Расійская карамель з фруктова-ягадным начыннем з густам «Кавун» зніжае актыўнасць і ўвагу дзяцей

У Магілёве канфіскавалі з продажу карамель з сінтэтычным фарбавальнікам з Расіі.

Як паведамілі ў Дзяржстандарце, падчас праверкі адной з крам Магілёва ў продажы знайшлі небяспечную карамель з фруктова-ягадным начыннем з густам «Кавун» расійскай вытворчасці. Даследаванне карамелі паказала, што цукеркі не адпавядаюць патрабаванням “аб бяспецы харчовай прадукцыі”, а таксама патрабаванням “аб бяспецы харчовых дабавак”. 

У складзе карамелі знайшлі незаяўлены ў маркіроўцы сінтэтычны фарбавальнік понсо 4R (Е124) у колькасці 11,2 мг/кг. А ў інфармацыі аб саставе прысмакаў быў указаны зусім іншы фарбавальнік. А яшчэ на цукерках не было папераджальнага надпісу аб тым, што прадукт змяшчае фарбавальнік, які можа аказваць негатыўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей.

Цяпер увоз і продаж гэтых прысмакаў у Беларусі забаронены. Спажыўцам трэба быць уважлівымі, кармель можа яшчэ заставацца на паліцах іншых крамаў.