У Магілёве студатраду надалі імя героя СССР і глазураванага сырка

Глазураваны сырок, марожанае і герой Савецкага Саюза – гэта ўсё ў назве аднаго студатрада з Магілёўскага палітэхнічнага каледжа.

Кіраўніцтва ААТ «Магілёўская фабрыка марожанага» запрасіла студэнтаў да часовай працы. Моладзі прапанавалі займацца камплектаваннем, упакоўкай і перамяшчэннем прадукцыі ў халадзільных памяшканнях, арганізаваўшы для гэтага асобны студэнцкі працоўны калектыў.

Студэнты адгукнуліся на прапанову і стварылі атрад. Выбіраючы для яго назву, яны звярнуліся да найбольш вядомых вырабаў прадпрыемства – глазураваных сыркоў і марожанага пад брэндам «Лёва». Такім чынам атрад атрымаў адпаведнае найменне.

Аднак на гэтым працэс не завяршыўся. Арганізацыя калектыву супала па часе з чарговымі ўгодкамі вызвалення Магілёва падчас Другой Сусветнай вайны. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне надаць атраду імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Вахненкі, удзельніка баявых дзеянняў, які ў 1944 годзе вызначыўся пры пераправе праз Днепр у ходзе наступальнай аперацыі Чырвонай арміі.

У выніку ўтварылася досыць незвычайная афіцыйная назва: «атрад “Лёва” імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Вахненкі». Менавіта ў такім выглядзе гэтае найменне выкарыстоўваецца ў інфармацыйных матэрыялах навучальнай установы і распаўсюджваецца як цалкам афіцыйнае.

Фотаздымак: detyam-o-mogileve.csgpb.by

На Дрыбіншчыне студатрад ледзьве не застаўся без заробку

Толькі з дапамогай пракуратуры 15 студатрадаўцам удалося атрымаць заробак пасля працы на адну сельгасарганізацыю ў Дрыбінскім раёне.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, сельгасарганізацыя заключыла з 15 непаўналетнімі студэнтамі працоўныя дамовы. Аднак пры заканчэнні іх сельгаспрац і натуральным звальненні выплочваць заробак адмовілася. У выніку студэнты аказаліся без 4,2 тыс. рублёў заробленых грошай.

На сайце не распавядаецца, якім чынам звесткі аб нявыплаце дайшлі да пракуратуры. Верагодна, да яе звярнуліся бацькі пакрыўджаных сельгасарганізацыяй студэнтаў. Так ці інакш, але тая выявіла парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства і працоўных працоў непаўналетніх.

Пракуратура вынесла прадпісанне кіраўніку сельгасарганізацыі і студэнтам выплацілі заробкі.

Дарэчы, паводле даных нагляднага ведамства, у Дрыбінскім раёне за летні перыяд было восем студэнцкіх атрадаў, у якіх працавалі 96 чалавек, з іх 88 непаўналетніх.

Фотаздымак: Генпракуратура