У Індыі сутыкнуліся тры цягнікі, загінулі больш за 300 чалавек

У Індыі сутыкнуліся тры цягнікі, загінулі больш за 300 чалавек

Прычынай буйнейшай за апошнія 30 гадоў катастрофы маглі стаць чалавечы фактар, альбо памылковы сігнал семафора.

У пятніцу вечарам у раёне Баласор ва ўсходнім штаце Індыі Адыша пасажырскі экспрэс “Шалімар – Чэннай Карамандэл” сышоў з рэек і часткова перавярнуўся на суседнія пуці, дзе ў яго ўрэзаўся іншы поезд – экспрэс “Есвантпур – Хаора”, які не паспеў скінуць ход – паведамляе BBC. Зараз вядома пра больш чым 300 ахвяр трагедыі.

Ад 10 да 12 вагонаў аднаго цягніка сышлі з рэек, і абломкі некаторых сапсаваных вагонаў упалі на суседні шлях. У абломкі ўрэзаўся іншы пасажырскі цягнік, які йшоў з супрацьлеглага напрамку, у выніку чаго некалькі вагонаў другога цягніка таксама сышлі з рэек, перадае Guardian словы Амітабха Шармы, пресс-сакратара міністэрства чыгунак.

Пасля гэтага адбылося яшчэ адно сутыкненне, ужо з таварным складам, які стаяў на пуцях.

“Сіла, з якой сутыкнуліся цягнікі, прывяла да таго, што некалькі вагонаў аказаліся цалкам раздушаныя” – распавёў Атул Карвал, кіраўнік Нацыянальных сіл рэагавання на стыхійныя бедствы Індыі.

Адзін з тых, хто выжыў, распавёў індыйскаму навінаваму агенцтву ANI, што, калі здарылася аварыя, на яго ўпалі 10-15 чалавек.

“Я пашкодзіў руку і шыю. Калі я выбраўся з вагона, я ўбачыў, што нехта страціў руку, нехта страціў нагу, а ў кагосьці быў знявечаны твар” – сказаў ён.

У Індыі дзейнічае адна з найбуйнейшых чыгуначных сетак у свеце. Аварыі на чыгунках тут здараюцца дастаткова часта, нягледзячы на тое, што ўлады інвестуюць сотні мільёнаў долараў у паляпшэнне інфраструктуры.

У 1995 годзе каля Нью-Дэлі сутыкнуліся два цягнікі, загінулі 358 чалавек. Гэта стала адной з самых страшных чыгуначных аварый у Індыі. У 2016 годзе пасажырскі цягнік саслізнуў з рэек паміж гарадамі Індаур і Патна, у выніку чаго загінулі 146 чалавек.

У большасці чыгуначных аварый у Індыі вінавата чалавечая памылка або састарэлае сігнальнае абсталяванне. Гэтыя дзве прычыны разглядаюцца зараз як асноўныя версіі падзей, што прывялі да катастрофы. 

Фота: BBC