурораў восем асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, тры – да адміністрацыйнай.

Таксама пры дапамозе магілёўскіх пракурораў у 2025 годзе ў трох арганізацыях вобласці ўдалося пагасіць пратэрмінаваную знешнюю дэбіторскую запазычанасць на звыш 208 тыс. рублёў.

Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці