Вечарам 8 лістапада прайшла выязная гульня хакейнага клуба “Магілёў” у Чэмпіянаце Беларусі па хакеі. У Салігорску магілёўская каманда прайграла “Шахцёру”, які займае першы радок у розыгрышы Экстралігі. Пасля 23 гульняў у “Магілёва” 13 ачкоў і ён працягвае знаходзіцца на самым апошнім радку турнірнай табліцы.
– Сёння няма чаго каментаваць. – так выказаўся пра гульню галоўны трэнер “Магілёва” Аляксандр Мацерухін – Нешта пайшло не так. Заўтра разбярэмся.
Першы ў гісторыі матч жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі прынёс перамогу камандзе з усходу краіны. У склад “Бярэзіны” ўваходзяць ураджэнкі Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. 30 кастрычніка яны сустракаліся з камандай “Цытадэль”, складзенай з хакеістак Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, і перамаглі з лікам 3:1. Двума шайбамі адзначылася выхаванка хакейнага клуба “Магілёў”, Аляксандра Войтава са Шклова.
Жаночы чэмпіянат Беларусі па хакеі праходзіць з удзелам трох каманд. Акрамя “Цытадэлі” і “Бярэзіны” выступае таксама каманда “Мінчанка” з жыхарак сталіцы. Сустрэча “Бярэзіны” і “Мінчанкі” пройдзе сёння ў 15.30 на мінскай “Алімпік-Арэне”.
1497 год. Васка да Гама адплыў з Лісабона на чале марской экспедыцыі да берагоў Індыі.
Ён павёў флот з чатырох караблёў з экіпажам у 170 чалавек. Назад вярнуліся толькі 55 матросаў і два караблі.
Партугальцы сталі першымі вядомымі еўрапейцамі, якія 20 мая 1498 года дасягнулі Калікута. Марскі шлях у Індыю быў вынайдзены.
Назад Васка да Гама вярнуўся 29 жніўня 1499 года.
1709 год. Адбылася Палтаўская бітва.
Найбуйнейшая бітва Паўночнай вайны (1700-1721) паміж рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра I і шведскай арміяй Карла XII.
Адбылася за 6 вёрст ад Палтавы. Перамога рускай арміі прывяла да пералому ў вайне на карысць Расіі і спыніла панаванне Швецыі ў Еўропе.
Да таго моманту, калі армія Карла падышла да Палтавы, ён страціў да траціны арміі, яго тылы былі атакаваны лёгкай конніцай Пятра – казакамі і калмыкамі, перад самай бітвай Карл ХІІ быў паранены. Бітва Карлам была прайграна і ён бег у Асманскую імперыю.
У бітве пад Палтавай шведы страцілі звыш 9 000 забітымі і 19 000 палоннымі. Страты рускіх – 1 345 чалавек.
Да гэтага, 9 кастрычніка 1708 года, адбылася першая пераможная бітва рускіх войск над шведамі, пры Лясной, пад Прапойскам (Слаўгарад) – “Маці Палтаўскай бітвы”.
1861 год. Нарадзілася Магдалена Радзівіл (Завіша, 1861-1945).
Арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху, мецэнатка, падарожніца.
Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», адкрывала беларускамоўныя школы.
Памерла 6 студзеня 1945 года ў Швейцарыі.
У ліпені 2017года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Св. Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцыў Мінску.
1910 год. Асобнай кнігай у Пецярбургу выходзіць паэма Янкі Купалы «Адвечная песня».
Першая яго драматычная паэма.
Напісаная пад уплывам народна-песеннай сімволікі і кніжных крыніц. Складаецца з 12 часткаў-праяваў, кожная з якіх распачынаецца і заканчваецца аўтарскай рэмаркай.
Змест паэмы – аналіз жыццёвага лёсу Мужыка, які выступае як галоўны герой паэмы, трагізму яго існавання ў тагачасным грамадстве.
Паэма – твор высокага трагедыйнага гучання. Напісаная песенна-народным складам верша.
1929 год. Нарадзіўся Канстанцін Ціхановіч.
Беларускі графік.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Беларусь». Ілюстраваў творы беларускіх і замежных аўтараў у беларускім пэрыядычным друку.
Выканаў многія станковыя кампазыцыі, у тым ліку «Дом I з’езда РСДРП», «Ад’езд Я. Коласа ў семінарыю», трыпціхі «Памяць», «Хатынь».
Аўтар мемарыяльных медалёў, значкоў, экслібрысаў, дыяфільма «Францыск Скарына».
1941 год. Пад Магілёвам патрапіў у фашысцкі палон генерал Дз. Карбышаў (1880-1945).
Фартыфікатар, найбуйнейшы ваенны інжынер, генерал царскай і генерал-лейтэнант Чырвонай Арміі, доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба.
Патрапіў у палон параненым пад Магілёвам, каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна. Закатаваны 18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маўтхаўзен.
1949 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Завальнюк.
Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурны дзеяч.
Гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.
Быў членам Рады ТБМ. Змагар за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску, паслядоўна праводзіў беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі.
1967 год. Магілёўская вобласць узнагароджана ордэнам У Леніна.
Узнагароджана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за актыўны супраціў насельніцтва ў Вялікай Айчыннай вайне і дасягненні ў пасляваеннай працы народнагаспадарчага комплекса.
Узнагарода ўручана П. Машэравам ў лістападзе 1967 года.
1974 год. Нарадзіўся Андрэй Мезін.
Беларускі хакеіст. Заслужаны майстар спорту Беларусі.
Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лейк-Сіці, 11 чэмпіянатаў свету (1998-2009).
Лепшы брамнік Лігі Антарыа (1995) і Каланіяльнай Лігі (1996). Чэмпіён CoHL (1996) і IHL (1997). Срэбны прызёр чэмпіянату Германіі (1999). Лепшы хакеіст Беларусі (1998, 1999, 2005, 2006).
1974 год. У Валожыне нарадзілася Дзіяна Арбеніна.
Беларуская і расійская спявачка, паэт, музыка, мастачка. Заслужаная артыстка Чачэнскай Рэспублікі.
Сустваральніца групы “Начныя снайперы”. Аўтар больш за 250 песень, больш за 150 вершаў.
З 2014 года мае статус “амбасадара Сусветнага фонду дзікай прыроды у Расіі”, удзельнічала ў творчым дабрачынным праекце “Пакаленне”, адукацыйным праекце “Татальная дыктоўка”.
Асудзіла ўварванне Расіі ва Украіну, неаднаразова выказвалася супраць вайны, з-за чаго ў некалькіх гарадах Расіі былі адменены канцэрты пасля даносаў. У красавіку 2022 года выйшла яе антываенная песня „Не маўчы”.
1993 год. У Мінску, у будынку Тэатра оперы і балета, распачаў працу I з’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня).
Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Мэта – аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы.
Прысутнічала 996 дэлегатаў ад беларускіх арганізацый з Беларусі і беларускіх суполак 22 краін замежжа. На з’ездзе прынята Дэкларацыю аб прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, шматлікія дакументы. Прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» быў абраны Радзім Гарэцкі, старшынёй Рады Ганна Сурмач.
24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
2008 год. Тэлеканал польскага тэлебачання з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах “БЕЛСАТ” пачаў вяшчанне са спадарожніка Sirius.
27 ліпеня 2021 года інфармацыйныя рэсурсы “Белсата” прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкімі”, распаўсюджанне інфармацыі з іх цягне адміністрацыйную адказнасць.
3 лістапада 2021 года прызнаны “экстрэмісцкімі” і інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы “Белсата”.
Сусветны дзень барацьбы з брыдкаслоўем (World Day Against Profanity).
Уведзены, каб паказаць прыгажосць мовы і прадэманстраваць культуру нацыі.
Мэта – прыцягнуць як мага больш людзей да свайго роду ачышчэння мовы ад ненарматыўнай лексікі. Бяда ў тым, што выкараніць ненарматыўную лексіку проста забаронай немагчыма.
Паняцце «ненарматыўная лексіка» некалькі шырэйшае, чым проста брыдкаслоўе, лаянка. Яно ўключае ў сябе і такія паняцці, як «жаргон» і «слэнг», якія ў адрозненне ад нецэнзурнай лексікі не з’яўляюцца забароненымі да ўжывання ў грамадскіх месцах. Яны не ўспрымаюцца як асацыяльныя паводзіны, але, тым не менш, выходзяць за рамкі агульнапрынятых нормаў гаворкі .
Цікавыя факты:
Па колькасці нецэнзурных слоў і выразаў першае месца ў свеце займае англійская мова, другое – галандская, трэцяе – руская.
Чалавек ужывае лаянку ў сярэднім 230 000 разоў на працягу жыцця.
Першае на Беларусі зафіксаванае слова з ненарматыўнай лексікі знаходзіцца на камяні з падмуркаў Сафійскага сабора. Гэты камень захоўваецца пад шкляным кубам у самім саборы.
Існуе міф, быццам бы ў беларускай мове няма нецэнзурнай лаянкі і ўвогуле – яна і не створана для лаянкі. Але насамрэч у любой паўнавартаснай мове прысутнічаюць элементы абсцэнай лексікі, лічаць навукоўцы.
1919 год. На Усебеларускім з’ездзе саветаў прынята першая канстытуцыя Беларусі.
Юрыдычна замацавала ўтварэнне новай савецкай дзяржавы пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі.
ССРБ была ўтворана ў Смаленску 1 студзеня 1919 года, у якасці афіцыйных прызнавала кіруючыя органы ўлады РСФСР. ССРБ не была прызнана аніводнай дзяржавай у свеце, акрамя іншых савецкіх рэспублік і РСФСР.
Канстытуцыя юрыдычна замацавала і асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу, грунтавалася на Канстытуцыі РСФСР 1918 года. У ёй замацоўваліся палажэнні аб савецкай форме ўлады і дыктатуры пралетарыяту. Першай яе часткай стала ленінская Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Абвяшчала адмену прыватнай уласнасці на зямлю і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, замацавала дзяржаўную ўласнасць на лясы, нетры, увядзенне ўсеагульнай працоўнай павіннасці і іншае.
Канстытуцыя складалася з 32 артыкулаў. Асноўны Закон зацвердзіў новыя герб, сцяг.
1920 год. У Рагачове нарадзіўся Саламон Брук.
Этнограф, доктар геаграфічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч навукі. Родапачынальнік этнадэмаграфіі і этнічнай картаграфіі ў СССР.
Працаваў у Інстытуце этнаграфіі імя М. Міклуха-Маклая АН СССР, галоўным навуковым кансультантам Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення СССР па пытаннях уліку нацыянальнага складу пры правядзенні перапісаў насельніцтва краіны.
Адыграў вядучую ролю ў стварэнні фундаментальных выданняў “Колькасць і рассяленне народаў свету”, “Атлас народаў свету”. З’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара энцыклапедычных этнаграфічных выданняў “Народы свету: гісторыка-этнаграфічны даведнік” і “Народы Расіі: энцыклапедыя”.
Памёр у 1995 годзе.
1926 год. Выйшаў першы нумар газэты “Беларускае слова”.
Заходнебеларуская грамадска-палітычная і літаратурная газэта палонафільнай і антыкамуністычнай арыентацыі, друкаваны орган Часовай беларускай рады. Выходзіла да 9 сакавіка 1928 году замест газеты «Грамадскі Голас».
Рэдактарам быў Тодар Вернікоўскі.
Выступала за культурна-нацыянальную аўтаномію беларусаў у Польшчы, беларусізацыю праваслаўнай царквы, далучэнне БССР да Заходняй Беларусі. Змяшчала літаратуразнаўчыя нарысы пра творчасць У. Жылкі, Ядвігіна Ш., К. Буйло, А. Пашкевіч (Цёткі), М. Багдановіча, літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў.
1927 год. Косаўскі расстрэл.
У мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі супраць забароны Беларускай сялянска-работніцкай грамады, закрыцця беларускіх школ, за вызваленне з турмы актывістаў.
На дэманстрацыю выйшла 1 500 чалавек, якія прайшлі па мястэчку, правялі мітынг. Калі ў калоне сярод дэманстрантаў з’явіліся чырвоныя сцягі, польская паліцыя адкрыла агонь.
Загінула 6 чалавек, некалькі дзясяткаў чалавек было паранена.
Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і польскай адміністрацыі.
З косаўскіх падзей распачаліся жорсткія захады польскіх улад на землях Заходняй Беларусі.
1964 год. Памёр Станіслаў Станкевіч.
Беларускі грамадска-культурны дзеяч, паэт, выдавец.
У 1903–1919 гадах працаваў у аптэках Пецярбурга, падтрымліваў сувязі з Б. Эпімах-Шыпілам.
З пачатку 1920-х супрацоўнічаў з Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні, меў уласную беларускую кнігарню. Выдаваў разам з Зоськай Верас адрыўныя беларускія календары, выступаў з літаратурнымі творамі ў перыядычным друку Заходняй Беларусі.
Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, аўтабіяграфічнай паэмы «Лявонава доля».
Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1945 года і сасланы ў Пермскую вобласць, адкуль у Вільнюс вярнуўся у 1954 годзе.
1985 год. Нарадзіўся Андрэй Касціцын.
Беларускі хакеіст, выступае ў КХЛ. Лепшы хакеіст Беларусі 2008 года.
Удзельнік чэмпіянатаў свету 2003, 2004 у першым дывізіёне, 2005, 2006, 2008, 2012, 2014 гадоў у складзе зборнай Беларусі.
Гуляў у NHL за «Манрэаль Канадыенс», «Нэшвіл», з 2012 года выступае за расійскія клубы, фіналіст Кубка Гагарына.
На чэмпіянаце свету ў Остраве 2014 года быў прызнаны адным з лепшых бамбардзіраў.
1989 год. Памёр Анатоль Анікейчык.
Беларускі скульптар.
Прафесар Беларускага дзяржаўага тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яго вучняў вядомыя беларускія скульптары некалькіх пакаленняў: Л. Давідзенка, Г. Буралкін, Г. Гаравая, У. Слабодчыкаў, А. Фінскі, А. Мятліцкі, У. Жбанаў, С. Гумілеўскі, В. Янушкевіч і іншыя.
Шырока вядомы пераважна як скульптар-манументаліст, прымаў удзел у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў: помніка Янку Купале ў Мінску, мемарыяльных комплексаў «Прарыў» на Ушаччыне і «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне, помніка М. Гастэла і яго экіпажу, помніка-бюста Янку Купале ў Араў-парку ў ЗША і іншых.
Стваральнік скульптур Б. Вішкарова, Г. Паплаўскага, Ф. Кастра, Чэ Гевары, П. Машэрава, Г. Ахматавай, П. Чайкоўскага, А. Пушкіна і іншых.
Рамантычнасць светапогляду аўтара адлюстроўвалася у сімвалісцкай статуарнай пластыцы: «Папараць-кветка», «Вясна», «Бессмяротнасць», «Перамога, якая нясе мір».
Анікейчык – адна з выдатных постацей беларускай скульптуры паваеннага часу, поруч з майстрамі айчыннай пластыкі – А. Глебавым, А. Бембелем, З. Азгурам, С. Селіханавым.
1990 год. У Мінску адбыўся першы з’езд Сялянскага саюза Беларусі.
Саюз быў створаны 16 лістапада 1989 года. У студзені 1993 года пераўтвораны ў Беларускі саюз фермераў, 31 мая 2000 года – у Беларускае грамадскае аб’яднанне фермераў.
У 2021 годзе налічвалася 3 462 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, якія мелі 247 400 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку ворыва – 170 600. Фермерскія гаспадаркі па тэмпах роста вытворчасці значна апярэджваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.
2019 год. Памёр Васіль Сёмуха.
Беларускі перакладчык з еўрапейскіх моў.
Сябра рэдкалегіі і адзін з заснавальнікаў серыі “Паэты планеты”. Пераклаў на беларускую мову Біблію, творы Шылера, Гофмана, Грымельсгаўзэна, Ніцшэ, Гесэ, Зюскінда, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Райніса і інш. Яго пераклады выйшлі ў некалькіх кнігах серыі – зборніках вершаў Чакса, Рыльке, Гётэ, Шылера, Бэлшавіцы, Тракля.
Акрамя перакладаў класікаў, рабіў пераклады для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з кіраўніком «Беларускай капэлы» В. Скарабагатавым.
Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.
Яго пераклад «Бібліі» выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.
Масавая бойка пачалася на 28-й хвіліне матча паміж камандамі “Дынама-Шыннік” з Бабруйска і Санкт-Пецярбурскім “Дынама” – калі капітан гасцявой каманды Леанід Бойкаў ткнуў клюшкай у галкіпера бабруйскай каманды. Суддзі прызначылі 204 хвіліны штрафу на ўсіх.
Нягледзячы на гэта, бабруйскім хакеістам удалося вырваць валявую перамогу ў матчы Моладзевай хакейнай лігі, саступаючы 1:3 і давёўшы лік да 6:5 у овертайме. Усе чатыры хатнія гульні бабруйскай каманды ў розыгрышы турніра аказаліся пераможнымі а вікторыя над пецярбуржцамі – бадай, самай яркай.
У лютым гэтыя дзве каманды былі адхілены ад міжнародных турніраў да верасня з-за вайны ва Украіне.
Зборныя Расіі і Беларусі прапусцяць наступны сезон ва ўсіх турнірах Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе, піша выданьне Tribuna.com, спасылаюся на словы журналіста Крыса Пітэрса.
Паводле яго, Расія і Беларусь як і раней не будуць дапушчаны да спаборніцтваў. Рашэнне па іх абнаўляецца ад сезона да сезону.