На Мсціслаўшчыне канфіскавана 20 тон спірту

У Мсціслаўскім раёне затрыманы грузавік, вадзіцель якога перавозіў па падробленых дакументах 20 тысяч літраў вадкасці з утрыманнем спірту ў пластыкавых каністрах аб’ёмам па 10 літраў кожная – паведамляе МУС.

Мужчына патлумачыў, што набыў тавар у Расіі нібыта для ўласных патрэб. Аднак, паводле інфармацыі МУС, спірт прызначаўся для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Увесь груз канфіскаваны.

У рамках праверкі будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням перавозчыка за парушэнні парадку абароту нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і выкарыстанне падробленых дакументаў.

Фота: скрыншот МУС.

У Чэрыкаве затрыманы буйны “металіст”

У Чэрыкаве міліцыянеры затрымалі грузавік з больш чым 16 тонамі лому чорных металаў – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама. 

50-гадовы мясцовы дырэктар прыватнага унітарнага прадпрыемства збіраў метал па раёне, скупляў яго ў насельніцтва для наступнай здачы ў пункт прыёму, але пры гэтым не меў дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пры аглядзе тэрыторыі яго дома выяўлена яшчэ больш за 16 тон лому і адыходаў чорных металаў.

Металалом на агульную суму амаль 22 000 рублёў канфіскаваны.

У дачыненні чэрыкаўскага бізнесмена складзены два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за нарыхтоўку і перавозку металу і яго захоўванне. У суме яму пагражае штраф да 7 400 рублёў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

У бабруйскага прадпрымальніка арыштавалі партыю вейпаў і сумесяў на 45 тысяч рублёў

56-гадовы жыхар Бабруйска набываў буйныя партыі вейпаў і жавальных сумесяў за мяжой і прадаваў іх праз соцсеткі. Прадукцыя не праходзіла ніякіх праверак і сертыфікацыі. Уся партыя з 1 395 адзінак тавару канфіскаваная, а мужчыне пагражае штраф на 100 базавых – паведамляе прэс-служба МУС.

Фота: МУС

У Магілёве канфіскавалі нелегальных вейпаў на 20 000 рублёў

Аператыўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Ленінскага РУУС Магілёва падчас агляду адной з кватэр дома па вуліцы Ленінскай выявілі каля 300 флаконаў вадкасцей да электронных парагенератараў, 50 прылад для курэння і ўпаковак з камплектуючымі да іх – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Устаноўлена, што 18-гадовы ўладальнік гаджэтаў купіў іх у адной з краін-суседак каб потым прадаць у інтэрнэце. Дакументаў на тавар у яго не аказалася, як і статусу прадпрымальніка.

Хлопцу пагражае штраф да 50 базавых велічыняў. Маёмасць на агульную суму каля 20 000 рублёў канфіскавана.

Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц

Ёсць рэкорд – на кватэры ў Чавусах знайшлі 150 літраў самагонкі

У  жыхара Чавус было выяўлена 150 літраў самагоннай брагі – паведамляе chausynews.   Як сведчыць мясцовы ўчастковы інспектар міліцыі І. Гулькоў, гэта першы ў Чавускім раёне вядомы выпадак вырабу моцных алкагольных напояў у такім аб’ёме.

Самагооншчыку цяпер пагражае штраф у памеры да 5  базавых велічынь (1 БВ зараз складае 37 рублёў) з канфіскацыяй названых напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

Расійская карамель з фруктова-ягадным начыннем з густам «Кавун» зніжае актыўнасць і ўвагу дзяцей

У Магілёве канфіскавалі з продажу карамель з сінтэтычным фарбавальнікам з Расіі.

Як паведамілі ў Дзяржстандарце, падчас праверкі адной з крам Магілёва ў продажы знайшлі небяспечную карамель з фруктова-ягадным начыннем з густам «Кавун» расійскай вытворчасці. Даследаванне карамелі паказала, што цукеркі не адпавядаюць патрабаванням “аб бяспецы харчовай прадукцыі”, а таксама патрабаванням “аб бяспецы харчовых дабавак”. 

У складзе карамелі знайшлі незаяўлены ў маркіроўцы сінтэтычны фарбавальнік понсо 4R (Е124) у колькасці 11,2 мг/кг. А ў інфармацыі аб саставе прысмакаў быў указаны зусім іншы фарбавальнік. А яшчэ на цукерках не было папераджальнага надпісу аб тым, што прадукт змяшчае фарбавальнік, які можа аказваць негатыўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей.

Цяпер увоз і продаж гэтых прысмакаў у Беларусі забаронены. Спажыўцам трэба быць уважлівымі, кармель можа яшчэ заставацца на паліцах іншых крамаў. 

 

У Еўропе з аўкцыёну прадалі канфіскаваную праз вайну ва Ўкраіне яхту расійскага мільярдэра

Яхту мільярдэра Дзмітрыя Пумпянскага прадалі на першым публічным аўкцыёне канфіскаванага актыву з пачатку вайны ва Украіне.

Аўкцыён праходзіў у Гібралтары, які належыць Вялікай Брытаніі. Уварванне Расіі ва Украіну прымусіла ўлады краіны замарозіць раскошныя судны ў партах па ўсім свеце.

Пяціпалубная 72-метровая яхта Axioma – плывучы палац з пейзажным басейнам і 3D-кінатэатрам, была канфіскаваная ў сакавіку на брытанскай тэрыторыі ў Міжземным моры.

Яе выставілі на продаж пасля таго, як адна з кампаніяў запатрабавала вярнуць пазыку ў 20,5 мільёна еўра, прывязаную да судна.

Кошт і імя пераможцы аўкцыёну застаюцца канфідэнцыйныя, іх апублікуюць праз 2 тыдні.

Як вынікае з публікацыі выдання Bloomberg, продаж яхты выклікаў жывы інтарэс у патэнцыйных яе пакупнікоў. Ён прыцягнуў 63 стаўкі.

Санкцыі супраць Пумпянскага Еўрасаюз увёў 10 сакавіка, а праз пяць дзён – Вялікая Брытанія. Падставай для гэтага стала тое, што яго Трубная Металургічная Кампанія супрацоўнічае з расійскімі ўладамі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі. 24 лютага, у дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну Дзмітрый Пумпянскі разам з іншымі бізнесменамі сустракаўся з Пуціным.

Пумпянскі, маёмасць якога ацэнваецца ў 2,1 мільярда долараў, як і іншыя алігархі, спрабаваў рэструктурызаваць свае ключавыя актывы. Ён пазбавіўся сваёй долі ў кампаніі, якая з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам стальных труб у Расеі, і выйшаў з рады дырэктараў.

фота: bwbx.io