Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.