У Індыі паставілі сусветны рэкорд масавых танцаў з бубнамі

Адначасова больш за две з паловай тысячы бубначоў акампанавалі васьмі з паловай тысячам танцораў, якія ўсталявалі сусветны рэкорд

Як паведамляе Euronews, у горадзе Гувахаці індыйскага штата Асам больш за 11 тысяч танцораў і музыкантаў выканалі танец Біху, устанавіўшы два сусветныя рэкорды: па колькасці саміх танцораў і па колькасці барабаншчыкаў. Танец Біху з’яўляецца неад’емнай часткай асамскай культуры і выконваецца падчас штогадовага фестывалю, які азначае пачатак Новага года па мясцовым календары.

Фота: Euronews

За рытуальнае чалавечае ахвярапрынашэнне ў Індыі затрымалі пяць чалавек

Забойства 64-гадовай Шанці Шоў адбылося ў паўночнаіндыйскім горадзе Гувахаці яшчэ ў 2019 годзе. Жанчына была знойдзеная абезгалоўленай пасля таго, як яна наведала храм Кавах’я.

Як паведамляе The Guardian, пасля чатырох гадоў пошукаў паліцыі штата Асам удалося выйсці на след злачынцаў пасля таго як цела ахвяры было канчаткова ідэнтыфікаванае. 

У забойстве жанчыны падазраюцца дванаццаць чалавек, пяць з якіх удалося затрымаць. У тым ліку пад арышт патрапіў меркаваны завадатар, 52-гадовы Прадзіп Патак, які арганізаваў забойства ў рамках рэлігійнага абраду ў гонар гадавіны смерці свайго брата. Астатніх удзельнікаў рытуала працягвае шукаць паліцыя.

– Абвінавачаны, відаць, лічыў, што ахвярапрынашэнне супакоіць душу нябожчыка. – пракаментаваў справу камісар паліцыі Гувахаці Дыганта Барах.

Храм Кавах’я ў Гувахаці, які наведвала ахвяра перад смерцю. Фота Surjeet Yadav/AFP

З 2014 па 2021 год Нацыянальнае бюро па ўліку злачынстваў Індыі паведаміла пра 103 выпадкі чалавечых ахвярапрынашэнняў у краіне. Рытуальныя забойствы звычайна праводзяцца, каб супакоіць багоў, і яны найбольш распаўсюджаныя ў племянных і аддаленых раёнах, дзе людзі масава вераць у вядзьмарства і акультызм.

У мінулым годзе  ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі двое мужчын былі арыштаваныя па абвінавачванні ў забойстве шасцігадовага хлопчыка. Вінаватыя, абодва будаўнікі, заявілі паліцыі, што забілі дзіця ў ахвяру індуісцкаму богу Шыве, каб разбагацець.

Фота ілюстрацыйнае

Механічны рытуальны трохметровы слон замяніў жывога ў індыйскім храме

У Керале на поўдні Індыі адміністрацыя індуісцкага храма замяніла сакральнага жывога слана, які ўдзельнічаў у рытуалах храма, механічнай мадэллю. Гэтага здаўна патрабавалі зоаабаронцы. 

Мадэль слана на металічным каркасе ахвяравала храму Ірынджадаппілі Шры Крышна ў раёне Трысур вядомая зоаабарончая арганізацыю PETA і актрыса Парваці Тырувоту, паведамляе ВВС. 

У шматлікіх індыйскіх храмах трымаюць сланоў, каб выкарыстоўваць іх на фестывалях і ў рэлігійных абрадах. Аднак грамадскасць даўно хвалявала, як ставяцца да сланоў у храмах. Па сведчанню зоаабаронцаў падчас трэніровак жывёл часта б’юць і трымаюць у ланцугах, а ў святы – сядлаюць і фарбуюць. Па словах супрацоўнікаў цэнтра вывучэння правоў жывёл, у Кэрале ў няволі трымаецца каля 500 сланоў, з якіх 158 памерлі ў перыяд з 2018 па 2023 гады. 

У храме Ірынджадаппілі Шры Крышна вырашылі спыніць выкарыстанне жывёл у рытуалах і лічаць, што механічны слон дапаможа праводзіць рытуалы “без гвалту над жывёламі”. Храм спадзяецца, што і ў іншых храмах падумаюць пра замену сапраўдных сланоў на іх механічную імітацыю. 

Па дадзеных газеты Indian Express, штучны слон мае вышыню ў тры метры, важыць 800 кг і трымаецца на жалезнай рамцы. Стварэнне яго каштавала каля 6 тысяч долараў.

Рух у абарону правоў жывёл, супраць гвалту над імі, за абмежаванне выкарыстання іх у рэлігійных храмах, у заапарках распаўсюджваецца ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.  

 

Прыродныя катаклізмы ў свеце і надвор’е ў Магілёўскай вобласці

У Аймяконе -60ºС: дзіцячыя садкі працуюць штатна. Град пабіў людзей у Балівіі. Паводкі у Афрыцы, цыклон ў Індыі.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці захаваецца галаледзіца. У чацвер-суботу, 15-17 снежня, дзённыя тэмпературы будуць у дыяпазоне 0 -2º, у начы ад -5º да -12…-14 º С. Чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе снега. У чацвер, 15 снежня магчымы вятры хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 17 м/с.

А вось, ужо ў нядзелю, 18 снежня, перад Зімовым Міколам, уночы нас чакае рэзкае паніжэнне тэмператур да -22…-24ºС, – папярэджваюць сіноптыкі.  

Полюс холаду

Нашы прагназуемыя начныя тэмпературы ў -22 º, гэта у 3 разы цяплей, чым удзень у якуціі Аймяконе – 12 снежня тут зафіксавалі 60 градусаў марозу, паведамляецца на сайце Якуцкага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. А ў  райцэнтры Аймяконскага раёна пасёлку Усць-Нера ў гэты ж час тэмпература склала -54ºС. Школьнікаў адправілі на дыстанцыйнае навучанне, а дзіцячыя садкі працуюць штатна: «1010 дзяцей сёння [застаюцца] дома».  

Аймякон –  адзін з вядомых полюсаў холаду ў Якуціі.

На права называцца самай халоднай кропкай паўночнага паўшар’я Зямлі прэтэндуюць два населеныя пункты Якуціі – Верхаянск і Аймякон, дзе фіксаваліся тэмпературы ніжэйшыя за -67 ºС.

Тэмпературу ў −67,8°C у 1885 годзе зафіксаваў ссыльны рэвалюцыянер-народнік, ураджэнец Магілёўшчыны Сяргей Кавалік (1846-1926).

Паводкі ў сталіцы Конга Кіншасе забралі жыцці 50 чалавек.

Моцныя дажджы выклікалі смяротныя паводкі і апоўзні, паведамляе Reuters. Цэлыя раёны былі затоплены бруднай вадой, а на асфальце ўтварыліся варонкі. Па сведчанні паліцыі, колькасць загінуўшых можа ўзрасці.

Кіншаса – сталіца Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, найбуйнейшы мегаполіс Афрыкі з насельніцтвам каля 15 млн чалавек – утварылася на месцы рыбацкіх вёсак на беразе ракі Конга. Урбанізацыя зрабіла горад неабароненым для раптоўных паводак пасля інтэнсіўных дажджоў, якія сталі частымі з-за змены клімату.

 

Град забіў 7 чалавек на выпускным вечары ў Балівіі

У выніку абвальвання даху школы падчас моцнага граду ў вёсцы на высакагорных раўнінах Балівіі загінулі 7 чалавек, якія прысутнічалі на выпускной цырымоніі, паведамляе Terrace Standard. 

Трагедыя адбылася ў вёсцы Сант’яга-дэ-Пачарыя за 100 км ад Ла-Паса. У мінулыя выходныя большая частка Балівіі перажыла праліўны дождж, які часта выпадае ў выглядзе граду ў горных раёнах.

 

На поўдні Індыі цыклон “Мандус” забіў 4 чалавекі і разбурыў 185 дамоў

На паўднёвы індыйскі штат Тамілнад на мінулым тыдні абрынуўся цыклон “Мандус”, – паведамляе Reuters. 

Ураган вырваў з коранем 400 дрэў у сталіцы штата Чэнаі, цэнтры аўтамабільных і тэхналагічных кампаній. Моцны дождж і ўраганны вецер нанеслі ўрон маёмасці і выклікалі перабоі ў падачы электраэнергіі. Ужо вядома аб 4 ахвярах і разбурэнні 185 дамоў.

Звыш 9 000 чалавек былі эвакуіраваны і размешчаны ў 201 лагеры дапамогі.

Дзень у гісторыі. 3 снежня. Магілёўскую Стаўку заняў бальшавік Крыленка. Самая страшная хімічная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. Заканчэнне “халоднай вайны”. Дзень нараджэння SMSкі.

Міжнародны дзень інвалідаў (International Day of the Disabled, з 1992 года). 

Аб’яўлены Генеральнай Асамблеяй ААН.  Дзень інвалідаў Беларусі.

У гэты дзень не будзе залішнім нагадаць усім пра тое, што сярод нас жывуць людзі, якія заслугоўваюць не толькі спачування, але перш за ўсё дапамогі, забеспячэння іх правоў на годнае жыццё, працу, адпачынак. 

У свеце жыве каля мільярда чалавек з інваліднасцю – амаль 15% насельніцтва Зямлі. У Беларусі доля людзей з інваліднасцю 6%. Асоб з інваліднасцю ў працаздольным узросце – каля 200 тысяч.

 

Сусветны дзень адмовы ад пестыцыдаў (Global No Pesticides Use Day, з 1998 года) у  памяць аб экалагічнай катастрофе, якая адбылася 3 снежня 1984 года на пестыцыдным заводзе ў індыйскім Бхапале.

Мэта – прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да вырашэння праблем, якія ўзніклі ў выніку вытворчасці і выкарыстання гэтых небяспечных хімікатаў.

Пестыцыды – гэта сінтэтычныя хімічныя рэчывы, якія многія краіны шырока выкарыстоўвалі для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.

Аднак, як высветлілася пазней, прамысловы выпуск гэтых хімікатаў прынёс насельніцтву планеты больш шкоды, чым карысці.

Менавіта пестыцыды, на думку экспертаў ААН, сталі галоўнай прычынай “ціхай катастрофы” – так называюць сённяшні стан глеб у Еўропе. Больш за тое, высветлілася, што стойкасць пестыцыдаў настолькі высокая, а іх распаўсюджванне настолькі глабальна, што іх выявілі нават у арганізмах пінгвінаў Антарктыкі, куды пестыцыды былі занесены паветранымі і акіянскімі патокамі.

 

1586 год. У Англію з Амерыкі упершыню завезена бульба. 

Solanum tuberosum, L. — аднагадовая (у культуры) ці шматгадовая (у дзікім стане) травяністая расліна сямейства паслёнавыя, якая аб’ядноўвае да 150 дзікіх і культурных разнавіднасцей. 

Першымі паспыталі бульбу іспанскія маракі, а потым бульба патрапіла ў Іспанію ў 1551 годзе, потым – у Італію, дзе перуанскі «папу» назвалі «тартуфолі». 

Пасля гэтага бульба патрапіла ў іншыя еўрапейскія краіны як дэкаратыўная расліна. Лічылася, што яна не з’яўляецца здаровай для хрысціян. 

У Рэчы Паспалітай бульба стала вядомая ў XVII стагоддзі. Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасня 1683 года).

Сучасную навуковую назву культуры ў 1596 годзе ўвёў Каспар Баўгін.

Беларуская назва віду паходзіць ад агульнаўжывальнай назвы тапінамбура — «бульва», які быў шырока распаўсюджаны ў Рэчы Паспалітай з першай паловы XVIII стагоддзя і быў выцеснены ў канцы XVIII стагоддзя падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла яго назву (у літоўскай мове «бульба» — bùlvė).

Сярод іншых беларускіх назваў можна згадаць такія, як паслён клубняносны, канцадалы, картопля, картохля, кунада, курдопа, кардока, картошка, картохі, карточка.

Беларусь па вытворчасці бульбы займае звычайна 11-14 месцы ў свеце (1,5%). Больш за беларусаў бульбы збіраюць ў КНР, Індыі, Расіі, ЗША,  Украіне, ФРГ, Бангладэш, Францыі, Польшчы, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, у асобныя гады – у Перу, Канадзе. Амаль столькі ж, як у Беларусі збіраюць ў Егіпце і Турцыі, толькі больш таварнай.

 

1907 год. Нарадзіўся Рыгор Крушына (Казак) 

Беларускі паэт, празаік, крытык. Член літаб’яднання «Маладняк».

З 1944 года жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене на радыё «Свабода». 

Адзін з заснавальнікаў у 1951 годзе Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні». Аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, паэм, апавяданняў, крытычных артыкулаў, нарысаў, у тым ліку пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў.

Упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам. 

Першы беларускі пісьменнік – член Міжнароднага ПЭН-клуба.

Памёр 27 сакавіка 1979 года. Пахаваны на беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

 

1917 год. Магілёўская Стаўка занята войскамі Чырвонай Арміі Мікалая Крыленкі. 

Крыленка адхіліў ад пасады кіраўніка Стаўкі генерала М. Духоніна. Генерал быў арыштаваны і на аўтамабілі прывезены на чыгуначны вакзал, дзе яго адвялі ў вагон Крыленкі, але рэвалюцыйныя салдаты і матросы выцягнулі Духоніна з цягніка і забілі. 

Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага дзейнічала ў Магілёве да 26 лютага 1918 года і была пераведзена ў Арол у сувязі з набліжэннем да горада аўстра-германскіх войскаў. 

У Магілёве на вуліцы Крыленкі, 2 устаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: “Пад яго камандаваннем рэвалюцыйныя войскі ліквідавалі контррэвалюцыйную стаўку ў г. Магілёве 20 лістапада/3 снежня 1917 года”.

 

1918 год. Рада і Урад Беларускай Народнай Рэспублікі пакідаюць Мінск

Перад захопам Мінска бальшавікамі Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым, у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх ваенізаваных фарміраванняў, у Гродна. 

Гародня была сталіцай БНР да верасня 1919 года. 

БНР створана 9 сакавіка, яе незалежнасць была абвешчана раніцай 25 сакавіка 1918 года. Беларуская мова ў якасці дзяржаўнай абвешчана 28 красавіка 1918 года. 

Мела дзяржаўныя атрыбуты: Часовую канстытуцыю (11 кастрычніка 1918), пячатку (28 красавіка 1918), сцяг і герб (чэрвень 1918), пашпарты грамадзян БНР (лета 1918). Галоўным кіраўнічым органам была Рада БНР, выканаўчы орган Народны Сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 года перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР.

Фота: Тэрыторыя БНР

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро: на працягу 3 снежня на паўночным захадзе ад Гомеля савецкія войскі “з баямі занялі больш за 100 населеных пунктаў; сярод іх буйныя населеныя пункты Шапчыцы, Доўск, Свержань, Малашкавічы, Доўцы, Красніца, Каменка Рыскоўская, Хімы, Стоўпня, Вуглы, Буда-Люшэўская, Новая Слабада, Старая Рудня, Пірэвічы, Кругавец, Рудзянка, Скепня і чыгуначная станцыя Салтанаўка… Знішчана звыш 700 нямецкіх салдат і афіцэраў і 8 танкаў праціўніка… Вызвалена 10 тысяч савецкіх грамадзян, якіх немцы вывозілі на катаргу ў Нямеччыну”.


 1955 год. Пры ЮНЕСКА прынята рашэнне аб заснаванні Міжнароднага Агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ). 

Заснавана ў 1957 годзе. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Вене. Агенцтва створана як незалежная міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН, а са з’яўленнем Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі яго праца набыла асаблівае значэнне.

Мэта работы Агенцтва ў краіне — канстатаваць, што працы у мірнай ядзернай галіне не пераключаюцца на ваенныя мэты. Дзяржава, падпісваючы такое пагадненне нібы гарантуе, што не праводзіць даследаванняў ваеннай накіраванасці, таму гэты дакумент і называецца пагадненнем аб гарантыях.

 

1984 год. Адбылася самая страшная хімічная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. 

Каля 4000 чалавек загінулі і тысячы атрымалі калецтвы ў выніку таго, што воблака метылавага ізацыяніду накрыла паселішчы вакол завода карпарацыі “Юніён карбід” па вырабу пестыцыдаў у індыйскім Бхапале.

 

1989 год.  Заканчэнне “халоднай вайны”. 

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш і генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў падчас Мальтыйскага саміта (2-3 снежня) заявілі, што іх краіны больш не з’яўляюцца супернікамі. Гэта адбылося менш як праз месяц пасля падзення Берлінскай сцяны.

1992 год. Дзень нараджэння SMSкі. 

У Вялікабрытаніі адбылася першая ў свеце перадача SMS-паведамлення: супрацоўнік Sema Group Н. Папуорт пры тэставанні новай тэхналогіі перадачы тэксту з персанальнага кампутара на мабільны тэлефон аператара сотавай сувязі Vodafone адправіў свайму калегу паведамленне: “Merry Christmas”. SMS – Short Messaging Service – “служба кароткіх паведамленняў”.

Упершыню ідэя SMS была выказана фінскім інжынерам М. Макконенам яшчэ ў 1984 годзе на канферэнцыі па будучыні мабільных камунікацый у Капенгагене. У 1985 годзе нямецкі даследчык Ф. Хілебранд распрацаваў фармат SMS, які прадугледжваў не больш за 160 знакаў для кожнага паведамлення. У 1989 годзе ідэя перасылкі тэкстаў з дапамогай мабільных тэлефонаў была рэалізавана групай інжынераў, сярод якіх былі Ф. Хілебранд, Б. Жыльбер, Ф. Тросбі, К. Холі, Й. Харыс.

Характэрна, што спачатку SMS адпраўлялі з кампутара, і толькі пазней удалося наладзіць прамую перапіску паміж мабільнымі прыладамі.

Толькі ў нулявыя гады XXI стагоддзя эсэмэскі сталі звыклымі і даступнымі кожнаму.

 

1994 год. Памерла Ірына Ждановіч. 

Беларуская артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатр імя Янкі Купалы. Народная артыстка. Рэжысёр.

У 11-гадовым узросце сыграла хлопчыка ў пастаноўцы «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы, у 14 гадоў была ў штаце Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Выконвала ролі сваіх сучасніц, раскрывала духоўны свет гераінь А. Астроўскага, У. Шэкспіра, Г. Ібсена, Лопэ дэ Вэгі. Значнае месца ў творчасці актрысы занялі ролі ў п’есах А. Маўзона «Канстанцін Заслонаў»,  Максіма Горкага, В. Віткі, Л. Талстога.

 

2002 год. Сур’ёзныя для пачатку зімы маразы былі зафіксаваны метэаролагамі на захадзе Якуціі: мінус 56°С на метэастанцыі Хабардзіна Мірнінскага ўлуса, столькі ж – у Нюрбе і мінус 60°С у гэтым жа ўлусе на метэастанцыі Чумпурук.

Адмоўныя анамаліі былі амаль на ўсім Еўразійскім мацерыку – ад узбярэжжа Ціхага акіяна да Германіі. У Арктыцы, на востраве Візе быў абноўлены гістарычны мінімум –43,7°С. На Еўрапейскай частцы Расіі тэмпература трымалася на 12-22° градусаў ніжэй за норму, у Арэнбургу зафіксавана тэмпература −36,8°С. На Урале і Заходняй Сібіры маразы дасягалі −30 −35°С, ва Усходняй Сібіры да −57°С. У Германіі замерз Дунай, былі спынены рухі суднаў, таўшчыня лёду месцамі дасягала да 70 см, замерзлі лагуны ў Венецыі. 20-30 градусныя маразы назіраліся ва Украіне, Беларусі, Румыніі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літве. У Кітаі тэмпература апускалася да –30 –35°С.

Індыя наперадзе планеты ўсёй па колькасці насельніцтва

Краіна перагнала Кітай і заняла першае месца ў свеце. З-за блытаніны ў падліках сусветныя СМІ не спяшаюцца друкаваць гэтую навіну.

Індыя мае больш за 1,4 мільярда, Кітай – каля 1,3 мільярда жыхароў.

І адбылося гэта, верагодна, яшчэ летам бягучага года.

Па даных лічыльніка насельніцтва Вікіпедыі на 28 верасня 2022 года насельніцтва Кітая складае 1 424 198 000, Індыі – 1 408 334 000 чалавек

Але гэтыя даныя не ўлічваюць хібы ў падліках жыхароў Кітая і Індыі, і ў цэлым, не адпавядаюць рэчаіснасці. Яшчэ ў сакавіку 2022 года насельніцтва Індыі складала 1,415 мільярдаў чалавек. У той час як КНР перабольшала сваё насельніцтва аж на 90 мільёнаў жыхароў. 

Аб гэтым заявіў прафесар І Фусянь з Віскансінскага ўніверсітэта ў Мадзісоне. 

Па яго словах, у Кітаі ў сакавіку жыла 1,29 мільярды, а не 1,38 мільярды, як лічылася. Прафесар сцвярджае, што Індыя апярэджвае Кітай па насельніцтву.

А колькі зараз зямлян?

Ёсць спрэчкі і па колькасці насельніцтва Зямлі. 

Афіцыйна 8-і мільярдны жыхар Зямлі плануе з’явіцца на свет 15 лістапада 2022 года, але некаторыя заходнія інтэрнэт-лічыльнікі зафіксавалі гэты рэкорд яшчэ ў другой дэкадзе ліпеня і на сёння паказваюць лічбу ў 8,021 мільярда.

фота: interfax.ru

Colorfest прайшоў у Магілёве. Гараджане сталі крыху індусамі. Шмат фота

Галоўная традыцыя фэсту – абсыпаць адзін аднаго рознакаляровымі яркімі і лёгка змыўнымі фарбамі. Штогадовая імпрэза праходзіла ў мясцовым Парку атракцыёнаў і традыцыйна сабрала шмат дзяцей і моладзі. Фарбы для мурзання ўдзельнікі куплялі на месцы. Яны бяспечныя, але і каштуюць не танна.

Упершыню Colorfest правялі ў Магілёве ў 2017 годзе. Ён адбыўся на стадыёне існуючага на той момант заводу штучнага валакла. Гэта аддаленая ад людных вуліц мясціна, куды адпраўлялі апазіцыянераў пратэставаць. Апошнія гады фэст праводзяць у Парку атракцыёнаў.

Ідэю правядзення фестываляў фарбы еўрапейцы падгледзелі ў індуісцкай культуры. Свята Holi (Пяшчоты) – адно з найбольш маляўнічых у Індыі і Непале. Бенгальцы з фарбамі адзначаюць сваё навагоддзе і свята вясны.

Упершыню ў Еўропе свята Holi правялі 29 чэрвеня 2012 года ў Берліне. У тым жа годзе, убачыўшы, наколькі спадабалася імпрэза людзям, адбылося яшчэ тры падобныя фэсты. Самы масавы адбыўся ў Мюнхене. На яго прыйшло 10 тысяч ахвотнікаў пабыць мурзатымі ад фарбаў.

Ад 2014 году Colorfest становіцца адным з улюблёных дзействаў еўрапейцаў. Яго сталі праводзяць не толькі на старым кантыненце, але ў Новай Зеландыі і нават Паўночнай Афрыцы.

У Беларусі таксама ўзяліся папулярызаваць свята з індуісцкімі каранямі. Да такога наватарства ў Магілёве мясцовая ўлада паставілася з недаверам, таму і адправіла ахвотнікаў абсыпацца фарбамі на аддалены ад гарадскога цэнтру стадыён, што на вуліцы Чалюскінцаў.

Адаптаваная пад Colorfest свята Holi падаецца як фестываль, дзе ўсе роўныя, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці, узросту і полу. На ім няма месца курэнню і алкаголю – толькі здаровы розум, чыстыя эмоцыі, светлыя пачуцці і жывыя зносіны.