У Індыі сутыкнуліся тры цягнікі, загінулі больш за 300 чалавек

Прычынай буйнейшай за апошнія 30 гадоў катастрофы маглі стаць чалавечы фактар, альбо памылковы сігнал семафора.

У пятніцу вечарам у раёне Баласор ва ўсходнім штаце Індыі Адыша пасажырскі экспрэс “Шалімар – Чэннай Карамандэл” сышоў з рэек і часткова перавярнуўся на суседнія пуці, дзе ў яго ўрэзаўся іншы поезд – экспрэс “Есвантпур – Хаора”, які не паспеў скінуць ход – паведамляе BBC. Зараз вядома пра больш чым 300 ахвяр трагедыі.

Ад 10 да 12 вагонаў аднаго цягніка сышлі з рэек, і абломкі некаторых сапсаваных вагонаў упалі на суседні шлях. У абломкі ўрэзаўся іншы пасажырскі цягнік, які йшоў з супрацьлеглага напрамку, у выніку чаго некалькі вагонаў другога цягніка таксама сышлі з рэек, перадае Guardian словы Амітабха Шармы, пресс-сакратара міністэрства чыгунак.

Пасля гэтага адбылося яшчэ адно сутыкненне, ужо з таварным складам, які стаяў на пуцях.

“Сіла, з якой сутыкнуліся цягнікі, прывяла да таго, што некалькі вагонаў аказаліся цалкам раздушаныя” – распавёў Атул Карвал, кіраўнік Нацыянальных сіл рэагавання на стыхійныя бедствы Індыі.

Адзін з тых, хто выжыў, распавёў індыйскаму навінаваму агенцтву ANI, што, калі здарылася аварыя, на яго ўпалі 10-15 чалавек.

“Я пашкодзіў руку і шыю. Калі я выбраўся з вагона, я ўбачыў, што нехта страціў руку, нехта страціў нагу, а ў кагосьці быў знявечаны твар” – сказаў ён.

У Індыі дзейнічае адна з найбуйнейшых чыгуначных сетак у свеце. Аварыі на чыгунках тут здараюцца дастаткова часта, нягледзячы на тое, што ўлады інвестуюць сотні мільёнаў долараў у паляпшэнне інфраструктуры.

У 1995 годзе каля Нью-Дэлі сутыкнуліся два цягнікі, загінулі 358 чалавек. Гэта стала адной з самых страшных чыгуначных аварый у Індыі. У 2016 годзе пасажырскі цягнік саслізнуў з рэек паміж гарадамі Індаур і Патна, у выніку чаго загінулі 146 чалавек.

У большасці чыгуначных аварый у Індыі вінавата чалавечая памылка або састарэлае сігнальнае абсталяванне. Гэтыя дзве прычыны разглядаюцца зараз як асноўныя версіі падзей, што прывялі да катастрофы. 

Фота: BBC

Найбуйнейшая чыгуначная катастрофа ў Грэцыі, загінулі 32 чалавекі, дзясяткі параненых

Сутыкненне цягнікоў адбылося ў аўторак уначы каля горада Ларыса. 32 чалавекі загінулі, 85 паранены, ратавальныя работы працягваюцца – паведамляюць еўрапейскія інфармацыйныя агенцтвы.  

У Грэцыі сутыкнуліся грузавы цягнік, які рухаўся з Салонікаў у Ларысу, і пасажырскі, які ехаў насусрач з Афін у Салонікі. Загінулі і пацярпелі дзясяткі пасажыраў. Вагоны пасажырскага цягніка, у якім размяшчаліся 350 чалавек, з’ехалі з рэек, а адзін з іх загарэўся. 

Паводле словаў ратавальнікаў, першыя чатыры вагоны пасажырскага цягніка з’ехалі з рэек, а галаўны і другі вагоны амаль цалкам знішчаны. Колы і іншыя дэталі вагонаў раскіданы на дзясяткі метраў.

Ратавальныя работы працягваюцца. Цяжкая тэхніка для разбору расплюшчанага металу адпраўляецца на месца здарэння. Армію прыцягнулі на дапамогу.

Па колькасці ахвяр, гэта самая вялікая чыгуначная катастрофа ў Грэцыі за апошнія дзесяцігоддзі. У выніку трагедыі прынамсі 32 чалавекі загінулі, а 85 паранены. Стан 25 параненых ацэньваецца як вельмі цяжкі. 

Фота з адкрытых крыніц.